533

Што агульнага маюць Год нацыянальнага адзінства ў Беларусі і «Радыё тысячы пагоркаў» у Руандзе

17.02.2021 Крыніца: Дзьмітры Гурневіч, "Радыё Свабода"

У абвешчаны Лукашэнкам Год нацыянальнага адзінства праўладныя прапагандысты зладзілі сапраўднае спаборніцтва ў закліках да расправы над палітычнымі апанэнтамі. Хто б зь іх не перамог, драматычна прайграе беларускае грамадзтва.

Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык, тг-канал "Жёлтые сливы".

Ролік Азаронка на СТВ «Накажи их, Боже, накажи» зь відэашэрагам Бабарыкі, Герасімені, Латушукі, Ціханоўскай выклікаў пераважна жартаўлівую рэакцыю ў сацыяльных сетках. Зроблена гэта сапраўды моцна прымітыўна і патасна. Але адрасат такіх ролікаў ня большасьць грамадзтва, якая прагне пераменаў. Аўтары зьвяртаюцца да рэшткаў прыхільнікаў Лукашэнкі. Дзеля чаго? Каб трымаць у тонусе, замацоўваючы ў галовах простае пасланьне: вось яны, ворагі, і іх трэба караць.

Той электарат, які застаўся ў Лукашэнкі пасьля выбараў — гэта прыхільнікі сілы, АМАПу і аўтарытарнай рукі. Аб’яднаць іх можна толькі акрэсьліўшы ворага і падмацоўваючы да яго нянавісьць. Улада не прыдумала ровар, гэтая стары прынцып «Падзяляй і ўладар». Інакш і гэты электарат проста расьцярушыцца. Звыклай палітычнай спрэчкі праўладным прапагандыстам недастаткова, яны імкнуцца расчалавечыць вобраз сваіх ворагаў. Былі ўжо наркаманы, алькаголікі, абібокі, паслугачы NATO. Але гэтага мала. Цяпер ужо і цэлы Бог мае іх пакараць. Калі апанэнта цалкам расчалавечыць, то ня трэба ўжо і даказваць сваім, чаму супраць яго дазволеныя любыя мэтады, чаму можна судзіць за бел-чырвона-белыя сьняжынкі на вакне.

А потым ужо знойдуцца тыя, хто дасьць канкрэтныя інструкцыі, як, напрыклад, адзін з самых актыўных праўладных блогераў Аляксей Голікаў.

— Нам всем надоел этот бардак. Мы можем за одну ночь очистить страну от беспорядка, вражеских символов, и в стране восстановится порядок и мир. Отсидеться и отмолчаться больше не получится, — сказаў у эфіры таго ж СТВ Голікаў.

Як і дзе за адну ноч наводзілі «парадак», усе мы добра памятаем з гісторыі Нямеччыны 30-х гадоў. Дзіву даесься, як людзі, якія безупынна гавораць пра памяць аб вайне, выкарыстоўваюць яе найгоршыя старонкі для цкаваньня палітычных апанэнтаў.
У той жа дзень у сваім стылі выступіў у выданьні Адміністрацыі прэзыдэнта і Андрэй Мукавозчык. Заклік да турэмнага зьняволеньня за выкарыстаньне бел-чырвонага-белага сьцяга ў ягоным тэксьце быў, бадай, самым бяскрыўдным. Мукавозчык марыць пра «ўборку».

— Пришло, видимо, время провести генеральную уборку (или, как «оналитики» стонут, «тотальную зачистку») информационного пространства родной страны. Собрание все ближе, артиллерия подтягивается, большинство точек, откуда с весны буквально расстреливали наше общество, нанесены на карту. И готовящиеся изменения в законодательство, выносимые на Всебелорусское народное собрание, дадут народу отмашку: «Очистим нашу землю от нечисти!»

Азаронак, Голікаў, Мукавозчык і іншыя выступаюць з гэтымі заявамі не ва ўласных блогах. Яны распальваюць варожасьць паміж беларусамі за грошы саміх жа беларусаў, у дзяржаўных СМІ. Гэта наўмыснае цкаваньне адных беларусаў супраць іншых. Улада трымаецца ня толькі на штыках АМАПУ, але і на падзеле грамадзтва. І прапагандысты гэты падзел ёй забясьпечваюць... у Год нацыянальнага адзінства.

Мова нянавісьці дзяржаўных прапагандыстаў дзеліць беларусаў, нацкоўвае адных на другіх, пашырае варожасьць. Гэтая зьява ня новая, і яна даўно прыносіць свой горкі плён. Кідаць камень у вакно, дзе вісіць сьцяг, ужо нават не хуліганства. Паводле міліцыі, гэта выказваньне нязгоды. МУС публікуе нібыта званкі ад менчукоў, якія заклікаюць расстрэльваць «пратэстуноў», і ня бачыць у гэтым праблемы.

А пад чыім уплывам былы вайсковы пэнсіянэр у Салігорску, прыхільнік Лукашэнкі, 12-га жніўня забіў нажніцамі рабочага «Беларуськалію», які быў прыхільнікам пераменаў? Што глядзеў і слухаў п’яны кіроўца зь Берасьцейшчыны, прыхільнік Лукашэнкі, які ўдарыў па галаве мэдыка, бо тыя, маўляў, супраць Лукашэнкі? Што глядзяць і слухаюць сілавікі, якія, катуючы людзей, літаральна паўтараюць пры гэтым фразы праўладных прапагандыстаў?

Мова нянавісьці з вуснаў прапагандыстаў Лукашэнкі — гэта не «перагіб на месцах». На тэлеканалах, дзе яны выступаюць, ёсьць рэдактары. Ёсьць цэлае Міністэрства інфармацыі, якое шукае экстрэмізм і ў няправільна пастаўленай косцы. Нікому там гэтая варожасьць не замінае, ніхто яе там не асуджае. А калі не замінае, значыць, яна ім проста выгадная.

У 1993 годзе ў афрыканскай Руандзе стварылі «Свабоднае радыё і тэлевізію тысячы пагоркаў». Станцыя была прыватнай, але грошы яна атрымлівала ад дзяржавы, выкарыстоўвала дзяржаўныя радыёхвалі. Мэтай вяшчаньня было стварэньне «гарманічнага разьвіцьця ў руандыйскім грамадзтве», каб зьменшыць варожасьць паміж плямёнамі гуту і тутсі. Але вынік дзейнасьці быў цалкам адваротным. У эфіры гучалі перадачы палітычных аглядальнікаў з племені гуту, якія заклікалі да вынішчэньня тутсі. Часта гэта рабілася эўфэмізмамі, але з часам у эфіры пачалі гучаць і прамыя заклікі да забойстваў.

Пазьней некаторых дыктараў судзілі. Яны тлумачылі, што вінаваты ўрад, а не яны, апраўдвалі сябе ўласнай неўраўнаважанасьцю. Але ўсё гэта было ўжо пасьля генацыду, які забраў жыцьці сотняў тысяч людзей. «Радыё тысячы пагоркаў» існавала ўсяго год, але назаўжды трапіла ў гісторыю як рупар гвалту і расправы над апанэнтамі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!