1973

Святлана Гарда: Дзякуючы розгаласу ад публікацыі чалавека перасялілі з падвала

21.06.2016 Крыніца: Гутарыў Барыс Гарэцкі

Да Сусветнага дня свабоды прэсы-2016 наш сайт рыхтаваў цыкл публікацый пра тое, як праца журналістаў дазволіла ў лепшы бок змяніць рэчаіснасць, дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў. Журналістам так спадабалася расказаць свае “шчаслівыя гісторыі”, што серыял вырашылі працягнуць.

Сённяшні расповед – ад рэдактара сайта “Медиа-Полесье” Святланы Гарда.

Нядаўна на старонках “Медиа-Полесье” мы распавялі гісторыю пра чалавека, які чатыры гады жыў у падвале аднаго са шматкватэрных дамоў у Мікашэвічах. Як высветлілася, ён збіраў сваю пенсію і дасылаў усё сыну, які жыве ў Мінску. Сам жа чатыры гады жыў у падвале ўласнага дома, пасварыўшыся з жонкай, якая выгнала яго з кватэры. Тут ён арганізаваў сабе ложак, электраплітку, паставіў гадзіннік, радыёпрыёмнік, павесіў паліцы...

І вось падчас рэйду па гарышчах і падвалах мікашэвіцкіх дамоў інспектар райаддзела па надзвычайных сітуацыях раптам наткнуўся на 60-гадовага пенсіянера.

– Ты  што тут робіш? – спытаў інспектар.

– Я тут жыву, – адкрыта прызнаўся мужчына…

Розгалас ад нашай публікацыі дайшоў аж да Генеральнай пракуратуры, адбыўся вялікі “разбор палётаў”, службовыя асобы, якія чатыры гады не заўважалі праблемы, атрымалі сур’ёзныя вымовы.

І вось праз колькі тыдняў мне патэлефанаваў пракурор Лунінецкага раёна і паведаміў, што пенсіянера перасялілі з падвала. Яму прадаставілі месца ў інтэрнаце на той жа самай вуліцы Маладзёжнай у Мікашэвічах, дзе стаяў яго стары дом. Вось так, у тым ліку і дзякуючы журналістам, скончылася чатырохгадовая гісторыя выпрабаванняў гэтага чалавека…

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!