3422

Анатоль Гатоўчыц: На маім крэсле сядзелі Лукашэнка і Алексіевіч

09.03.2016 Крыніца: Мікола Бянько для baj.by

Без Анатоля Гатоўчыца немагчыма ўявіць гомельскую журналісцкую супольнасць. Цяжка знайсці ў вобласці журналіста, які праехаў бы столькі кіламетраў па Гомельшчыне ў пошуках цікавых матэрыялаў, як гэта рабіў і робіць герой нашай публікацыі. Калі Аляксандр Лукашэнка яшчэ не быў прэзідэнтам, Анатоль Гатоўчыц ужо меў вышэйшую ўзнагароду беларускага журналіста — ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.

Насуперак уяўленням журналістаў малодшай генерацыі Анатоль Гатоўчыц жыў у Гомелі не заўсёды. Сябе ён называе літвінам, бо карані ягонай сям'і — на Берасцейшчыне. Калі дакладней, нарадзіўся будучы старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” у Ляхавічах.

Працоўны шлях Анатоля Гатоўчыца пачаўся на Берасцейшчыне, дзе ён працаваў у раённай газеце "Сельская праўда".

"У тыя часы праўды было так шмат, што кожная другая газета называлася праўдай, — жартуе Анатоль Гатоўчыц. — Я сам быў перакананы да нядаўняга часу, што ўсё жыццё працаваў карэспандэнтам, але выявілася, калі паглядзеў запісы працоўнай кніжкі, што кар'ера пачалася з загадчыка аддзела лістоў і масавай работы".

У часы маладосці Анатоля Іванавіча прафесіі журналіста вучылі толькі ў Беларускім дзяржуніверсітэце. Патрабаванні тады да абітурыентаў і студэнтаў былі высокімі, таму па выхадзе са сценаў альма-матэр у выпускнікоў быў добры шанец на працаўладкаванне.

Потым у жыцці Анатоля Гатоўчыца быў этап навучання ў Вышэйшай партыйнай школе, дзе, акрамя партработнікаў, засвойвалі хітрасці навуковага камунізму выдаўцы і журналісты. Пасля заканчэння гэтай навучальнай установы Гатоўчыца накіравалі на працу ў галоўнае выданне рэспублікі — "Советскую Белоруссию".

У 1980-м годзе ў краіне не было нават і адчування, што наперадзе — Перабудова, Чарнобыль і распад СССР. Таму газета "Советская Белоруссия" не магла не ісці ў фарватары камуністычнай ідэалогіі, хаця, як заўважае Анатоль Гатоўчыц, ягонае выданне не было рэакцыйным.

"Нейкія партыйныя каноны, вядома, у матэрыялах мусілі быць вытрыманыя, але мы ў сваёй працы абапіраліся на прынцыпы аб'ектыўнасці і грунтоўнасці. Я не памятаю чагосьці такога, што было напісана ў тыя часы, за што газету можна было вінаваціць у рэакцыйнасці", — згадвае Гатоўчыц. Паводле суразмоўцы, у той час у "Советской Белоруссии" згуртаваліся ці не найлепшыя прадстаўнікі журналісцкай прафесіі краіны. Дарэчы, цяперашні рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч на момант з'яўлення ў рэдакцыі Анатоля Гатоўчыца загадваў у газеце аддзелам "Сельскае жыццё".

Статус савецкага журналіста

З'яўляючыся карэспандэнтам "Советской Белоруссии", герой публікацыі правёў многа дзён у камандзіроўках па краіне. У Віцебск і Гродна тады журналісты лёталі на самалётах. У Брэст было зручней даязджаць цягніком. Але аднойчы лёс звязаў Анатоля з горадам над Сожам. "У той час у мяне ўжо была сям'я, а кватэрнае пытанне не вырашалася. Я падышоў да рэдактара, каб спытаць, ці ёсць у мяне шанец на атрыманне жытла. Мне сказалі, што такі варыянт ёсць, але ў Гомелі", — распавядае Анатоль Гатоўчыц. Пасля яму прапанавалі з'ездзіць у гэты абласны цэнтр, дзе якраз з'явілася вакансія ўласнага карэспандэнта "Советской Белоруссии".

У 1980-я статус журналіста галоўнага рэспубліканскага выдання быў высокі.

