1874

Сто дзён веславання

23.09.2015 Крыніца: Абажур № 4 (112), падрыхтаваў Сяргей Пульша

Так атрымалася, што напярэдадні 20-й гадавіны БАЖ крыху незаўважна, без асаблівага імпэту, Андрэй Бастунец адзначыў 100 дзён кіравання журналісцкай арганізацыяй. Пасля азначанага тэрміну, як звычайна, можна не толькі задаваць пытанні, але і крытыкаваць нядаўна абранага старшыню. Але, шчыра кажучы, пакуль не бачна, за што. Аднак даведацца, з чым ён сутыкнуўся на новай і, зразумела, адказнай пасадзе, будзе не лішнім. Таму «Абажур» вырашыў пацікавіцца, якія высновы зрабіў наш новы лідар, што збіраецца найперш здзейсніць ці змяніць.

— Андрэй, мінула сто дзён пасля вашага абрання. З аднаго боку, пасля такога моцнага лідара, як Жанна Літвіна, вам павінна быць лёгка: сістэма кіравання грамадскай арганізацыяй адладжаная і можа працаваць, бадай што, аўтаномна. З іншага — гэта яшчэ і павышаная адказнасць: як не знізіць планку, не парушыць тое, што стваралася гадамі. Вы ўжо звыкліся з гэтым цяжарам адказнасці?

— Гэты цяжар адказнасці я адчуваў задоўга да майго абрання, таму і супраціўляўся, як мог, калі мяне вылучалі на гэтую пасаду. Бо я добра ўяўляў, што мяне чакае. З іншага боку, паколькі я ў арганізацыі даўно, яшчэ з мінулага тысячагоддзя, то ўсе пытанні і праблемы для мяне не новыя. Тым больш, што апошнім часам я быў намеснікам старшыні. Таму мне не трэба было, як чалавеку звонку, знаёміцца са справамі, шукаць кантакты з людзьмі, наладжваць стасункі і гэтак далей. Я ведаў усіх, мяне ўсе ведалі. Праблемы ўнутры арганізацыі мне добра вядомыя, як і вонкавыя, калі глядзець увогуле на праблемы медыяў у краіне, — яны таксама добра знаёмыя. Я не «запрошаны антыкрызісны менеджар», які спрабуе кардынальна змяніць сітуацыю. З дапамогай сваіх калегаў я імкнуся захаваць лепшае, што было, і знайсці адказы на тыя пытанні, якія стаяць перад БАЖ, — без рэзкіх рухаў і кіданняў у той ці іншы бок.

— Якія праблемы найперш прыцягваюць вашую ўвагу, як старшыні БАЖ?

— Яны адлюстраваныя ў стратэгічных кірунках дзейнасці БАЖ, якія былі прынятыя на з’ездзе. Для арганізацыі прыярытэтнымі застаюцца праваабарончая дзейнасць, адукацыйныя праграмы, маніторынг сітуацыі ў сферы сродкаў масавай інфармацыі, выдавецкая праца (я маю на ўвазе «Абажур»), развіццё сайта... Таксама плануем, як і раней, праводзіць кампаніі, каб прыцягнуць увагу да пэўных пытанняў. У прыватнасці, кампанію за паляпшэнне доступу да інфармацыі. Закрытасць органаў улады ёсць адной з праблемаў не толькі журналісцкай супольнасці, але і ўсяго грамадства.

Што ж тычыцца іншых хібаў у медыясферы, то сёння б я вылучыў дзве. Першая — гэта значнае пагаршэнне заканадаўства аб СМІ і распаўсюд кантрольных функцый Міністэрства інфармацыі на інтэрнэт. Адзначу, што гэтыя кантрольныя паўнамоцтвы дапоўнены магчымасцю выкарыстання санкцый да інтэрнэт-рэсурсаў, прычым незалежна ад таго, з’яўляюцца яны сродкамі масавай інфармацыі альбо не, беларускія яны альбо замежныя.

Другая праблема — судовы пераслед журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ. Дарэчы, яе агучылі нашы калегі падчас сустрэчы кіраўніка дзяржавы з журналістамі недзяржаўных мас-медыя. Прэзідэнт паабяцаў разабрацца, таму неўзабаве пабачым, ці прывядзе гэта да станоўчага выніку.

Я ж абсалютна перакананы, што пераслед журналістаў-фрылансераў не адпавядае нормам беларускага заканадаўства і, тым больш, супярэчыць міжнародным прававым абавязацельствам нашай дзяржавы ды канстытуцыйным палажэнням.

