747 0

Што азначае “справа рэгнумаўцаў” для медыясупольнасці? Выказваюцца Класкоўскі, Давыдзька, Бастунец, Пачобут, Пальчыс

02.02.2018 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Аляксандр Класкоўскі

Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі “БелаПАН”

— Калі вынесці за дужкі ўсе палітычныя падтэксты — а гэта справа мела відавочны палітычны характар — можна завастрыць увагу на пагрозах для свабоды слова і свабоды выказвання. Калі казаць пра пытанні інфармацыйнай бяспекі Беларусі, то ў нейкай меры можна зразумець логіку беларускіх уладаў, калі яны караюць тых, хто вёў інтэнсіўную мэтанакіраваную імперскую прапаганду.

Але іншае пытанне: які пры гэтым ужываўся інструментарый. Калі чытаеш абвінавачванне, узнікае шмат пытанняў. Дзякуй Богу, улады знялі абвінавачванне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі ішоў гэты працэс, я ўжо адзначаў, што такім чынам можна было б любога журналіста абвінаваціць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, калі ён піша для нейкіх сайтаў і атрымлівае ганарары.

Таму падыход да гэтай справы, метады і механізмы выклікаюць трывогу з пункту гледжання гарантый свабоды выказвання. Бо заўтра такі ж інструментарый можа быць выкарыстаны да любога чалавека, які крытыкуе ўлады ці выкрывае, напрыклад, імперскую палітыку Расіі.

Зрэшты, гэта нават не заўтра, а ўчора: я маю на ўвазе справу супраць Эдуарда Пальчыса. Яна выглядае вельмі падобнай, люстэркавай. Нават у тым, што Пальчыс таксама доўга быў за кратамі, атрымаў абвінаваўчы прысуд і быў адпушчаны ў зале суда. Таму я лічу, што беларуская дзяржава, безумоўна, мае права бараніць інфармацыйную прастору і ставіць нейкі бар’ер для дэструктыўных уплываў з боку “рускага свету”.

Разам з тым, беларускай журналісцкай супольнасці вось у такіх калізіях варта ўсё ж трымацца і абараняць прынцыпы свабоды слова. Гісторыя неадназначная, але яна адлюстроўвае спецыфіку беларускай дзяржавы, калі няма рэалізацыі прынцыпу прававой дзяржавы, і карная машына працуе паводле адмашкі. У мяне негатыўнае ўражанне ад гэтай гісторыі, хоць сам я катэгарычна не прымаю пазіцыю аўтараў Regnum адносна Беларусі, незалежнасці, гісторыі і г. д.

— Калі разглядаць палітычны аспект справы: гэта сігнал камусьці?

— Я б тут не будаваў нейкіх канспіралагічных версій. Я думаю, што беларуская дзяржава дзейнічала, зыходзячы са сваёй традыцыйнай логікі. Можна разгортваць доўгі аналіз, бо гэтыя аўтары былі ўзяты пад варту, калі ішла нафтагазавая вайна паміж Беларуссю і Расіяй. На цяперашні, адносна мяккі прысуд, магчыма, паўплывала тое, што адбылося замірэнне з Масквой.

Хоць я не думаю, што ўлада гэтым працэсам спецыяльна хацела накіраваць нейкае пасланне журналісцкай супольнасці. На мой погляд, дзяржаўная машына працуе па сваёй методыцы.

Улада думае, як сябе абараніць, бо ў абвінавачанні быў зроблены акцэнт на тым, што аўтары скажона трактавалі палітыку уладаў. То бок афіцыйны Мінск пераймаўся тым, як ён у гэтых публікацыях выглядае ў вачах Масквы.

Ну, і другі момант палягае ў там, што хоць аўтараў асудзілі, але сам сайт Regnum працягвае працаваць і ён не блакаваны ў Беларусі, у адрозненні ад “Беларускага партызана” ці “Хартыі’97”. Замест гэтых публіцыстаў, туды будуць пісаць іншыя людзі. Таму, я лічу, што галоўная задача для беларускіх уладаў — гэта развіццё нацыянальнай самасвядомасці, каб у беларускага грамадства быў моцны імунітэт супраць ідэалогіі “рускага свету”.