"Тады наменклатура лічыла ледзьве не справай гонару сустрэць уласнага карэспандэнта "Советской Белоруссии" з вялікай пашанай. Відаць, разлічвалі на прынцып "чым лепей сустрэнеш, тым лепей пра цябе напішуць". Але часцяком было інакш, — дадае Анатоль Іванавіч. — Спрабавалі і абедамі шыкоўнымі частаваць, і нават алкаголь прапаноўвалі, але ў такім выпадку трэба было адразу сказаць гаспадарам, што праца перадусім".

Выпадкаў цэнзуравання ягоных артыкулаў Анатоль Гатоўчыц у "Советской Белоруссии" не памятае. А вось некаторыя вертыкальшчыкі на яго крыўды мелі.

— З-за аднаго з маіх матэрыялаў  былі праблемы з сакратаром па ідэалогіі абкама. Ён неяк спыніў мяне ў калідоры са словамі, маўляў, як вы спадобіліся крытыкаваць вышэйшае партыйнае кіраўніцтва! Як вы можаце выбарнага члена бюро абкама крытыкаваць! Я не сумеўся ды прыгадаў цытату з Леніна: "Уладзімір Ільіч казаў, што выбарныя члены партыі заўжды падсправаздачныя масам". У ідэолага вочы сталі квадратныя, ён неяк абмяк, пачырванеў і больш не стаў ніякіх пытанняў задаваць.

Пасля 1986 года жыццё жыхароў Гомельшчыны змянілася назаўжды. І Анатоль Гатоўчыц таксама не застаўся ў баку ад трагічных падзеяў тэхнагеннай катастрофы на ЧАЭС. Журналіст за свае шматлікія камандзіроўкі, у тым ліку на тэрыторыі ў непасрэднай блізкасці ад атамнай станцыі, у зоне адчужэння і ў адселеных раёнах, меў да нядаўняга часу статус ліквідатара. З моманту скасавання гэтага статуса ў Беларусі ён, як і многія дзясяткі тысяч суайчыннікаў, атрымаў пасведчанне пацярпелага.

Калі Беларусь атрымала незалежнасць, у журналістаў з'явіліся новыя магчымасці. Настаў перыяд галоснасці і дэмакратыі. Найбольш прагрэсіўная частка рэдакцыі "Советской Белоруссии" перайшла разам з Іосіфам Сярэдзічам у парламенцкую "Народную газету". Анатоль Гатоўчыц быў адным з тых, хто абраў дэмакратычнае выданне. "Са многімі народнымі дэпутатамі ў мяне былі вельмі прыязныя адносіны, з некаторымі я нават сябраваў. Але ў будынку Дома ўраду я з'яўляўся не так часта, бо працаваў у асноўным у Гомелі", — дзеліцца ўспамінамі журналіст.

Анатоль Гатоўчыц і "лукашэнкава крэсла"

У пачатку 1990-х гадоў народныя дэпутаты часта ездзілі па рэгіёнах, каб не моцна адрывацца ад народа. У адной з паездак на Гомельшчыну ў дэпутацкай групе быў Аляксандр Лукашэнка. "Ён быў тады чалавекам з запалам, не сядзеў на месцы, хацеў ва ўсім разабрацца. Памятаю, як на сустрэчы з калектывам аднаго з прадпрыемстваў начальства хавалася ў кабінеце ад дэпутатаў. Былы сакратар гаркама па ідэалогіі, каб не адказваць на пытанні аўдыторыі, зачыніўся ў пакоі. Лукашэнка дзверы рвануў так, што там усё адчынілася насцеж", — згадвае такую гісторыю Анатоль Гатоўчыц.

Аднойчы нават гасцінны дом Гатоўчыцаў прадаставіў Лукашэнку начлег.

— У нас дагэтуль захавалася канапа і крэсла, на якіх адпачываў Лукашэнка. Ніякіх мемарыяльных шыльдаў, праўда, з гэтай нагоды мы не прыладзілі. Але камічная гісторыя ўсё-такі з той мэбляй была. Падчас ператрусу, які рабілі спэцслужбы, адзін з супрацоўнікаў КДБ вальяжна сеў на тое крэсла. Я яму тады заўважыў: "А вы ведаеце, што на ім Лукашэнка сядзеў?" Той ажно падскочыў з месца, — смяецца расказчык. Згаданае крэсла памятае не толькі першага прэзідэнта. На ім сядзела таксама Нобелеўская лаўрэат у галіне літаратуры Святлана Алексіевіч.