Ну і, зразумела, застаюцца ўсе нашыя былыя «хваробы» — эканамічная дыскрымінацыя незалежных выданняў, адмовы ў іх распаўсюдзе праз «Беллпошту» і «Саюздрук», праблемы з доступам да інфармацыі і, урэшце, недэмакратычнае заканадаўства ў галіне свабоды выказванняў і жорсткія падыходы пры яго выкарыстанні на практыцы.

— Як у любога чалавека, у вас таксама, пэўна, ёсць жаданні нешта палепшыць у межах аб’яднання… Што вы б хацелі дадаць, удасканаліць у структурнай арганізацыі БАЖ?

— Паўтаруся — у арганізацыі я працую даўно, і тое, што рабілася ў ёй, рабілася ў тым ліку маімі рукамі і з маім удзелам. Ніхто не перашкаджаў мне рэалізоўваць свае ідэі, калі я не быў на пасадзе старшыні. Таму казаць пра тое, што вось зараз прыйшоў Бастунец, мы нешта пераробім, перабудуем і да ровара дададзім яшчэ адно кола, — такога не будзе.

Канешне, ёсць пэўныя задумы, якія павінны паўплываць, у першую чаргу, на ўстойлівасць арганізацыі, на эфектыўнасць працы супрацоўнікаў офіса, на паляпшэнне камунікацыі паміж суполкамі і сябрамі БАЖ.

І яшчэ мне б хацелася, каб голас Беларускай асацыяцыі журналістаў лепш чулі прадстаўнікі ўладных структураў, каб у нас наладзіўся дыялог, а не толькі наш маналог, які часта патанае ў глухой пустэчы. Над гэтым мы таксама будзем працаваць, але тут далёка не ўсё залежыць ад нас і нашага жадання.

— Вось наконт гэтага «дыялога»… За дваццацігадовую гісторыю БАЖ тут было ўсякае: і вулічныя акцыі ў падтрымку ды абарону журналістаў, і збор сродкаў і камп’ютараў для тых рэдакцый, дзе падчас ператрусаў забралі аргтэхніку, і нават кнігі для сяброў БАЖ збіралі і адвозілі ў турму ды калоніі-пасяленні, каб папоўніць тамтэйшыя бібліятэкі. З прыходам да кіравання арганізацыяй вас, юрыста, — урэшце, гэта тычыцца любой арганізацыі — падсвядома ўзнікае перасцярога, што ўся дзейнасць можа звесціся да перапіскі з уладнымі органамі і вырашэння ўсіх праблемаў праз судовыя ды іншыя інстанцыі…

— Ці не буду я «штурхаць» БАЖ у гэтым кірунку? Пакуль што атрымліваецца якраз наадварот. Для мяне было пэўнай нечаканасцю, наколькі змяняецца характар маёй працы. Калі раней я больш часу прысвячаў юрыдычным пытанням, — можа, гэта было і лепш, бо я ўсё ж найперш юрыст, — то зараз сутыкаюся з тым, што больш часу ў мяне займаюць іншыя праблемы, перадусім арганізацыйныя. Таму я ўжо не магу прысвячаць прававой дзейнасці столькі часу, як раней, і часткова перакладаю яе на плечы іншых калег, сяброў Праўлення асацыяцыі. Хаця, зразумела, і сам працягваю займацца юрыдычнымі пытаннямі. Бо, як я ўжо казаў, прававая дапомога сябрам БАЖ, абарона іх падчас канфліктных сітуацый застаюцца адным з прыярытэтных кірункаў дзейнасці арганізацыі. Не таму, што я юрыст, — сітуацыя прымушае.

Але гэта не значыць, што іншыя напрамкі дзейнасці застануцца ў заняпадзе. Тым больш, што планаванне дзейнасці арганізацыі не ёсць прэрагатывай старшыні. Вось з’езд распрацаваў стратэгічныя кірункі, Рада вызначыла тактычныя захады па іх рэалізацыі, Праўленне кожны месяц абмяркоўвае канкрэтныя дзеянні на бліжэйшы час… Дарэчы, кожны з сяброў арганізацыі, які мае пэўныя ідэі ці прапановы, можа звярнуцца ў цэнтральны офіс ці ў мясцовую філію, каб абмеркаваць іх і потым ажыццявіць. Заўважу, што рэгіянальныя суполкі, іх актывісты шмат у чым вызначаюць дзейнасць нашай арганізацыі.

— Вы ў БАЖ з 1998 года. Калі казаць пра 20-годдзе арганізацыі, кожны сябра для сябе ўзгадвае нешта адметнае. Што вы лічыце дасягненнямі арганізацыі, і якія выклікі паўстануць у далейшым?

