1812

«СМІ ў Беларусі» VS «Re:Publica». Дзве юбілейныя выставы (ШМАТ ФОТА)

12.05.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

З 11 па 14 мая ў Мінску працуе XХ Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі».

Тыдзень таму, з 2 па 4 мая, у Берліне прайшла X блогерская канферэнцыя «Re:Publica» паралельна з «Media Convention Berlin-2016» – той самай, у межах якой былі абвешчаныя пераможцы конкурсу The Bobs (Best of Online Activism).

У прадстаўнікоў прэс-службы ГА “БАЖ” была магчымасць папрысутнічаць на гэтых мерапремствах у якасці шараговых наведнікаў і параўнаць уражанні. Не ад фінансавых магчымасцяў і размаху дзейнасці гульцоў медыярынкаў Беларусі і Германіі. Хутчэй, ад тэматычнага напаўнення і візуальнага кантэксту.

Берлін

Назва «NET» – люстэркавае адлюстраванне слова «TEN» («дзесяць», да дзесяцігоддзя “Re:publica”).

Падзеі разгортваліся на амаль двух дзясятках розных пляцовак. У праграме было задзейнічана каля 850 дакладчыкаў з 60 краін.

Сярод выступоўцаў – журналісты найбуйнейшых нямецкіх і міжнародных медыякарпарацый (Deutche Welle, ZDF, CNN, Al Jazeera і інш.), прадстаўнікі Еўрапарламента, Еўракамісіі, міжнародных арганізацый – “Рэпарцёры без межаў”, Фундацыі свабоды прэсы і інш. Ад імя апошняй прамаўляў праз прамое ўключэнне Эдвард Сноўдэн.

Дыскусія “Бітва светапоглядаў” на тэму прапаганды ў СМІ. Спікеры: Аксана Бойка (Russia Today International), Пітэр Лімбург (Deutche Welle), Сала Негм (Al Jazeera English), Інга Тордар (CNN Digital International).

Анлайн-свабода ў арабскім свеце; лічбавыя тэхналогіі ў часе выбарчых кампаній; баланс паміж свабодай прэсы і недатыкальнасцю прыватнага жыцця ў фота; краўдсорсінг у часе ваенных канфліктаў; будучыня Твітара і YouTube; змаганне з “мовай нянавісці”; змены рынку працы з развіццём робататэхнікі… У гэтым пераліку няма і дзясятай долі ад агульнага спісу тэматычнх дыскусій, што адбыліся ў межах берлінскага форуму.

   

“Re:publica” месціцца на тэрыторыі былога берлінскага вакзала.

Камплект матэрыялаў наведніка выставы.

Многія матэрыялы “Медыяканвенцыі” можна знайсці ТУТ. Падрабязна пра 10-годдзе “Re:publica” пісалі ТУТ.

 

Мінск  

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч на выставе: "Мы бачым, што сёння як ніколі вельмі запатрабавана шчырае, праўдзівае, адкрытае, пераканаўчае і наступальнае журналісцкае слова”. (БелТА)

З вітальнага слова кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам выставы: “Культурная і інфармацыйная прастора, сфармаваная за гады незалежнасці Рэспублікі Беларусь, служаць пазітыўнаму стварэнню, сцвярджэнню ідэй інтэграцыі, міру і добрасуседства, эфектыўнаму супрацоўніцтву ў гуманітарнай сферы”. (БелТА)

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч: “Сродкам масавай інфармацыі неабходна стаць каталізатарамі стваральных працэсаў”. (БелТА)

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі: “Міжнародная спецыялізаваная выстава “СМI ў Беларусі” з’яўляецца дыялогавай пляцоўкай творчых сіл”. (БелТА)  

Сярод пунктаў праграмы XХ Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі»:

- урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XIІ Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ “Залатая літара”;

- прэзентацыя інтэрнэт-партала і выданняў аб'яднанай рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» (і шэрагу іншых СМІ); Фотавыстава, прысвечаная Году культуры ў Беларусі;

-пляц-канцэрт Узорна-паказальнага аркестра ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь (у рамках прэзентацыі газеты «На страже» і часопіса «Міліцыя Беларусі»);

-выстава творчых работ юных журналістаў у катэгорыі «Рухаем культуру разам!»;

-прэзентацыя праекта «Кветкі Вялікай Перамогі»: малюнкі дзяржаўнай сімволікі, патрыятычных праектаў ГА «БРСМ», фота на памяць…

Заяўленыя ў фармаце “прэс-дыялогу” падзеі ў канферэнц-зале на 12 мая: «Рынак распаўсюду друкаваных СМІ: умовы, тэндэнцыі, перспектывы»; семінар «Асаблівасці дзейнасці прэс-служб у сучасных умовах” з удзелам прадстаўнікоў прэс-служб дзяржорганаў і рэгіянальных прадстаўніцтваў ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!