НЕ - ВАЙНЕ!
303

"Скончыўся каранцін, мяне перавялі ў атрад": новы ліст ад нашаніўца Андрэя Скурко

30.06.2022 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Жонка Андрэя Скурко атрымала чарговы ліст ад палітзняволенага нашаніўца. Ён піша пра побытавыя ўмовы ў калоніі, пошту і пра тое, чаму  не варта на будучыню накопліваць у сабе нейкую злосць ці нянавісць.

"…Атрымаў сёння твой ліст і так радаваўся чытаючы, як вы там бавіце час з клубніцамі, вавёркамі, зайцамі і як малыш спазнае свет! Абавязкова пахвалі за мяне малыша. Ён такі малайчына ў нас! (А мы ў яго)

...Сёння самы доўгі дзень года (і Купалле). У нас увесь час ідзе дождж, часам ператвараючыся ў залеву. Трохі пахаладнела — але і добра, што няма такой гарачыні, як мінулыя дні.

…Ужо каля 8-й вечара, дзень быў доўгі і не толькі астранамічна.

Скончыўся каранцін, мяне перавялі ў атрад №7, брыгада 1. Умовы побытавыя тут нармальныя, калектыў таксама, ёсць нават акварыюм з рыбкамі ў спальні

Многа свежага паветра — у памяшканнях тут канечне ж, ніхто не курыць [як у СІЗА]. На тэрыторыі ёсць спортгарадок з турнікамі і трэнажорамі — паспрабую схадзіць, калі дождж сціхне. Тут ёсць таксама стадыён, дзе можна бегаць — высветлю ў далейшым, як туды трапляць. У атрадзе вельмі чыста, ёсць сушылкі, каб сушыць рэчы, пральная машына, халадзільнікі, тэлевізар. Словам, буду пакуль абжывацца.

…Ад усіх нас гэты час патрабуе цярпення і вытрымкі. Шкадую страшна, што не магу вам там дапамагаць і падстрахоўваць.

…Ужо раніца наступнага дня. Спалася добра. Усю ноч ліў дождж, зараз ён працягваецца. Схадзіў на сняданак — дыябетыкі тут харчуюцца асобна. Далі ў дадатак да кашы масла, яйко, і сок — словам, можна жыць. Здаў сёння ўсе неабходныя заявы на званкі і відэазванкі, буду чакаць зацвярджэння.

…Па тэлевізары зараз паказвалі перадачу пра востраў Тэнерыфе. Аказваецца, у іх няма свайго пяску ў дастатковай колькасці, і ўлады закуплялі яго ў Заходняй Сахары, каб зрабіць пляж. Сказалі таксама, што на востраве жыве каля мільёна чалавек — я думаў, разоў у дзесяць меней.

Таксама мы хадзілі сёння ў клуб на відэалекцыю пра шкоду накотыкаў — на вялікім экране. Я атрымаў вялізнае задавальненне — і інфармацыя новая, і само пачуцце, што ты можаш пайсці ў кіно.

Нібы яшчэ адзін крок да вяртання ў нармальнае жыццё.

…Да сярэдзіны дня істотна схаладала ў нас — імжа, вецер. Спадзяюся, у вас там у дастатковай колькасці ёсць швэдрыкі, шапкі, курткі і чай.

Нязвыкла, што хутчэй сталі хадзіць лісты, праўда? Раней, калі з Мінска пісаў, меркаваў сабе: так, ліст дойдзе праз паўмесяца — і ўлічваў, што можа быць актуальна на гэты час.

...Заўтра 23-е — дзень нараджэння Міколы. Стаў успамінаць, як віншавалі яго год таму. Колькі ўсяго адбылося за гэты час! А колькі за наступны год можа ўсяго новага адбыцца!

Я, як і ты, шчыра веру, што ўсё, Бог дасць, скончыцца добра і мы скора зноў будзем разам. Галоўнае — берагчы здароўе і блізкіх, захоўваць спакой і цярпенне. "Максімальна захаваць сябе для далейшага жыцця", як ты некалі сказала. Для мяне гэта, у тым ліку — напаўненне сэнсам і зместам майго цяперашняга перабывання. Усе дробныя нязручнасці мінаюць, а назбіранае ў сабе на будучыню — застаецца. Менавіта таму, мне здаецца, не варта на будучыню накопліваць у сабе нейкую злосць ці нянавісць. Згадаем Мандэлу ці Гандзі".

Чытайце яшчэ:

Украинская журналистка: «Отношения между нашими государствами сейчас даже не на нуле, а ушли в минус. И мы не можем с минуса подняться сразу на 10-й этаж»

Экс-CEO партала: «Onlíner — гэта бізнэс, які быў заўсёды вельмі блізкі да чытача»

«Больш ня шлі мне канвэрты». Алег Грузьдзіловіч з пачатку чэрвеня ўжо двойчы трапляў у ШЫЗА

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!