652

Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец увайшоў у Назіральную раду пры ЦВК ДАПОЎНЕНА

28.08.2019 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Адбылося пасяджэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі. Падчас яго былі разгледжаныя пытанні выкарыстання сродкаў масавай інфармацыі ў перадвыбарчай агітацыі, парадак дэкларацыі даходаў і маёмасці асобамі, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, стварэнне кандыдатамі ў дэпутаты ўласных выбарчых фондаў.

Зменшылася колькасць рэспубліканскіх выданняў для публікацыі праграмы кандыдатаў

Ужо вядома, што зменшылася колькасць рэспубліканскіх выданняў, дзе можна будзе апублікаваць праграмы кандыдатам у дэпутаты. Падчас мінулых выбараў гэта былі газеты “Звязда”, “Народная газета” і "Рэспубліка". Сёлета гэта “Звязда” і “Рэспубліка”.

Умовы выкарыстання абласных і раённых дзяржвыданняў засталіся ранейшыя. Пералік апублікаваных у газетах праграм кандыдатаў будзе весціся на сайце ЦВК.

Тэлевыступы кандыдатаў будуць суправаджацца сурдаперакладам альбо субтытрамі. Будзе магчымасць скарыстацца тэлесуфлёрам — для гэтага трэба будзе загадзя прадаставіць тэкст свайго выступу.

Кандыдаты атрымаюць бясплатна пяць хвілін на тэлебачанні і пяць хвілін на радыё.

У кандыдатаў будзе магчымасць удзельнічаць у тэледэбатах, калі яны заявяць пра такое жаданне адразу пасля рэгістрацыі.

На запіс выступаў кандыдат можа прыйсці са сваім памочнікам, а для выступу ў тэледэбатах кандыдат можа накіраваць сваю давераную асобу. 

Кандыдат за сродкі свайго асабістага фонду можа купляць дадатковы эфірны час і плошчу для публікацый у любой газеце.

 

Старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец увайшоў у Назіральную раду пры ЦВК

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Цэнтрвыбаркам зацвердзіў склад Назіральнай рады па кантролю за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ — у яе склад, разам з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ і праўладнага Саюза журналістаў, увайшоў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Гэта значыць, што ЦВК можа запрашаць Бастунца на пасяджэнні Назіральнай рады, калі яна будзе разглядаць нейкія скаргі. Але агулам на пасяджэннях ЦВК кіраўнік БАЖ прысутнічаць не можа.

ЦВК раней звярталася ў БАЖ з прапановай вылучыць Андрэя Бастунца ці іншага прадстаўніка БАЖ у Назіральную раду, Праўленне падтрымала вылучэнне ў склад Назіральнай рады старшыні арганізацыі.

"Я не маю ілюзій, што змагу сур'ёзна паўплываць на меркаванні Назіральнай рады, тым больш, што гэта не першы досвед, але лічу ўдзел у пасяджэннях магчымасцю непасрэдна назіраць за яго працай (да якой журналістаў звычайна не дапускаюць),  атрымліваць інфармацыю з першых рук і выказваць сваё меркаванне па спрэчках наконт вядзення агітацыі ў СМІ падчас выбарчай кампаніі, калі такія ўзнікнуць", — гаворыць Андрэй Бастунец.

 

Назіральная місія АБСЕ

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына паведаміла, што Місія па ацэнцы патрэбаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) ужо вывучае ход падрыхтоўкі да выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання Беларусі. Старшыня ЦВК распавяла пра сустрэчу з экспертамі міжнароднай арганізацыі:

"Яны цікавіліся, якія пастановы прыняла Цэнтральная камісія, складаннем спісаў выбаршчыкаў, ці змянілася што-небудзь у гэтым плане. Гэта была азнаямленчая гутарка".

Пакуль невядома, калі ў Беларусь прыедуць доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя назіральнікі арганізацыі. Эксперты ацэначнай місіі паведамяць пра вынікі сваёй працы ў Беларусі кіраўніцтву, а пасля гэтага ўжо будзе прымацца рашэнне, патлумачыла Лідзія Ярмошына, піша сайт Spring96.org.

Наступнае пасяджэнне плануецца прыкладна 24 верасня. Яно будзе прысвечанае пытанню ўдзелу ў выбарчай кампаніі людзей з інваліднасцю.