411

«Сказалі, што будуюць новы Асьвенцім». Фатограф Дзьмітрыеў расказаў, як у жніўні з Акрэсьціна трапіў у незвычайнае месца

20.01.2021 Крыніца: "Радыё Свабода"

Былы міліцыянт Дзьмітры Дзьмітрыеў вырашыў расказаць пра незвычайны ізалятар пад Слуцкам. Нагодай стала публікацыя аўдыёзапісу нібыта намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова. Той расказвае пра стварэньне ў Беларусі лягераў для пратэстоўцаў.

 Пра што публікацыя. Сьцісла

  • Месца, куды прывезьлі Дзьмітрыя Дзьмітрыева разам з сотнямі іншых вязьняў Акрэсьціна, зусім не было падобнае да ІЧУ ці СІЗА.

  • ІЧУ — гэта ізалятар, адзін будынак. Ён жа апынуўся ў цэлым вялізным комплексе.

  • У бараку, як ахова казала, „атрадзе“, разьмяшчалася 93 двухпавярховыя ложкі. Гэта 186 чалавек.

  • Цывільныя мясцовыя рабочыя гаварылі затрыманым, што будуюць новы Асьвенцім.

  • Паводле ацэнкі суразмоўца, гэты лягер быў разьлічаны на некалькі тысяч чалавек.

  • Пасьля вызваленьня Дзьмітры больш ня чуў, каб кагосьці з затрыманых вазілі адбываць пакараньне ў Слуцак.

15 студзеня арганізацыя BYPOL апублікавала аўдыёзапіс, на якім чалавек з голасам, падобным да голасу намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова, расказвае пра рашэньне беларускіх уладаў арганізаваць канцэнтрацыйныя лягеры для пратэстоўцаў.

Запіс выклікаў шырокі розгалас, яго паабяцалі пракамэнтаваць у МУС, аднак пакуль гэтага не зрабілі.

Неўзабаве пасьля публікацыі фатограф выданьня «Новы Час» Дзьмітры Дзьмітрыеў, які сам шмат гадоў адпрацаваў у міліцыі, прыгадаў пра незвычайнае месца, куды трапіў пасьля затрыманьня на выбарчым участку 9 жніўня. Першыя дні пасьля затрыманьня Дзьмітрыеў правёў на Акрэсьціна.

Дзмітрый Дзмітрыеў

«Плот вышынёй пяць мэтраў, вышкі для аховы»

«Нас туды прывезьлі 13 жніўня, — кажа Дзьмітрый. — Тады вычышчалі ўсё Акрэсьціна цалкам. Людзей перавозілі ў асноўным у Жодзіна. Таму ўсе гаварылі, што нас таксама павязуць туды. Вывелі на вуліцу ўсіх, паставілі мордай у сьцяну і пакавалі ў аўтазакі. Усе думалі, што ў Жодзіна едзем. Доўга нас везьлі. Чулі, як машыны сыгналяць па дарозе. Прыехалі, нас выгрузілі, пашыхтавалі ў такія „скрынкі“ чалавек па 40, па 50. Шэрагамі такімі. Каб ім лічыць было зручней, ці што. Адразу было відаць, што гэта фігня нейкая, а ня Жодзіна».

Па словах Дзьмітрыя, месца, куды іх прывезьлі, было падобнае да вайсковай часткі, але не зусім. Вакол былі дзіўныя гаспадарчыя пабудовы, вялікія аднапавярховыя будынкі.

«Было відаць, што ўсю тэрыторыю толькі-толькі агарадзілі высокім плотам, — расказвае Дзьмітрыеў. — Сьвежая драўніна зусім, яшчэ нават не пацямнела. Плот вышынёй мэтраў пяць, ня менш. І вышкі зусім сьвежыя навокал. Як у лягерах, там ахоўнікі яшчэ стаяць. Усё абсалютна сьвежае.

Першая думка была, што гэта нейкая вайсковая частка. Нешта незразумелае, нейкія пабудовы. Але мы моцна там ня думалі тады, не да гэтага было. Канваіры да нас не падыходзілі. Праз кожныя мэтраў 10 стаялі аўтаматчыкі з сабакамі. Тэрыторыя вельмі вялікая там. Да нас падыходзілі людзі ў вайсковай форме, такі лічбавы сьветлазялёны камуфляж. Унутраныя войскі, хутчэй за ўсё. Перапісвалі ўсіх нас — імёны, адрасы. Потым усіх па чарзе завялі ў аднапавярховы будынак. Там ужо сказалі, што мы знаходзімся на тэрыторыі Слуцкага ІЧУ і будзем адбываць там адміністрацыйнае пакараньне, каму колькі засталося. Але які ж гэта ІЧУ?»

Па словах Дзьмітрыя, ахова і вайскоўцы з затрыманымі паводзілі сябе карэктна. Але сказалі, што ўцякаць адсюль ня раяць. Сказалі, што лепш паводзіць сябе спакойна, а пасьля заканчэньня тэрміну арышту ўсіх даставяць дадому.

Дзьмітры настойвае, што месца, куды яго прывезьлі разам з сотнямі іншых вязьняў Акрэсьціна, зусім не было падобнае да ІЧУ ці СІЗА. З часоў працы ў міліцыі ён добра ведае, што ІЧУ — гэта ізалятар, адзін будынак. Ён жа апынуўся ў цэлым вялізным комплексе.

Дзьмітрыеў (зьлева) падчас службы ў міліцыі. Там ён адпрацаваў 17 гадоў.

