735

Старыя граблі. Што ўлады робяць не так у сваім клопаце пра інфармацыйную бяспеку Беларусі

19.04.2019 Крыніца: Алена Ляшкевіч для Baj.by

Усё той жа падзел на "чэсных" і "нячэсных".

Кіраўнік ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец, культуролаг, сябра Рады Ліберальнага клуба Вадзім Мажэйка, дырэктар Press Club Belarus Мікалай Анішчанка абмеркавалі хібы ўлады ў намерах абараніць інфармацыйную бяспеку Беларусі.

— У дзяржаўнай палітыцы ў сферы інфармацыйнай бяспекі можна выдзеліць тры асноўныя накірункі: умацаванне дзяржаўных СМІ, змяншэнне ўплыву ўнутранага недзяржаўнага медыяполя, змяншэнне вонкавага інфармацыўнага ўплыву. Пасля 2014 года ўмацаванне дзяржаўных СМІ выяўляецца у пабудове новай “медыйнай вертыкалі, — акрэсліў свае высновы з працэсаў, што назіраюцца ў медыйнай сферы Беларусі, культуролаг Вадзім Мажэйка.

Узброены канфлікт на ўсходзе Украіны, разгорнутая прапагандысцкая кампанія з боку Расіі вымусілі Аляксандра Лукашэнку яшчэ ў 2016 годзе публічна заявіць пра важнасць інфармацыйнай бяспекі. Тады ж былі пашыраныя паўнамоцтвы прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы. Цяпер ён каардынуе працу дзяржаўных СМІ, удзельнічае ў паседжаннях Савета міністраў, фактычна, прыроўнены да міністра, можа даваць загады ідэалагічнай вертыкалі.

“Назіраецца змяшчэнне функцый Міністэрства інфармацыі да прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы. Пастаўленыя задачы ўмацаваць пазіцыі дзяржаўных СМІ праз павелічэнне іх уплыву ў інтэрнэце, папулярызацыю дзяржаўнага тэлебачання, — гаворыць Мажэйка. — Разам з тым узмацняецца ціск на недзяржаўныя медыя: “справа БелТА”,  блакіроўкі сайтаў, выемка з распаўсюду папяровых выданняў, вобшукі ў офісе “Белсата”…”

Аднак такія падыходы вядуць толькі да аслаблення інфармацыйнай бяспекі дзяржавы. Бо медыярынак, дзе толькі адзін гулец (манапаліст), якому людзі мала давяраюць, адкрыты да прыходу гульцоў звонку.

Мажэйка параіў уладам спыніць механічнае дзяленне СМІ на дзяржаўныя і недзяржаўныя, лаяльныя і нелаяльныя; спыніць карныя меры, бо яны неэфектыўныя і шкодзяць міжнароднаму іміджу Беларусі; шукаць агульныя кропкі паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ.

— Галоўнае, каб трактоўка накірункаў і мер, прапісаных у Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі, не прыводзіла ў выніку да аслаблення гэтай бяспекі, — заўважыў Мажэйка.

 

У сваім выступе кіраўнік ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец нагадаў, што яшчэ ў 2016-м годзе эксперты, аналізуючы заканадаўчыя акты і практыкі іх прымянення, прыйшлі да высновы, што асноўная пагроза інфармацыйнай бяспецы Беларусі — гэта Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, якая грунтуецца на саюзніцкіх адносінах з Расіяй, пабудове бар’еру на заходняй мяжы і адсутнасці бар’еру на Усходзе.

— З пачатку 2000-х гадоў пачалося перафарматаванне тэлевізійнай прасторы Беларусі. Цяпер мы бачым у асноўных тэлеаператараў гібрыдныя каналы кшталту “НТВ-Беларусь”, “РТР-Беларусь”. У Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі ёсць раздзел па інфармацыйнай бяспецы. Таму фактычна ў нас цяпер два дакументы, якія рэгулююць інфармацыйную бяспеку.

У новай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі Беларусі кожны можа знайсці тое, што хоча, нават чаго там няма.

Бо гэта метадалагічны дакумент. Нарматыўныя акты, якія будуць прымацца на яго аснове, будуць залежаць ад бягучай эканамічнай сітуацыі. Новая Канцэпцыя адсылае да Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, асноўнае адрозненне паміж імі ў тым, што ў новым дакуменце добра прапісаны раздзел па кібербяспецы. Грунтоўных зменаў у раздзеле па медыяпрасторы я не бачу, — адзначае кіраўнік ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец.

Наўпроставым тэкстам у дакуменце пазначана фінансавая падтрымка дзяржаўных СМІ і ўзмацненне кантролю за іншымі медыягульцамі. Кожны ўжо бачыць змены ў практыцы прымянення юрыдычных дакументаў: 2017 і 2018 гады былі цяжкімі для незалежных медыя і блогераў. І тэндэнцый да паляпшэння сітуацыі не бачна.

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП (табліца) АБНАЎЛЯЕЦЦА

Андрэй Бастунец згадаў нядаўняе даследаванне ГА “БАЖ” дзяржаўных СМІ на прадмет наяўнасці там матэрыялаў прарасійскай прапаганды. Даследаванне яшчэ раз пацвердзіла, што найбольш папулярныя тэлеканалы (з абавязковага пакету аператараў) у прайм-тайм дэманструюць 60, калі не больш, адсоткаў кантэнту расійскай вытворчасці. А калі ўзяць не колькасць перадач, а час, які яны займаюць, то лічба атрымліваецца яшчэ большая.

