478 1

Што не прапусціць журналістам: Абрад Юр’я ў Пагосце

05.05.2017 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by, фота аўтара

Гомельская філія БАЖ арганізоўвае прэс-тур на свята Юр’я ў вёску Пагост Жыткавіцкага раёна. Юр’я — адно з традыцыйных святаў, што пазначала старажытнае вясновае навалецце. У гэты дзень рознымі магічнымі дзеяннямі “праграмавалі” на наступны год ураджай, дабрабыт, прыплод жывёлы. Здзяйснялі ахоўныя абрады, варажылі.

Адметная форма свята захавалася ў жывой традыцыі вёскі Пагост дзякуючы фальклорнаму гурту “Міжрэчча” і яго лідарцы, Кацярыне Аляксееўне Панчэні. Вельмі раю з ёй пазнаёміцца, узяць каментар. Кацярына Аляксееўна вырасла ў творчай сям’і, яе бацька быў музыкам, маці спявала. У хаце заўсёды было поўна народу, на вачах дзяўчынкі здзяйсняліся ўсе абрады гадавога кола. Добра іх запомніўшы, Кацярына Аляксееўна выкарыстоўвала веды, набытыя ў дзяцінстве, падчас працы ў якасці работніцы культуры. Цяпер яна на пенсіі, але застаецца галоўнай арганізатаркай традыцыйнай часткі свята Юр’я ў Пагосце. Клуб арганізоўвае канцэрт.

Юр’я пачынаецца выпечкай каравая, які ў Пагосце завецца “карагод”. Звычайна гэта адбываецца 5 траўня. Калі ёсць магчымасць, прыедзьце загадзя, каб зафіксаваць працэс, Кацярына Аляксееўна заўсёды рада гасцям. Свята 6 траўня распачынаецца ўпрыгожваннем каравая ў адной з хат Пагоста (адразу па прыездзе ўдакладніце, дзе гэта будзе адбывацца сёлета). Затым з хаты ўрачыста выносяць упрыгожаны каравай, абраз Маці божай, граблі з павязаным на іх зялёным фартушком, зорку, якую носяць у Пагосце і на Каляды.

Раней замест грабляў выкарыстоўвалі крыж, але падчас савецкай барацьбы з рэлігіяй яго забаранілі.

Удзельнікі юр’еўскага абыходу ідуць з песнямі на поле, дзе водзяць карагод. Там жа мяняюць фартушок на граблях з зялёнага на чырвоны. Што гэта значыць — спытайце ў жыхароў Пагоста.

Потым абыходзяць некалькі вуліц вёскі, спыняючыся ля кожнай жылой хаты і водзячы карагод. Гаспадары за гэта даюць пачастунак. Свята завяршаецца канцэртам у клубе.

Падчас абыходу імкніцеся не замінаць удзельнікам і адно аднаму. Жыхары вёскі ўжо звыкліся да журналістаў, пагашчанскае Юр’е мае статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі, таму ездзяць сюды шмат. Не саромцеся звяртацца да мясцовых, яны з радасцю з вамі пагавораць, папазіруюць на камеру, патлумачаць, што да чаго і як далей будзе.

Калі будзеце мець час, акрамя абраду раю звярнуць увагу на іншыя цікавосткі Пагоста. У царкве знаходзіцца адзін з тураўскіх каменных крыжоў, што быццам бы прыплылі па Прыпяці ў ХІІ ст. з Кіева. Побач з царквой — старыя могілкі, дзе на дрэвах можна пабачыць борці. Пагост знаходзіцца ў міжрэччы Прыпяці і Сцвігі, адкуль і назва гурта, што здзяйсняе абрад Юр’я.

Тут шалёна прыгожыя пейзажы, выйдзіце да вады, не пашкадуеце! Частка мясцовага ландшафту — прыдарожныя крыжы, упрыгожаныя тэкстылем.

Пагост варта наведаць не толькі на Юр’я. Тут ладзіцца таксама Жаніцьба коміна 11 верасня, Каляды 7 і 13 студзеня, Масленіца, Саракі, Вялікдзень.

Каментары

Матэрыял абсалютна не для сайта БАЖ, а для газеты "Культура". Адсюль і адпаведная наведвальнасць. Асабліва хочацца адзначыць абсалютна непрафесійныя фотаздымкі, якасць якіх павінна была абмежаваць іх ад сайта журналісцкага аб'яднання.

Першыя фоты зроблены незразумела адкуль збоку і ззаду, героі не тое, што не глядзяць у аб'ектыў. Яны павернутыя да журналіста задам)

Хлопец з вянком і хлебам - нізкая якасць самой карцінкі + здаецца, што гэта кавалак нейкая вялікай фоткі, якая проста абрэзана.

Апошняе фота наогул незразумела да якога Юр'я.

ТАМУ ПРАШУ, КАБ НАСТУПНЫ РАЗ АЛЕНА ЛЯШКЕВІЧ ПІСАЛА НА САЙТ БАЖ ПРА ЖУРНАЛІСТЫКУ, А НЕ ПРА СВАЕ АБРАДЫ. Матэрыял на 8 сакавіка быў добры