Паводле словаў журналіста, у кіраўніка дзяржавы вельмі добрая памяць. Ён у гэтым пераканаўся ў канцы 1990-х, калі браў каментар у прэзідэнта падчас ягонай традыцыйнай паездкай па Чарнобыльскіх рэгіёнах.

— Перад тым, як узяць каментар у Лукашэнкі, я прадставіўся: "Анатоль Гатоўчыц, "Народная газета". А ён мне адказаў штосьці такое: "Я і так ведаю, Анатоль, адкуль ты", — згадвае цікавую рысу нязменнага кіраўніка Беларусі спадар Анатоль.

Нячэсны журналіст

Але неўзабаве здарыўся пераломны момант, пасля якога Анатоль Гатоўчыц канчаткова трапіў у кампанію "нячэсных журналістаў". Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2001 годзе ў "Народнай газеце" ўсё больш набірала моц цэнзура. "Можна было, канешне, спакойна жыць, але лакіраваць рэчаіснасць не хацелася. У "Народнай газеце" рэдактарам ужо быў не Сярэдзіч, а Міхась Шыманскі. Спачатку крытычныя артыкулы трошкі падпраўляліся, потым 30% крытыкі падпадала пад рэдактарскую цэнзуру. Таму я пакінуў выданне, у якім прапрацаваў шмат гадоў, у жніўні 2001 года", — распавядае журналіст.  

— Рэнамэ "нячэснага журналіста" замацавалася пасля стварэння Беларускай асацыяцыі журналістаў. Я ўзначаліў абласное аддзяленне гэтай арганізацыі. У першы час, нібыта па інерцыі, мяне працягвалі запрашаць у паездкі па рэгіёнах разам з міністрамі і прэзідэнтам. Але потым усё змянілася, — гаворыць Анатоль Гатоўчыц.

Палітычны канфлікт у грамадстве не мог не адбіцца на стаўленні ўладаў да незалежнага журналіста. "Напярэдадні чарговай гадавіны катастрофы на ЧАЭС Аляксандр Рыгоравіч традыцыйна наведвае наш рэгіён. Але калі ў мяне з'явілася пасведчанне ад апазіцыйнай "Народнай волі", мяне перасталі ўключаць у спіс журналістаў, якія суправаджаюць прэзідэнта. Я пазваніў тады прэс-сакратару кіраўніка дзяржавы (тады службу ўзначальвала Наталля Пяткевіч) з пытаннем, чаму мяне не дапускаюць да паездкі. Але яна мне адмовіла са словамі: "У вас няма досведу асвятлення паездак з удзелам прэзідэнта", — усміхаецца Анатоль Іванавіч. Журналіст тады адказаў высокапастаўленай чыноўніцы, што яе яшчэ не было ў прэс-службе, а ён 7 ці 8 разоў падобныя паездкі асвятляў. Наталля Пяткевіч тады выбачылася і паклала слухаўку.

Анатоля Гатоўчыца неаднаразова спрабавалі прыцягнуць да адказнасці праз суд. Першыя спробы засудзіць журналіста за крытычныя матэрыялы здараліся яшчэ ў савецкі час, але, як правіла, у працэсе разгляду справы суддзя станавіўся на бок журналіста. У 2000-х гадах кіраўніка Гомельскага абласнога аддзялення ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" затрымлівала міліцыя на акцыях, у ягонай кватэры праводзіліся вобшукі. На пытанне, ці не адбіваецца негатыўна на ягоным самаадчуванні непавага з боку міліцыі і ўладаў, Анатоль Гатоўчыц адказвае:

"Па жыцці я хацеў быць журналістам. Я заўжды лічыў, што журналіст — гэта тая асоба, якая не павінна крывіць душой. Калі ты бачыш адно, а пішаш іншае, ты ўжо не журналіст. Нешта непрынцыповае можна замаўчаць, але хлусіць нельга. Статус журналіста абавязвае мяне прытрымлівацца этычных стандартаў незалежна ад таго, дзе я працаваў раней альбо працую цяпер".

За працу ў недзяржаўных выданнях Анатоль Гатоўчыц мае шэраг узнагародаў, у тым ліку прэмію імя Дзмітрыя Завадскага "За мужнасць і прафесіяналізм". Ён таксама быў лаўрэатам прэміі ГА “БАЖ” "Вольнае слова" ў намінацыі мастацка-публіцыстычнага жанру.

«Гарачы» рэпартаж: ёсць нагода запаліць!

<>Алена Сцяпанава: «Не люблю слязлівых тэкстаў!»

 

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!