2482

Спецдакладчыкі ААН праінфармаваныя аб факце ціску на праваабаронцаў і журналістаў

27.11.2015 Крыніца: by.belapan.by

Спецыяльныя дакладчыкі ААН праінфармаваныя аб факце ціску на праваабаронцаў і журналістаў падчас акцыі апазіцыі ў Мінску 24 лістапада.

У гэты дзень у цэнтры Мінска прайшло несанкцыянаванае шэсце, прысвечанае гадавіне рэферэндуму 1996 года. За ходам акцыі назіралі шэсць прадстаўнікоў праваабарончага грамадскага аб'яднання "Беларускі Хельсінкскі камітэт" (БХК) і праваабарончага цэнтра "Вясна". Пасля мерапрыемства ў дачыненні да назіральнікаў БХК Сяргея Каспяровіча і Наталлі Сацункевіч супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы аб правапарушэннях па арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Пратаколы па гэтым жа артыкуле былі складзеныя ў дачыненні да журналістаў Галіны Абакунчык ("Радыё Свабода"), Кацярыны Андрэевай (газета "Народная воля") і Дзмітрыя Галко (газета "Новы час").

Да звароту, ініцыятарам якога выступіў Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, далучыліся БХК і цэнтр "Вясна". Ліст накіраваны чатыром спецдакладчыкам ААН (па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; па пытанні аб становішчы праваабаронцаў; па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый; па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне), а таксама прадстаўніку АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

"На працягу многіх гадоў беларускія праваабарончыя арганізацыі ажыццяўляюць назіранне падчас правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі, — адзначаецца ў звароце. — Падрыхтаваныя на падставе такіх назіранняў маніторынгавыя справаздачы з рэкамендацыямі па паляпшэнні сітуацыі ў галіне свабоды сходаў у Беларусі накіроўваліся ў адрас Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта, Палаты прадстаўнікоў НС Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных органаў".

Аўтары звароту адзначаюць, што раней падчас масавых мерапрыемстваў адказныя супрацоўнікі міліцыі кантактавалі з праваабаронцамі, "ажыццяўлялася пісьмовая камунікацыя з органамі ўнутраных спраў". "Назіральнікі заўсёды абазначаныя сінімі камізэлькамі і нагруднымі імяннымі бэйджамі, знаходзяцца ў баку ад асноўнай масы ўдзельнікаў і іх заўсёды лёгка ідэнтыфікаваць. Падобнага роду фактаў ціску раней не ўзнікала", — падкрэсліваюць прадстаўнікі трох праваабарончых арганізацый.

Яны заклікаюць спецдакладчыкаў абмеркаваць здарэнне 24 лістапада з беларускімі ўладамі, а таксама наведаць Беларусь для вывучэння сітуацыі з рэалізацыяй асноўных свабод у краіне.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!