НЕ - ВАЙНЕ!
458

Сузаснавальніка kyky.org і The Village Беларусь Аляксандра Васілевіча вызвалілі пасьля закрытага судовага працэсу

04.02.2022 Крыніца: "Радыё Свабода"

4 лютага ў судзе Савецкага раёну Менску агучылі вырак бізнэсоўцу Аляксандру Васілевічу, якога абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Ухіленьне ад выплаты падаткаў, збораў»).

Судзьдзя Марына Фёдарава прысудзіла яму тры годы калёніі агульнага рэжыму, Васілевіча вызвалілі ў залі суду ў сувязі з заканчэньнем тэрміну прыцягненьня да адказнасьці. Ён адседзеў паўтара года ў СІЗА.

Суд у справе Васілевіча быў закрытым, падрабязнасьці невядомыя. У Фэйсбуку зьявілася фота Васілевіча пасьля суду ўжо на волі. 

  • Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік вядомых онлайн-выданьняў kyky.org і «The Village Беларусь», а таксама ўладальнік агенцтва Vondel/Hepta і былы ўладальнік прасторы «Галерэя Ў».

  • 28 ліпеня 2020 году Васілевіча затрымалі міліцыянты ў будынку КДБ, куды ён разам зь іншымі грамадзянамі прынёс хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня кандыдату ў прэзыдэнты Віктару Бабарыку. Яго асудзілі на 14 дзён арышту за ўдзел нібыта ў несанкцыянаваным сходзе.

  • 28 жніўня 2020 году Васілевіча зноў затрымалі, гэтым разам прадстаўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю.

  • 4 верасьня 2020 году Васілевічу выставілі абвінавачаньне паводле Крымінальнага кодэксу. Дакладны склад і колькасьць артыкулаў абвінавачаньня былі невядомыя да суду з прычыны падпіскі аб невыдаваньні матэрыялаў сьледзтва. У якасьці падазраванай у крымінальнай справе лічыцца і ягоная жонка Надзея Зелянкова.

  • Увесь гэты час Васілевіча ўтрымлівалі ў менскім СІЗА № 1. Там яго прызналі «схільным да экстрэмізму» і паставілі на прафіляктычны ўлік. Яму шмат разоў падаўжалі тэрмін утрыманьня пад вартай. 7 верасьня 2020 году праваабаронцы прызналі Аляксандра Васілевіча палітычным зьняволеным.

  • Акрамя бізнэсу, Аляксандар Васілевіч займаецца яшчэ і пісьменьніцкай дзейнасьцю. Пакуль Аляксандар быў пад вартай, 2 сьнежня 2020 году ў яго нарадзілася дачка Ўршуля. Для яе і першай дачкі Адэлі палітзьняволены пісаў і дасылаў казкі. Дзевяць зь іх жонка Надзея Зелянкова выклала ў інтэрнэце электроннай кніжкай пад назвай «Папа и пингвин».

  • У лістападзе 2021 году Радыё Свабода і Беларускі ПЭН-цэнтар прысудзілі Васілевічу прэмію імя Францішка Аляхновіча, якая ўручаецца за літаратуру, што базуецца на асабістым турэмным досьведзе.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!