3501

Святлана Калінкіна: Я хацела б зрабіць інтэрв’ю з Лукашэнкам толькі пасля яго адстаўкі

30.04.2016 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ"

Якія сакрэты раскрыла імянітая беларуская журналістка і чаму ўвесь зал смяяўся з “Размовы з Калінкінай”.

“Белсат” распачаў у Мінску цыкл сустрэч з тварамі тэлеканалу. Адкрыла “сезон” нядаўняя шэф-рэдактарка “Народнай волі” Святлана Калінкіна, якая цяпер канчаткова перайшла працаваць на тэлебачанне.

Зорка беларускай журналістыкі крыху распавяла пра працу СМІ ў Беларусі, а таксама падзялілася досведам адносна інтэрв’ю з “лёгкімі” і не вельмі суразмоўцамі.

Напачатку сустрэчы Калінкіна яшчэ раз распавяла, што цяпер асноўнае месца яе працы – “Белсат”, на якім яна і раней вяла вечаровыя перадачы. На думку журналісткі, “Белсат” – дастаткова паспяховы медыяпраект, асабліва папулярны ў вёсках і малых гарадах.

– Гэта вельмі адчуваеш, калі прыязджаеш у якую-небудзь вёску. Тут у людзей няма кабельнага тэлебачання, як у Мінску, таму вельмі многія маюць спадарожнікавыя талеркі і глядзяць у тым ліку “Белсат”. Даходзіць нават да анекдатычных сітуацый. Людзі цябе пазнаюць на вуліцах і на 100% упэўненыя: калі да іх прыехала Калінкіна, значыць, тут адбываецца нешта важнае, – расказвае журналістка.

Далей Святлана Міхайлаўна засяродзілася на сваім любімым журналісцкім жанры – інтэрв’ю.

– Мабыць, гэта любімы жанр наогул усіх журналістаў. Некаторыя калегі адмыслова не робяць ніякіх іншых матэрыялаў апроч інтэрв’ю. Гэты жанр дазваляе вельмі глыбока пранікнуць у чалавека, сапраўды зразумець яго.

Хоць тэлевізійнае інтэрв’ю – дастаткова падступны жанр. Ёсць людзі, з якімі вельмі камфортна размаўляць у студыі. Звычайна гэта медыйныя персоны, вядучыя. Яны самі ведаюць, як трэба падтрымліваць размову, каб яна цікава глядзелася ў эфіры.

А ёсць людзі, проста “не народжаныя” для інтэрв’ю. Яны зусім някепскія – проста ў іх такі склад характару і маўлення, што з імі цяжка зрабіць добрае інтэрв’ю. Асабліва на тэлебачанні. Бо для газеты ты можаш як заўгодна потым пераставіць словы, выбудаваць прыгожы тэкст і гэтак далей. А ў на тэлебачанні так не зробіш, нават калі гэта не жывы эфір.

Аднойчы ў мяне была анекдатычная сітуацыя падчас інтэрвʼю з Францам Мінько. Калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам, Франца Мінько прызначылі ў Міністэрства сельскай гаспадаркі. Ён адказваў за механізацыю і ўзначальваў упраўленне тэхнічнага прагрэсу, быў намеснікам міністра. Цудоўны чалавек. Але на мае пытанні адказваў задам наперад. То нешта ўзгадае, то пасля вернецца да папярэдняга пытання… Карацей, чорт нагу зломіць. Але ў газетным інтэрвʼю журналіст можа нешта дадаць, адкарэктаваць, і ў выніку ў нас атрымалася някепскае інтэрвʼю. Пасля апублікавання ён мне тэлефануе і кажа: маўляў, такое файнае інтэрвʼю ў нас атрымалася, усе мне ў міністэрстве руку паціскаюць і нават з тэлебачання патэлефанавалі ды запрасілі на размову… Я яму параіла не ісці. Ёсць людзі, з якімі зрабіць тэлевізійнае інтэрвʼю амаль немагчыма.

Па меркаванні Святланы Калінкінай, найцяжэй рабіць інтэрвʼю з юрыстамі, дыпламатамі ды эканамістамі. Эканамісты, напрыклад, вельмі часта закідваюць цябе лічбамі, якіх людзі проста не ўспрымаюць.

– А бывае, што нават твае калегі падчас інтэв’ю пачынаюць сябе паводзіць перад камерай вельмі нечакана. Мая размова з Міхалам Залескім – гэта сапраўдны прыклад тролінгу журналіста, – гаворыць Калінкіна і прапануе паглядзець і пасмяяцца з урыўку, які выйшаў у эфір.

– А бываюць сапраўды вельмі цяжкія інтэрв’ю. У 1999 годзе, калі здарылася Няміга, мяне тэрмінова папрасілі зрабіць некалькі сюжэтаў пра гэта для расійскага “Першага канала”. У мяне не было тады амаль ніякага досведу тэлевізійнай працы, але сітуацыя вымагала. І, скажу, гэта былі жахлівыя дні. Маральна забітыя бацькі стаялі пад моргамі, куды прывезлі іх дзяцей, кожны дзень былі пахаванні... Такія матэрыялы рабіць было вельмі цяжка. Амаль немагчыма было стрымаць слёз. Калі мы пераганялі наш матэрыял у Маскву, ад гэтых кадраў плакалі спачатку інжынеры, потым мантажоры, якія рыхтавалі сюжэт, і нават вядучыя. Вось што было сапраўды цяжка.

Па словах Святланы Калінкінай, многія журналісты ў Беларусі кажуць, што хацелі б зрабіць інтэрв’ю з Лукашэнкам. Але сама журналістка гаворыць, што зусім не хацела б гэтага цяпер. Але хацела б стаць першай, хто зробіць гэта пасля яго адстаўкі.

– Я хачу, каб ён сышоў на сваіх нагах, каб не было ў нас крыві і гэтак далей, каб ён мог размаўляць і адказваць на пытанні. Мне падаецца, што пераасэнсаванне таго, што з ім адбылося і што перажыла краіна, было б цікавым. Памятаю, як у Мінск калісьці прыязджаў Савік Шустэр (тады ён яшчэ працаваў на НТВ), каб запісаць размову з Чубайсам і Лукашэнкам. Ад імя Анатоля Чубайса мяне таксама запрасілі ў студыю на запіс гэтай праграмы.

Пасля здымкаў Лукашэнка падышоў да мяне і кажа: “Што вы, Святлана, такая злая?” А я тады была галоўным рэдактарам “Белорусской деловой газеты”, якую закрывалі. І я адказала, што не маю нагодаў яму усміхацца. І дадала: “Калі вы сыдзеце, Аляксандр Рыгоравіч, я прыду да вас браць інтэрвʼю, а вось Павал Ізотавіч – не”, – распавяла журналістка.

Паслухаць выступ Святланы Калінкінай у сталічную кнігарню “Галіяфы” прышлі некалькі дзясяткаў чалавек, сярод якіх былі журналісты, палітычныя актывісты і простыя гледачы “Белсата”. Прадстаўнікі тэлеканала абяцаюць працягнуць традыцыю сустрэч з тварамі выдання і запрасіць у будучым такіх асобаў, як Міхал Залескі, Эдуард Мельнікаў, Алесь Залеўскі і іншых.

Інфармацыя пра гэта абавязкова з’явіцца на нашым сайце.

Больш падрабязны расповед пра сустрэчу са Святланай Калінкінай чытайце ў летнім нумары часопіса ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” “Абажур”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!