«Будавалі гэта ўсё надоўга»

Дзьмітрыеў кажа, што ў першы ж вечар усіх вязьняў агледзелі мэдыкі. Пры гэтым ахоўнікі зьдзіўлена аглядалі пабітых у першыя дні пасьля затрыманьня. Усім дазволілі прыняць душ, накармілі вячэрай. А пасьля завялі на начлег.

«Для начлегу нам далі вельмі вялікае памяшканьне, — працягвае Дзьмітрый. — Я так разумею, гэта нейкая актавая заля была. На сьценках яшчэ можна было заўважыць сьляды ад тэлевізараў. Ад стэндаў з нагляднай агітацыяй. Народу там вельмі шмат зьмяшчалася. У нашай залі, як ахова гаварыла, „атрадзе“, разьмяшчалася 93 ложкі. Падвойныя, з другім паверхам. Гэта 186 чалавек. Матрац, коўдра, падушка. Без пасьцельнай бялізны. Але нам і гэта было за шчасьце. Скамандавалі адбой і выключылі сьвятло».

Раніцай усіх вязьняў павялі на сьняданак. Пасьля яго ім зноў дазволілі памыцца, нават раздалі мыла для праньня. Хто ня меў вопраткі, у каго яе АМАП забраў, таму далі нейкую іншую. Раздалі таксама бялізну пасьцельную.

«Калі спыталі, у каго чаго не хапае, пачаўся шум, — узгадвае Дзьмітрый. — Я ўзяўся прайсьціся па людзях, пералічыць усё. Даведацца, каму чаго не хапае, каб потым перадаць ахове сьпіс. Таму і ведаю, колькі ўсяго ложкаў было ў нас у тым памяшканьні».

Журналіст прыгадвае, што адміністрацыя ішла на кантакт «бяз крыку», стаўленьне было нармальным.

«Так паўдня прайшло. Людзі памылі свае рэчы, вынесьлі іх на вуліцу сушыць. Акурат тады прыйшлі на тэрыторыю нейкія мясцовыя мужычкі адпаведнага выгляду і паху. Яны пачалі капаць ямы, устаўлялі ў ямы сьвежыя драўляныя слупы, нацягвалі паміж імі калючы дрот. Усё гэта для таго, каб адгарадзіць вялікія памяшканьні на тэрыторыі адно ад аднаго. Казалі нам, што будуюць новы Асьвенцім».

Паводле Дзьмітрыя Дзьмітрыева, па дарозе ў сталоўку затрыманыя ўбачылі, што ўсе вялікія будынкі агароджваюць калючым дротам, а па пэрымэтры, ля высокага плоту, ставяць вялізныя армейскія намёты.

«Будавалі надоўга ўсё гэта, і на вялікую колькасьць людзей было разьлічана. Толькі ў нашым будынку было каля 200 чалавек, а такіх будынкаў на ўсёй тэрыторыі было каля дзясятка. На некалькі тысяч чалавек гэты лягер дакладна быў разьлічаны», — кажа суразмоўца.

Дзьмітрый мяркуе, што вялікія салдацкія намёты прызначаліся для аховы лягера. Тады ж ён даведаўся, што лягер разьмешчаны ў лесе ля Слуцку, побач зь мясцовым ЛТП № 3 або і проста на яго тэрыторыі (ЛТП № 3 месьціцца каля вёскі Паўлаўка, за 10 кілямэтраў ад Слуцку. — РС).

​«Такі лягер дорага ўтрымліваць»

Вызвалілі ўсіх вязьняў лягера на другі дзень вельмі нечакана. Вайскоўцы пачалі групамі выводзіць людзей, ля выхаду міліцэйскі палкоўнік папярэдзіў, каб больш не пападаліся і не хадзілі на пратэсты. Усім давалі на подпіс адпаведную паперу. Міліцыянты таксама сказалі, што ўсіх вызваленых сустрэнуць валянтэры і адвязуць у Менск.

Затрыманых выпускаюць каля ЛТП №3 у Слуцку, 14 жніўня 2020. Фота: slutsk-gorod.by.

«Тады мы ня думалі, што гэта нейкі канцлягер, — успамінае Дзьмітры. — Вырваліся з Акрэсьціна, і добра. Тым больш там стаўленьне было нармальнае. Ніхто не крычаў на нас, кармілі. Але я ўжо тады разумеў, што гэтае месца нейкае няпростае. Каб усё гэта збудаваць, арганізаваць, не адзін дзень патрэбен і нават ня тыдзень. Было відаць, што яны рыхтаваліся. Колькі такіх лягераў магло быць яшчэ, невядома. Тады я падумаў, што гэта, магчыма, часовы лягер. Што людзей затрыманых вельмі шмат,і іх некуды трэба будзе дзець».

Пасьля вызваленьня Дзьмітры больш ня чуў, каб кагосьці з затрыманых вазілі адбываць пакараньне ў Слуцак, хоць сам быў зноў асуджаны і адседзеў 10 дзён. Ён мяркуе, што паводзіны вайскоўцаў, якія пільнавалі затрыманых у лягеры пад Слуцкам, маглі насьцярожыць улады.

«Такі лягер патрабуе шмат людзей для арганізацыі аховы, — кажа Дзьмітрый. — Калі вайскоўцы там з намі сутыкнуліся, яны пабачылі, што мы нармальныя людзі, што з намі можна нармальна размаўляць. Што мы адэкватныя. Яны з намі пайшлі на кантакт. Магчыма, гэта некаму не спадабалася. Але невядома, што адбылося на самой справе. Думаю, такі лягер вельмі дорага ўтрымліваць. Ахова павінна быць зьменная, патрэбна дастатковая колькасьць афіцэраў. Іх трэба вазіць аднекуль кожны дзень. Усё гэта грошы».

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!