2890

Што кажуць пра асвятленне гэтых выбараў назіральнікі і прадстаўнікі ўлады? (АБНОЎЛЕНА)

12.10.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Міжнародныя назіральнікі ад АБСЕ і Савета Еўропы на прэс-канферэнцыі 12 кастрычніка закранулі тэму асвятлення выбараў, хаця і не моцна паглыбляліся ў яе.

Кент Харстэд, спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновах назіральнікаў ПА АБСЕ, назваў пазітыўным момантам свабодны доступ кандыдатаў да дзяржаўных СМІ – «на роўных падставах і без цэнзуры».

У той жа час, прадстаўнік ПА АБСЕ Джым Уолш звярнуў увагу на тое, што ўсё гэта адбывалася “ў абмежаваным асяродку СМІ”. А тое, што ў тэледэбатах бралі ўдзел не ўсе кандыдаты, на яго думку, істотна абмяжоўвала выбаршчыкаў у інфармацыі.

Журналістаў дзяржаўнай прэсы цікавіла, як назіральнікі ставяцца да каментавання выбарчага працэсу катом Барсікам “на адным з сайтаў”, а таксама да заклікаў байкатаваць выбары. Назіральнікі далі зразумець, што і да першага,  і да другога ставяцца спакойна – што ва ўсім свеце ёсць людзі, якія жартуюць з сур’ёзных падзеяў, і што ўдзел альбо няўдзел у выбарах – асабістая справа кожнага.

Гэтая прэзідэнцкая кампанія была значна менш цікавай за папярэднюю. А адсутнасць адказнасці за парушэнні адвучыла выбарчыя камісіі нармальна працаваць.

Такое меркаванне агучылі на прэс-канферэнцыі 12 кастрычніка прадстаўнікі грамадскай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» – старшыня РПГА «Беларускі хельсінкскі камітэт» Алег Гулак і намеснік старшыні закрытага праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

“За апошнія 15 гадоў нікога з сябраў выбарчых камісій, выканкамаў, адміністрацый, якія маюць дачыненне да арганізацыі выбараў і на якіх скардзіліся назіральнікі, ніколі не прыцягвалі да адказнасці, – адзначыў Алег Гулак. – Нават прынцыповай ацэнкі іх дзеянням не было дадзена. Нашай выбарчай сістэме не хапае ў добрым сэнсе “санітараў”. Сістэма безадказнасці, якая склалася за 15 гадоў, адвучыла людзей працаваць”.

Нагадаем, што з пачатку датэрміновага галасавання служба маніторынгу ГА “БАЖ” фіксавала выпадкі выдалення журналістаў з выбарчых участкаў, адмоваў у інфармацыі, а таксама перашкодаў працы журналістаў на ўчастках.

На прэс-канферэнцыі карэспандэнт БелаПАН пацікавіўся, чаму, на думку назіральнікаў, у часе гэтай кампаніі дзяржаўныя СМІ ўстрымліваліся ад жорсткай крытыкі і знявагаў на адрас канкурэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і нават асвятлялі іх дзейнасць.

“Безумоўна, пазітыўны момант – больш спакойнае стаўленне да кандыдатаў, – заўважыў Алег Гулак. – З іншага боку, гэтая палітычная кампанія значна менш цікавая за папярэднюю, калі быў дзясятак кандыдатаў і актыўных, і жорсткіх. Узровень палітычнага супрацьстаяння, накал барацьбы тады быў значна вышэйшы. Таму, відаць, і дзеянні ўладаў былі іншыя. Відавочна, што гэтым разам было жаданне прадэманстраваць прагрэс. Але гэта тычылася толькі тых сфер, дзе яго можна было прадэманстраваць. Прынцыповыя ж рэчы ў выбарчым працэсе не мяняюцца”.

Прадстаўнікі кампаніі «За справядлівыя выбары», якія таксама ладзілі прэс-канферэнцыю 12 кастрычніка, заявілі, што “дзейны прэзідэнт дамінаваў у інфармацыйным полі, дзякуючы дзейнасці дзяржаўных СМІ”.

Уласную ацэнку працы СМІ дала і міністр інфармацыі. Лілія Ананіч заявіла ў інтэрв’ю Tut.by, што большасць беларускіх СМІ ў часе кампаніі “працавалі на сваю краіну, актыўна асвятляючы ход выбарчай кампаніі”, і “сур’ёзных парушэнняў заканадаўства нацыянальнымі СМІ не зафіксавана”.

«Мы давалі магчымасць усім СМІ праявіць сябе. У лексіконе Міністэрства інфармацыі няма слова «караць», – запэўніла міністр. – Выбарчая кампанія, на мой погляд, прайшла без брудных тэхналогій. Але асобныя рэсурсы, у большай ступені, зарэгістраваныя за межамі нашай краіны, мелі іншую мэту ў гэтай выбарчай кампаніі. Яны яўна заангажавана асвятлялі яе, заклікаючы да байкоту выбараў, скажаючы рэчаіснасць. Такая рэдакцыйная палітыка яўна не ўкладваецца ў рамкі заканадаўства».

Дзяржаўныя ж СМІ, на думку міністра, «выклаліся па поўнай, каб выбарчая кампанія праходзіла галосна і транспарэнтна».

Выніковая справаздача групы маніторынгу ГА «БАЖ», якая назірае за асвятленнем кампаніі па адмысловай метадалогіі, адбудзецца пазней.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!