Продвижение «русского мира» идет через белорусские ТВ-каналы — БАЖ презентовал мониторинг пророссийской пропаганды

Маніторынг: За апошнія два гады істотна павялічылася колькасць сайтаў, якія публікуюць антыбеларускія матэрыялы

— Мне здаецца, у такой сітуацыі складана казаць пра супрацьстаянне дзяржаўных беларускіх СМІ вонкавым пагрозам. Яны здольныя не прапусціць у эфір фільмы, што ўтрымліваюць крытыку беларускай улады, але мы застаемся ў культурным, гістарычным, эмацыйным полі, якое ствараецца расійскімі гульцамі, — падкрэслівае Бастунец

 

“Што напісана, дэкларуецца і робіцца — гэта тры розныя рэчы. У выніку атрымліваем добраўпарадкаванне медыйнага ландшафту. Дэкларуем абарону ад чужога інфармацыйнага ўплыву, а рэальна атрымліваем “справу БелТА”, скіраваную супраць унутранага, устойлівага і прыбытковага гульца. Не супадае тое, што на паперы, і практыка. Гэта праблема з выканаўцамі ці свядомы падрыў інфармацыйнай бяспекі?”, —  задаецца пытаннем дырэктар Прэс-клуба Мікалай Анішчанка.

Ён заўважае, што часта асобныя аўтары дзяржаўных СМІ папросту правакуюць сацыяльна-палітычную напружанасць, калі асвятляюць праблемныя тэмы. А некаторыя пункты ў Канцэпцыі і ўвогуле спазніліся год на пяць.

“Развіваць нацыянальнае тэлебачанне — істотна, але яго аўдыторыя старэе і маргіналізуецца. А бітву за інтэрнэт дзяржаўны сектар прайграў незалежным медыям. У Канцэпцыі згадваецца слова “канвергенцыя”. Пра яе казалі, калі я паступаў на журфак у 2002-м годзе. І вось урэшце гэты панятак з’яўляецца ў афіцыйных дакументах. Шмат пытанняў, карацей”, — рэзюмуе Мікалай Анішчанка.

Падчас дыскусіі абмяркоўвалі прагнозы і рэкамендацыі, тэмп магчымых пераменаў у галіне медыя. Натуральна, найбольш пытанняў закраналі палітыку інфармацыйнага ўплыву Расіі. Падаем некаторыя моманты дыскусіі.

 

Што такое ідэальная інфармацыйная бяспека і нацыянальны кантэнт?

Разважаючы на гэтую тэму Вадзім Мажэйка заявіў, што гэта найперш кантэнт, выраблены не проста ў Беларусі, а з улікам нацыянальных інтарэсаў.

На што Андрэй Бастунец згадаў пастанову пра абавязковыя 70 адсоткаў беларускай музыкі на радыё, тады ж менеджары пачалі вышукваць беларускія карані ў розных выканаўцаў. І знаходзілі.

“Лепш хай бы было 20 адсоткаў, але беларускамоўнай прадукцыі. Паводле даследаванняў, менавіта аўдыторыя кантэнту на нацыянальнай мове найменш схільная трапляць пад уплыў прарасійскай прапаганды. Гэта тычыцца не толькі Беларусі, але і Украіны, Грузіі, Арменіі...”

У сваю чаргу Мікалай Анішчанка заўважыў, увогуле лепш казаць пра дыверсіфікацыю крыніц інфармацыі, чым пра нацыянальны кантэнт.

Як хутка б памянялася сітуацыя ў медыя, калі б быў дадзены карт-бланш на змены?

Вадзім Мажэйка: Калі паглядзець укладку “Трэнды” на беларускім Youtube, то там, часцей за ўсё, кантэнт, выраблены ў Расіі, да таго ж на тэлебачанні. А падавалася б, што аўдыторыя маладая і вольная ў сваім выбары. Яе густы не памяняць адміністрацыйна. Каб трэнд змяніўся, адбылася дыверсіфікацыя крыніц інфармацыі ў большасць насельніцтва, трэба пэўны час і якасны альтэрнатыўны кантэнт.

Андрэй Бастунец: З абломкаў хлява можна пабудаваць толькі іншы хлеў. Тая сістэма, што склалася за апошнія 25 год, не можа быць рэфармаванай. Яе трэба цалкам змяняць, павінны быць прыватызаваны дзяржаўныя медыі, скасавана Мініністэрства інфармацыі. Павінны з’явіцца іншыя людзі пры ўладзе, здольныя гэта зрабіць. І тады змены адбудуцца даволі хутка.

Мікалай Анішчанка: Варта памяняць падыход да медыяў на ўзроўні дзяржавы, а на гэта трэба палітычная воля. Улады мусяць перастаць бачыць грамадзяніна як крышталёвы сасуд, які трэба напоўніць ідэалагічна выверанным кантэнтам. Чытач не дурань, яму трэба даць інфармацыю, а высновы ён зробіць сам.

Удзельнікі сустрэчы ў чарговы раз нагадалі пра захады, якія спрыяюць інфармацыйнай бяспецы. Гэта —  медыяадукацыя насельніцтва, развіццё медыяграматнасці, даследаванні, папулярызацыя стандартаў прафесіі, дыялог розных бакоў, напрацоўка экспертных рэкамендацый, плюралізм меркаваняў, роўныя ўмовы канкурэнцыі ды інш.