312

Што журналіст можа знайсці ў бюджэтных дадзеных

15.05.2020 Крыніца: Аксана Ярашонак для BAJ.BY

Аналітык “Кошту ўрада” Жанна Кулакова падчас вэбінару расказала, як аб’ектыўна пісаць пра бюджэт. Прапануем канспект лекцыі, мяркуем, ён будзе карысны для журналістаў.

Кампанія “Права на інфармацыю” правяла вэбінар з аналітыкам праекта “Кошт урада” Жаннай Кулаковай. Размаўлялі пра тое, як працаваць з бюджэтнымі дадзенымі, дзе іх шукаць, як правільна і аб’ектыўна пісаць пра бюджэт.

Журналіст, які піша пра бюджэт, — аналітык, інфаграфік, перакладчык

Па словах Жанны, журналіст, які піша пра бюджэт, мусіць сумяшчаць шэраг функцый:

- аналітыка, які ўмее працаваць з дадзенымі, разумее іх і можа аналізаваць;

- інфаграфіка, які можа падаць дадзеныя візуальна;

- перакладчыка, які можа інфармацыю з канцылярскай юрыдычнай, эканамічнай, лічбавай мовы перакласці на мову, зразумелую ўсім.

 

Як арганізаваны бюджэт

Бюджэтаў у Беларусі больш за тысячу. Практычна кожны горад, раён, сельсавет мае ўласны бюджэт. Ёсць рэспубліканскі бюджэт, які актыўна абмяркоўваецца штовосень. Яго праект разглядаюць у Палаце прадстаўнікоў.

Рэспубліканскі бюджэт — гэта не ўсе грошы краіны. Таму не трэба разглядаць толькі яго, забываючыся на мясцовыя бюджэты.

У Беларусі ёсць пазабюджэтныя фонды. Іх чатыры. Самы буйны і важны — Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Пазабюджэтныя фонды ў Рэспубліцы Беларусь:

  • Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны,

  • Дзяржаўны пазабюджэтны фонд грамадзянскай авіяцыі,

  • Дзяржаўны пазабюджэтны фонд Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў,

  • Дзяржаўны пазабюджэтны фонд універсальнага абслугоўвання Міністэрства сувязі і інфарматызацыі.

У чым памыляюцца журналісты, калі пішуць пра бюджэт

У рэспубліканскім бюджэце тры чвэрці сродкаў ідуць на агульнадзяржаўныя патрэбы — эканоміку, МУС, суды, міліцыю. І мала працэнтаў на ахову здароўя і адукацыю.

Убачыўшы такі расклад, некаторыя  журналісты сцвярджаюць, што дзяржава траціць грошы толькі на сябе. Але гэта не правільна. Бо ёсць і мясцовыя бюджэты. Менавіта з іх вялікія часткі ідуць на адукацыю, медыцыну, ЖКГ. Мясцовыя бюджэты  выглядаюць сацыяльнаарыентавана.

Каб атрымаць поўную карціну трэба глядзець кансалідаваны бюджэт: рэспубліканскі плюс мясцовыя з улікам кансалідацыі. Так, у кансалідаваным бюджэце агульнадзяржаўныя выдаткі складаюць 25 % з улікам дзяржаўнай пазыкі. Наступныя артыкулы выдаткаў — адукацыя і медыцына.

Што цікавага для чытачоў журналіст можа адшукаць у бюджэтных дадзеных

Ведаючы колькасць насельніцтва ў Беларусі, колькасць працуючых жыхароў і лічбы кансалідаванага бюджэта можна даведацца:

  • Колькі за год у кансалідаваны бюджэт было сабрана з кожнага.

  • Колькі за год кожны заплаціў падатак на даданую вартасць НДС (у 2017 годзе — 1221 рубель).

  • Колькі кожны з нас заплаціў на ўтрыманне медыцыны, адукацыі, ЖКГ, судоў, міліцыі.

  • Параўноўваючы бюджэты за некалькі год, можна даведацца, на якія галіны выдаткі павялічыліся, на якія — зменшыліся.

  • Вывучыўшы справаздачу на сайце ФСЗН, можна разлічыць, колькі за год кожны заплаціў у ФСЗН (у 2017 годзе — 2 864 рублі).

Так, аналітыкі “Кошту ўрада” вылічылі, што 169,2 тысячы долараў штодзень сёлета трацяць з рэспубліканскага бюджэта на фінансаванне дзяржаўных СМІ: Белтэлерадыёкампаніі, АНТ, СТВ, "Мір" і БелТА. Разам з гэтым ёсць і раённыя СМІ, яны фінансуюцца з мясцовых бюджэтаў.

Крыніцы інфармацыі для журналіста:

сайт Міністэрства фінансаў,

сайт Нацбанка Рэспублікі Беларусь,

сайт Еўразійскай эканамічнай камісіі.

 

Дадатковая інфармацыя:

ведамасны часопіс Мінфіна “Фінансы. Улік. Аудзіт”.

 

Інфармацыя пра дзяржзакупкі:

http://goszakupki.by/

http://www.icetrade.by/

https://opentenders.by/

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!