909

Сяргей Балай: «Калі б 10 гадоў таму я мог трапіць на адукацыйныя курсы – нырку прадаў бы!»

03.04.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

3-4 красавіка ў Вільні падвядуць вынікі навучальнага курса “Фотагісторыя 2:0” – часткі адукацыйнай праграмы ГА “БАЖ” для маладых фатографаў “Лаві момант”, што стартавала яшчэ мінулай восенню.

Зусім нядаўна трэнер Сяргей Балай разам са сваімі навучэнцамі рэалізавалі яркі фотапраект для Tut.by – 9 фотагісторый пра “Гуканне вясны” ў Вязынцы. Пакуль арганізатары вызначаюць, як яшчэ прэзентаваць шырэйшай публіцы найлепшыя дасягненні выпускнікоў, прэс-служба ГА “БАЖ” папрасіла выкладчыка падзяліцца назіраннямі і высновамі адносна адукацыйнага працэсу.

БАЖ: На курсы прыйшлі людзі “з нуля” ці ўсё ж з пэўнай падрыхтоўкай? 

Сяргей Балай: Група падабралася разнастайная: адныя трымалі фотаапарат у руках хіба што на святы, іншыя ўжо займаліся фатаграфіяй. Але галоўнае – усе сышліся ў жаданні даведацца пра жанр фотагісторый болей. Гэта адносна новы і не самы ўдзячны жанр у беларускай фотажурналістыцы: ён патрабуе вялікіх высілкаў, затратаў часу і сродкаў, у параўнанні з рэпартажнай фотажурналістыкай. Трэба ўвайсці ў зону камфорта чалавека, з якім працуеш, часам даводзіцца нават правакаваць яго раскрыцца...    

БАЖ: Як нарадзіўся фотапраект “Гуканне вясны”?

С. Б.: Ідэя зрабіць з адной падзеі некалькі “гісторый” была агучана ў часе навучальнага курса пад кіраўніцтвам Андрэя Паліканава, Таццяны Плотнікавай і Юрыя Козырава, на якім я сам быў слухачом.

Усе мы працуем у навінавай журналістыцы. З года ў год абрад “Гуканне вясны” фатаграфуецца і ў выглядае ў СМІ падобна. Вось мы і вырашылі – не проста з’ездзіць як рэпарцёры ў Вязынку і сфатаграфаваць карагод, птушачак, дзяўчат і г.д., а ўбачыць і перадаць пэўныя акцэнты свята – строі, ежу, музычныя інструменты, удзельнікаў. І я лічу, што атрымалася добра. Нейкія тэмы прапанаваў я, але ўсё ў асноўным усё прыдумалі самі ўдзельнікі курса і рэалізавалі тэму дастойна. Вельмі цэльны праект атрымаўся.

БАЖ: Шмат было “адбракоўкі”?

С.Б.: Мы дамаўляліся, што кожны прынясе апрацаваныя фотаздымкі (ад 10 да 30), мы разам адбярэм найлепшыя фота і складзем гісторыю. Чым глыбей была прадуманая канцэпцыя, чым больш удзельнікі курса над ёй працавалі на этапе планавання, тым лепш выбудоўваўся матэрыял.

БАЖ: Ці можна “вырасціць” прафесійнага фатографа на такіх трэнінгах?   

С.Б.: Я не вучу людзей фатаграфаваць, пра тэхнічныя аспекты мы зусім не размаўляем. Я кажу пра тое, як ствараць праект на канцэптуальным узроўні: пошук тэмы, герояў, планаванне, акцэнты, зона камфорту і выхад з яе. Часам тое, што камусьці падаецца тэхнічным бракам альбо памылкай, ёсць праявай арыгінальнага аўтарскага стылю. Калі б усе людзі фатаграфавалі тэхнічна “правільна”, было б крыху сумна. Усё ж фатаграфія – гэта мастацтва, і яна разнастайная.

Але ў любым выпадку, калі б 10 гадоў таму ў мяне была магчымасць трапіць на якія-кольвек курсы, я б нырку прадаў (смяецца). Я, канешне, перабольшваю. Проста многія фатографы, асабліва ў рэгіёнах, існуюць у сваім замкнёным свеце. Між тым, пашырэнне ўласнага гарызонту вельмі важна для фотажурналіста. Я памятаю майстар-клас сусветна вядомага дызайнера Карыма Рашыда ў Мінску: ён сказаў, што дызайнера, мастака, творцу, немагчыма “адправіць на пенсію”. Толькі “па ўласным жаданні”. Але з гэтым жаданнем прыходзіць, напэўна, і прафесійны фінал.

Можа, я занадта малады, але мяркую, што не бывае такога, каб фатограф сказаў: усё, я дасягнуў вяршыні, можна адпачываць на лаўрах... Пасля гэтага, відаць, варта сыходзіць. З іншага боку, існуе творчая стомленасць...   

У беларускай фотажурналістыцы шмат асобаў яскравых, таленавітых, амбітных. Але заўсёды прыходзяць новыя людзі, якія хочуць чагосьці дабіцца: самарэалізавацца, знайсці працу, свой стыль, стварыць адметны праект, распавесці іншым пра тое, што самому падаецца цікавым. У фотажурналістыцы ўвесь час адбываецца натуральны адбор, і гэта добра, што прыходзяць новыя яскравыя асобы.

Дарэчы, з творчасцю маладых выпускнікоў “БАЖных” адукацыйных курсаў можна было пазнаёміцца таксама ў часе фотавыставы Юліі Мацкевіч “Еўрапейскія гарады вачыма беларускага фатографа. Вільня”. Выстава адкрылася ў канцы лютага ў пасольстве Літвы ў Мінску.