А ў гэтым кірунку не робіцца галоўнага, бо Беларусі патрэбна моцная, незалежная, нацыянальна арыентаваная прэса. А яе беларуская ўлада таксама баіцца.

Андрэй Пачобут, Анджэй Пачобут

Андрэй Пачобут, журналіст Gazety Wyborczej

— Справа “рэгумаўцаў” сведчыць, што нягледзячы на нейкія заявы пра лібералізацыю ці нешта падобнае, у Беларусі нічога не змяняецца. І ў любы момант улады і сілавыя структуры могуць ударыць па людзях, якія недзе нешта пішуць.

Я не лічу, што гэтая справа — працяг абароны ад расійскага медыйнага ўплыву. На мой погляд, “рэгнумаўцаў” судзілі за тое, што яны крытыкавалі Лукашэнку перад расійскімі чытачамі, перад расійскай аўдыторыяй. І ўлады проста ў нейкі момант палічылі, што для іх гэта небяспечна. Асабліва з улікам таго, што пасля Крыма попыт на такія расійскія шавіністычныя прадукты рэзка павялічыўся. Да Крыма такія  меркаванні былі маргінальнымі, а пасля Крыма фактычна расійскі мэйнстрым пачаў размаўляць мовай Regnum.

Таму беларускія ўлады і вырашылі ўдарыць па мясцовых адэптах Regnum. Але ў гэтым я не бачу ніякай спробы ўладаў вярнуць сабе ўплыў над беларускай медыяпрасторай.

Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў

— Я лічу, што гэтая справа — сігнал пра тое, што нельга кранаць “святое” — то бок адносіны паміж часткамі “саюзнымі дзяржавы”.

Што тычыцца менавіта журналістаў, то нагадаю, што першапачаткова супраць падсудных было выстаўлена абвінавачанне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці за атрыманне ганарараў. Падчас працэсу яно было знятае пракурорам, але не таму, што абвінавачанне змяніла свой падыход да сітуацыі, а таму, што следства ў судзе проста не пацвердзіла памераў атрыманых прыбыткаў.

Таксама варта адзначыць, што гэты працэс актуалізаваў пытанні паміж свабодай выказвання і дапушчальнымі абмежаваннямі свабоды выказвання. Паміж свабодай слова і прапагандай. Але мы можам бачыць, наколькі далёка можа пайсці дзяржава ў змаганні з непрыемнай для сябе інфармацыяй.

Генадзь давыдзька, Геннадий Давыдько

Генадзь Давыдзька, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі

— Па-першае, каментаваць рашэнні суда — не мая кампетэнцыя. Па-другое, ёсць адказнасць за словы, а гэта — галоўны абавязак кожнага журналіста і ўвогуле чалавека. Гэтым рашэннем прадэманстравана тое, што трэба адказваць за словы і за сваю пазіцыю. І дзейнічаць у межах заканадаўства краіны, дзе ты жывеш і працуеш.

Эдуард Пальчыс, Эдуард Пальчис

Эдуард Пальчыс, блогер, аўтар сайта 1863x.com

— На свабоду слова гэты прысуд не асабліва ўплывае, бо гэта хутчэй са сферы высокай палітыкі. Фармальна Regnum адносіўся не да нашай, а да расійскай медыяпрасторы. Гэта —  знак з боку сілавікоў палітычным сілам Расіі, якія спрабуюць лабіраваць тут нейкія рэчы. “Рэгнумаўцы” адпрацоўвалі пэўныя інтарэсы Баранчыка і людзей з крамлёўскай адміністрацыі.

Мая думка, гэты працэс — пасланне, што за ўсім сочаць, усё пад кантролем. Прычым наша медыйная прастора пад кантролем з усіх бакоў: з расійскага, з нашага, з заходняга. Таму нічога кардынальнага не адбылося. Трэба быць акуратнымі, але шукаць новыя формы і метады працы з аўдыторыяй, каб фармальна не парушаць заканадаўства. Але гэта вечная вайна, якая была і будзе. Заўсёды ёсць дзеянне і супрацьдзеянне. Таму нічога страшнага не адбылося.

Фоты: Уладзь Грыдзін, Радыё Свабода

Каментары