522 0

Сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі: 2017 год стаў адным з самых крызісных

16.01.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У 2017 годзе канфліктаў паміж уладамі і журналістамі адбылося болей, чым за тры папярэднія гады разам узятыя. Такія лічбы прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” агучылі на прэсавай канферэнцыі ў Мінску.

Алег Агееў, Андрэй Бастунец

— У 2017 годзе пры выкананні прафесійных абавязкаў журналістаў у Беларусі затрымлівалі 101 раз, 103 разы журналістаў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, 69 раз журналісты атрымлівалі штрафы за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, 12 спраў скончыліся для нашых калег арыштамі, — акрэсліў маштабы праблемы старшыня ГА "БАЖ" Андрэй Бастунец.

Па словах Бастунца, агульная колькасць канфліктаў уладаў з журналістамі ў 2017 годзе дасягнула 197 выпадкаў — гэта больш, чым за тры папярэднія гады разам узятыя. Таму можна сказаць, што 2017 год стаў адным з самых крызісных гадоў у галіне свабоды слова ў Беларусі.

 

— Таксама не варта забываць, што ў 2016 годзе была заведзена, амаль увесь 2017 год расследавалася і цяпер разглядаецца ў судзе крымінальная справа, сутнасць якой цесна звязана з правам на свабоду выказвання — справа супраць аўтараў, якія супрацоўнічалі з шэрагам расійскіх выданняў, у тым ліку з сайтам Regnum. Мы уважліва сочым за гэтай справай, — дадаў Бастунец.

— Таксама наc вельмі непакоіць інфармацыя пра тое, што ўладамі распрацоўваюцца чарговыя змены ў Закон аб СМІ, а мы нават не ведаем, пра якія змены ідзе размова. Яшчэ 10 кастрычніка 2017 года мы накіравалі афіцыйны заказны ліст новаму Міністру інфармацыі Беларусі, але да сённяшняга дня адказ на гэты ліст намі не атрыманы, — распавёў Андрэй Бастунец.

Па словах сябра праўлення БАЖ, кіраўніка юрыдычнага накірунку Алега Агеева, у 2017 годзе юрысты Беларускай асацыяцыі журналістаў актыўна дапамагалі калегам бараніць свае правы. У 13 выпадках агульнымі намаганнямі ўдалося спыніць пераслед журналістаў па тых ці іншых справах, паведаміў сябра праўлення ГА “БАЖ”, кіраўнік юрыдычнага накірунку Алег Агееў.

— На дадзены момант у рэгіёнах Беларусі з намі супрацоўнічаюць 13 юрыстаў, якія займаюцца не толькі непасрэдна дапамогай калегам, але і падвышэннем прававых навыкаў сярод журналістаў. У 2017 годзе ў нас адбыўся цэлы шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на тое, каб максімальна папярэджваць магчымыя канфліктныя сітуацыі, каб журналісты ў іх не траплялі, — дадаў Агееў.

Па словах Агеева, юрысты БАЖ дапамагалі калегам падрыхтаваць цэлы шэраг скаргаў у Камітэт па правах чалавека ААН, якія неўзабаве будуць разглядацца гэтым камітэтам. Таксама рыхтаваліся і накіроўваліся звароты да спецдакладчыка па пытаннях свабоды слова ААН і спецдакладчыка па свабодзе СМІ АБСЕ. Такім чынам мы імкнуліся  задзейнічаць усе прававыя і міжнародныя механізмы для абароны нашых калег

— Галоўную занепакоенасць БАЖ па-ранейшаму выклікаюць бясконцыя штрафы журналістам па артыкуле 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. На дадзены момант улады Беларусі вядуць татальны пераслед журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, суды адбываюцца фактычна кожны тыдзень, і мы не можам маўчаць у такой сітуацыі, — падкрэсліў старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

— Апроч усіх іншых зваротаў і лістоў Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавала зварот у Канстытуцыйны суд Беларусі з просьбай абавязаць заканадаўцаў ліквідаваць прабелы ў заканадаўстве, якія на дадзены момант дазваляюць штрафаваць журналістаў за тое, за што іх немагчыма штрафаваць. Насамрэч артыкул 22.9 КаАП не прадугледжвае адказнасці журналістаў. Самымі бліжэйшымі днямі мы сумесна с Беларускім хельсінкскім камітэтам накіруем такі зварот, — дадаў Андрэй Бастунец.

У «Белсату» хочуць канфіскаваць рэшту тэхнікі, якой не адабралі раней

Парушэнняў правоў журналістаў, інфаграфіка (2009-2017)

Штрафы журналістам па арт. 22.9 КаАП 2014—2018 гг.

Каментары