НЕ - ВАЙНЕ!
2959

Святлана Алексіевіч пра Беларусь: Наша рэвалюцыя не перамагла, але героі рэвалюцыі ў нас ёсць

11.12.2015 Крыніца: Дзмітрый Уласаў, БелаПАН

Нобелеўскую прэмію па літаратуры Святлана Алексіевіч прымае "як паклон многіх пакаленняў савецкіх людзей, якія яшчэ нядаўна жылі разам у велізарнай краіне — СССР, марксісцкай лабараторыі "светлай будучыні", як паклон іх пакутам і болю". Пра гэта беларуская пісьменніца заявіла 10 снежня ў Стакгольме на банкеце з нагоды ўручэння Нобелеўскіх прэмій за 2015 год.

"Я ўдзячная Шведскай акадэміі за высокую ўзнагароду, якую не магу сабе прысвоіць", — сказала лаўрэат.

Паводле слоў Алексіевіч, у гады перабудовы "мы марылі пра свабоду, а апынуліся ў зусім іншай кропцы гісторыі". "На постсавецкай прасторы замест свабоды расквітнеў аўтарытарызм розных масцей — рускі, беларускі, казахскі. Павольна і няўпэўнена мы выбіраемся з-пад абломкаў чырвонай імперыі", — зазначыла пісьменніца.

Частку свайго выступлення Алексіевіч прысвяціла Беларусі: "Я хачу расказаць пра маю краіну — Беларусь. У Мінску, у аэрапорце, калі я ляцела ў Варшаву, да мяне падышлі дзве маладыя дзяўчыны, яны плакалі: "Дзякуй вам. Разумееце, мы цяпер ёсць, цяпер усе ведаюць, дзе Беларусь". Гэтае "дзякуй" я перадаю ўсім вам. Пасля жнівеньскага путчу 91-га года, калі Беларусь атрымала незалежнасць, ужо вырасла некалькі пакаленняў. У кожнага з іх была свая рэвалюцыя. Яны выходзілі на плошчу, яны хацелі жыць у свабоднай краіне. Іх збівалі, адпраўлялі ў турмы, выганялі з інстытутаў, звальнялі з працы. Наша рэвалюцыя не перамагла, але героі рэвалюцыі ў нас ёсць. Свабода — гэта не хуткае свята, як мы марылі. Гэта шлях, доўгі шлях. Цяпер мы гэта ведаем".

На думку Алексіевіч, мэта мастацтва — назапашваць чалавека ў чалавеку. "Але калі я была на вайне ў Афганістане і цяпер, калі размаўляла ва Украіне з бежанцамі з Данбаса, я чула, як хутка злятае з чалавека культура і выпаўзае пачвара, агаляецца звер", — зазначыла яна.

"Але я пішу, — падкрэсліла Алексіевіч, — працягваю пісаць, як вучылі мяне мае настаўнікі — беларускія пісьменнікі Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў, якіх у гэты дзень я хацела б успомніць з удзячнасцю, як вучыла мая ўкраінская бабуля, якая ў дзяцінстве чытала мне "Кабзара" Тараса Шаўчэнкі на памяць. Пішу навошта? Мяне называюць пісьменнікам катастроф. Гэта няпраўда, я ўвесь час шукаю словы любві. Нянавісць нас не выратуе, нас выратуе толькі любоў. Я спадзяюся".

Заключную частку прамовы Алексіевіч сказала па-беларуску. "На развітанне я хацела б, каб у гэтай цудоўнай зале прагучала беларуская мова, мова майго народа", — растлумачыла яна.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!