— Я памятаю, якою была БАЖ, калі я прыйшоў. Тады ўсе, у тым ліку Жанна Мікалаеўна, недзе працавалі, апроч БАЖ. То бок пасада старшыні была чыста грамадскай, на валанцёрскіх пачатках працавалі і іншыя актывісты асацыяцыі.

З цягам часу БАЖ паступова станавілася прафесійнай арганізацыяй як з пункту гледжання працы супрацоўнікаў офіса, так і ў сэнсе стаўлення людзей да агульнай справы. І за гэтыя гады, я лічу, БАЖ стала адной з галоўных арганізацый у грамадзянскім сектары Беларусі. Тыя шматлікія ўзнагароды, якімі адзначылі нашу дзейнасць, гэта пацвярджаюць: «Залатое пяро свабоды», якое БАЖ атрымала ў 2003 годзе ад Сусветнай асацыяцыі газет, прэмія Сахарава ад Савета Еўропы ў 2004-м, «Прэмія Свабоды» Атлантычнага Савета ў 2011 годзе… Пацвярджае гэта і рост даверу журналістаў да арганізацыі. 20 гадоў таму яе заснавалі менш за 40 чалавек, а сёння ў БАЖ больш за 1200 сяброў.

— А выклікі?

— Выклік у нас, па вялікім рахунку, адзін. Гэта рэзкае ўзмацненне кантролю дзяржавы ва ўсіх сферах жыцця. У галіне медыя гэта выяўляецца ў тым, што ўлады, увёўшы жорсткі кантроль над традыцыйнымі СМІ, апошнім часам дабраліся да кнігавыдавецтва, сістэмы распаўсюду незалежных друкаваных выданняў, інтэрнэту...

А з 1 студзеня наступнага года ўводзіцца кантроль не толькі за інтэрнэт-рэсурсамі, але і за іх карыстальнікамі: беларускія правайдэры мусяць усталяваць праграмнае забеспячэнне, якое дазволіць адсочваць дзеянні карыстальнікаў і захоўваць гісторыю іх паводзінаў у Байнэце.

Прастора свабоды сціскаецца, як шагрэневая скура, і гэта і ёсць нашай галоўнай агульнай праблемай.

Вядома, высілкамі толькі БАЖ і нават усёй журналісцкай супольнасці гэтую праблему вырашыць немагчыма. Але і памяншаць важнасць нашых дзеянняў не трэба. Нягледзячы на тое, што дзяржава крок за крокам захоплівае новыя пазіцыі, незалежныя СМІ, грамадскія арганізацыі, БАЖ працягваюць выконваць свае асветніцкія ды праваабарончыя функцыі.

Дарэчы, рэгулярныя рэйтынгі даверу СМІ, якія складаюць сацыялагічныя цэнтры, паказваюць, што ўзровень даверу да дзяржаўных і недзяржаўных СМІ прыкладна аднолькавы. І гэта пры абсалютна несупастаўляльных рэсурсах недзяржаўных і дзяржаўных медыяў.

— То бок наш поспех — як у Курта Ванегута: «У чым дасягненне чалавецтва? У тым, што, нягледзячы на ўвесь ягоны досвед і гісторыю, яно выжыла і мае намер выжыць далей»?

— Прыкладна так. Увогуле, калі пытаюцца пра планы і перспектывы, я заўсёды ўзгадваю пачатак 2000-х гадоў. Тады на адным са з’ездаў БАЖ была прынятая праграма, якая мела назву «Ад тактыкі выжывання да стратэгіі інфармацыйнага лідарства». Пасля гэтага рэзка ўзмацніўся ціск на недзяржаўныя СМІ, больш як 20 незалежных медыяў вымушаны былі прыпыніць свой выхад на тры месяцы з прычыны санкцый Міністэрства інфармацыі, пасля чаго далёка не ўсе з іх здолелі ўзнавіць сваю дзейнасць. Тады ж быў выбіты з абоймы адзін з флагманаў недзяржаўных СМІ краіны — «Белорусская деловая газета». Колькасць недзяржаўных грамадска-палітычных СМІ, якіх на 2000 год налічвалася каля 60, праз «пяцігодку» паменшылася ўдвая. І казаць пра «інфармацыйнае лідарства» альбо ўзгадваць тую праграму можна цяпер толькі з прыкрай усмешкай…

Трэба рабіць тое, што трэба — і хай будзе, што будзе. Спадзяюся, што ўсё ж такі будзе лепш.