875 2

Старыкевіч: Камісію па этыцы БАЖ спрабуюць ператварыць у прыладу для звядзення асабістых рахункаў

18.04.2017 Крыніца: Аляксандр Старыкевіч для baj.by

Кааператыў па нарыхтоўцы скаргаў

Чарговая калектыўная скарга на “Нашу Ніву” ўжо ўвайшла ў мой асабісты ТОП-3 найбольш абсурдных прэтэнзій да медыя. Глядзіце самі. 28 падпісантаў палічылі, што "НН" нібыта неэтычна асвятляла ўганараванне лаўрэатаў прэміі “Кніга года — 2016”. На чым грунтуецца гэты дакор?

Першы папрок тычыцца слова “нечаканасць” у загалоўку. Так "НН" ахарактарызавала тое, што прэмію “Кніга года — 2016” атрымаў не Андрусь Горват, а зборнік вершаў Насты Кудасавай.

Заяўнікі сцвярджаюць, нібыта “загаловак ставіць пад сумнеў вартасць зборніка паэзіі Насты Кудасавай, а таксама відавочна эксплуатуе папулярнасць кнігі Андруся Горвата для прыцягнення ўвагі, павышэння клікабельнасці анлайн-матэрыялу”.

То бок журналістам закідаецца тое, што яны імкнуліся прыцягнуць увагу да матэрыялу, каб яго прачытала як мага больш наведвальнікаў сайта! Гэта, канешне, “злачынства”, вартае самага сур’ёзнага пакарання.

Выглядае, што падпісанты ніколі не чулі не толькі слова “плюралізм”, але і пра артыкул 33 Канстытуцыі: “Кожнаму гарантуецца свабода поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне”. Калі "НН" палічыла вынікі прэміі “нечаканасцю”, то магла мець рацыю, магла — не. Але ў любым разе скардзіцца на яе за гэта дзіўна і смешна. Ці, з пункту гледжання заяўнікаў, мы ўсе мусім мець “адзіна слушнае меркаванне”?

Другая прэтэнзія: "НН" напісала, што ўдзельнік журы Альгерд Бахарэвіч прагаласаваў за кнігу сваёй жонкі Юліі Цімафеевай, а Юлія Цімафеева —  за кнігу мужа Альгерда Бахарэвіча. Прабачце, але гэта праўда. Прычым факт пададзены рэдакцыяй нават без нейкага каментара.

Тым не менш рэзюмэ падпісантаў гэткае: публікацыі "НН" ініцыююць цкаванне ў інтэрнэце пэўных публічных асобаў, што агульнапрызнана разнавіднасцю псіхалагічнага гвалту; рэдакцыя сістэмна парушае прафесійныя стандарты журналісцкай працы, дэзарыентуе аўдыторыю, правакуе грамадскія канфлікты, стварае атмасферу варожасці ў беларускім культурным полі.

Асаблівую пікантнасць справе дадае, што сярод заяўнікаў — усё кіраўніцтва беларускага ПЭН-цэнтра: старшыня Андрэй Хадановіч і тры ягоныя намеснікі. І гэта асабліва прыкра хаця б таму, што не магу ўявіць сабе, каб Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін ды іншыя волаты нацыянальнай літаратуры апусціліся да калектыўнай скаргі на незалежнае медыя — тым больш з нагоды, якая высмактаная з пальца. А для сучаснікаў — гэта нармальна. Аднак гэты зварот хутчэй характарызуе іх, чым "НН".

Дарэчы, гэта ж трэба было час выдаткаваць, каб 28 подпісаў сабраць. Нехта ж самаахвярна ўзяў на сябе гэтую працу, нібы для беларускай літаратуры і краіны няма сёння большай праблемы, чым дзве маленечкія нататкі "НН".

І вось менавіта тут, на маю думку, трэба шукаць карані “масавага абурэння”. Бо на маёй памяці гэта ўжо трэцяя калектыўная скарга на "НН". Мінулым разам нагодай сталася тое, што рэдакцыя нібыта зняважыла гонар… расійскай порназоркі!
Дык вось, калі параўнаць спісы падпісантаў, то высвятліцца цікавая акалічнасць. Некаторыя асобы падпісаліся ва ўсіх трох выпадках. Выглядае, што існуе касцяк, які мае асабістыя крыўды на "НН" і праз гэта ініцыюе скаргі, далучаючы да сваіх зваротаў “масоўку” — дзеля большай важкасці.

Такім чынам, створаны свайго кшталту кааператыў па нарыхтоўцы скаргаў. На маю думку, гэтыя людзі спрабуюць скарыстаць камісію па этыцы ГА "БАЖ", каб пад выглядам барацьбы за прафесійныя стандарты звесці асабістыя рахункі з незалежным медыя.

***

Меркаванне аўтара не зяўляецца афіцыйнай пазіцыяй ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Сайт Baj.by на сваіх старонках прапануе выказвацца па тэме.

Стась Карпаў: Не патрабуйце забараняць і караць ад імя і па даручэнні

Цімафеева, Хадановіч, Мартысевіч і яшчэ 25 чалавек звярнуліся ў Камісію супраць “Нашай Нівы”

Каментары

А жалобу на "гей-славян" от правового центра "Весна" уважаемый редактор сознательно не заметил на сайте БАЖ, чтобы колонка красиво выглядела?

Паважаны аўтар (чыё меркаванне, вядома, не "з'яўляецца афіцыйнай пазіцыяй ГА", хоць ён і нам. старшыні), засяродзіўшыся на ўяўным "кааператыве па нарыхтоўцы скаргаў", хітрамудра абмінуў пытанне: ці дапушчальна для кіраўніцтва "НН", якое ўваходзіць у БАЖ, адмовіцца ад супрацоўніцтва з камісіяй па этыцы, выбранай на з'ездзе арганізацыі? Аналагічнае пытанне задаваў Андрэю Б.: https://baj.by/be/analytics/litaratary-suprac-nashay-nivy-redakcyya-supr... Уцямнага адказу не было.
Натуральна, не спадабаўся гэты сказ: "Мінулым разам нагодай сталася тое, што рэдакцыя нібыта зняважыла гонар… расійскай порназоркі!" І не "мінулым разам", і не "нібыта" (рашэнне камісіі па этыцы было не на карысць "НН"), і не порназоркі. Не спадабаўся, але не здзівіў. Калі старшыня суполкі не хавае грэблівасці ў дачыненні да "свайго" статутнага органа, чаго чакаць ад намесніка?