3906

Смерць Васіля Гроднікава адбылася пры цьмяных абставінах

12.12.2011 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Гучныя справы

18 кастрычніка 2005 года ў сваім доме ў Заслаўі (Мінскі раён) быў знойдзены мёртвым пазаштатны журналіст газеты «Народная воля» Васіль Гроднікаў.

Як засведчыў брат памерлага, які знайшоў цела, на галаве ў забітага была кроў, крывавыя плямы былі таксама на сценах і зламаным зэдліку.

Судмедэкспертыза Мінской абласной клінічнай лякарні паказала, што журналіст памёр ад чэрапна-мазгавой траўмы ў выніку «кантакту з тупым прадметам». Тым не менш, Мінская раённая пракуратура адмовілася ўзбуджаць крымінальную справу па факце яго смерці, заявіўшы, што яна была негвалтоўнай.

Сваякі і калегі Гроднікава версію следства ставяць пад сумнеў. Яны не выключаюць, што смерць была звязана са зборам матэрыялу для чарговай публікацыі журналіста з серыі «Кідалы», дзе не ў лепшым святле фігуравалі такія ведамствы, як КДБ і МУС.

Журналісты, якія пабывалі ў доме Гроднікава пасля забойства, звярталі ўвагу на шматлікія сляды крыві ў розных пакоях памяшкання. На іх думку, гэта стварала ўражанне прысутнасці пабочных асобаў і вымагала ўзбуджэння крымінальнай справы.