2450

Сузаснавальніца ГА «БАЖ» Вера Сцепанішчава: «Журналіст павінен мець законапаслухмянасць, але не такую, што ідзе ад падпарадкавання ўладзе»

22.09.2015 Крыніца: Паводле vitebskspring.org

Вера Сцепанішчава была сярод журналістаў Віцебшчыны, якія трапілі на ўстаноўчы з’езд ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». З нагоды 20-годдзя ГА «БАЖ» яна прыгадала, у якіх умовах стваралася арганізацыя, якімі былі першыя гады існавання віцебскай суполкі і паразважала, куды рушыць сённяшняя журналістыка.

– Тое, што адбывалася тады, у 1990-я, – гэта было такое шчасце! Шчасцем было працаваць нават у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Тады я была супрацоўніцай абласной газеты «Віцебскі рабочы». Калі пачалася перабудова, павеяла свабодай слова.

Антысаветчыцай я не была, але з дзяцінства і па жыцці, і ў прафесіі хацелася быць шчырай. Аднак існавалі правілы. Калі мы ехалі на заданне, нам казалі: «патрабуецца крытычны матэрыял» альбо «патрэбны станоўчы матэрыял». Гэта заўжды выклікала пратэст. І таму з надыходам перабудовы з'явілася магчымасць пісаць тое, што думаеш. Пачаўся гэткі прафесійны кайф...

– ...Нас было чацвёра: Я, Сяргей Навумчык, Сяргей Ласкавец і Андрэй Аліфірэнка. Хто прапанаваў нам ехаць у Мінск на ўстаноўчы з'езд ГА «БАЖ» – не памятаю. Тады я ўжо працавала ў «Народным слове» – пры яго ўтварэнні меркавалася, што гэта будзе дэмакратычная газета, хаця яе заснавальнікам і быў Віцебскі абласны савет дэпутатаў. Нас некалькі чалавек сышло з «Віцебскага рабочага» і арганізавала гэтую газету. Я была намесніцай рэдактара.

Гэта былі абсалютна іншыя ўмовы працы. Гэта была насамрэч свабода слова. Мы друкавалі ўсё, што маглі, без усялякіх абмежаванняў. На працягу пяці гадоў, да 1995 года, ніякай цэнзуры не было. Уявіце – мы наведвалі сходы, на якіх у хвост і грыву, рознымі словамі крытыкавалі рознага ўзроўню кіраўнікоў, у тым ліку і віцебскага мэра Мікалая Федарчука – і мы пра ўсё гэта пісалі. Праўда, потым старшыня аблвыканкама Уладзімір Кулакоў запрашаў да сябе. Запрашаў, а не выклікаў! Цяпер проста б выгналі... А ён, адчуваючы ўсю няёмкасць сітуацыі, пачынаў злёгку папікаць за выказаную крытыку, бо мэр, аказваецца, ягоны сябра. Маўляў – калі ласка, рабіце гэта як-небудзь больш ахайна. Усё было іншым.

– ...Мне падабаюцца адкрытыя дыскусіі, якія разгортваюцца на бажаўскіх з'ездах. Мне вельмі падабаецца атмасфера, якая там пануе. Але, на жаль, уплыў гэты не распасціраецца на ўсе СМІ. Уявіце – у дзяржаўнай прэсе ўжо з'явілася інфармацыя сацыялагічнага апытання, згодна з якім дзейнага прэзідэнта падтрымлівае 76,6 адсоткаў выбарцаў. Ну як гэтым СМІ не сорамна так адкрыта парушаць закон? Журналіст павінен мець сумленне і законапаслухмянасць, але не такую, што ідзе ад падпарадкавання ўладзе...

Поўны тэкст гутаркі – на «Віцебскай вясне»