НЕ - ВАЙНЕ!
3660

Што адбілася ў інфармацыйным люстэрку верасня?

30.10.2015 Крыніца: Марыя Савушкіна для www.baj.by

Верасень 2015-га быў месяцам агітацыі кампаніі па выбарах прэзідэнта. Эфір павінны былі напоўніць дэбаты, палітычныя спрэчкі, дыскусіі. СМІ – інструмент, якім палітыкі імкнуцца скарыстацца дзеля ўплыву на выбарцаў і павелічэння сваёй папулярнасці. Агітацыя – канцэнтраваны і інтэнсіўны перыяд працы медыяў. Але ці было так падчас гэтай кампаніі? Ці сталі выбары асноўнай інфармацыйнай нагодай верасня?

10 верасня, па выніках збору подпісаў, ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзідэнты чатырох асобаў: Таццяну Караткевіч, Сяргея Гайдукевіча, Мікалая Улаховіча, Аляксандра Лукашэнку. Пасля рэгістрацыі пачаўся агітацыйны перыяд, які працягнуўся з 11 верасня па 10 кастрычніка. Праца са СМІ – ключавы момант усяго этапу агітацыі. Пра эфектыўнасць агітацыйнай кампаніі, як правіла, сведчыць падвышэнне папулярнасці кандыдата, што адбіваецца на выніках галасавання. Выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі пры правядзенні агітацыі падчас палітычных кампаній рэгулюе арт. 46 Выбарчага кодэкса РБ.

Каб параўнаць удзел дзяржаўных і недзяржаўных медыяў у выбарчай кампаніі, быў зроблены аналіз паведамленняў інфармацыйных агенцтваў у перыяд часу з чэрвеня па верасень. Дадзеныя за чатыры месяцы дазволяць параўнаць месяц агітацыі (верасень), з дадзенымі ў іншыя перыяды выбарчай кампаніі, выявіць і ацаніць дынаміку з’яўлення выбарчай інфармацыі ў эфіры. Дзеля параўнальнага аналізу былі выбраныя інфармацыйныя паведамленні дзяржаўнага прадпрыемства “Белта. Белорусское телеграфное агенство” і прыватнага інфармацыйнага агенцтва “Беларуская інфармацыйная кампанія БелаПАН”.

Метад аналізу - падлік згадванняў ключавых словаў на выбарчую тэматыку ў паведамленнях інфармацыйных агенцтваў. Падлік ажыццяўляўся пры дапамозе пошукавых сістэм сайтаў інфармацыйных агенцтваў www.belapan.by і www.belta.by. Ключавыя словы выкарыстоўваліся на рускай мове.

Дзеля таго, каб выявіць дынаміку выкарыстання выбарчай тэматыкі дзяржаўным і недзяржаўным інфармацыйнымі агенцтвамі былі выбраныя ключавыя словы, па якіх і здзяйсняліся замеры. У якасці ключавых словаў выбраныя прозвішчы кандыдатаў у прэзідэнты, а таксама словы “выборы”, “оппозиция” і прозвішча старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Выніковыя дадзеныя змешчаныя ў табліцу ніжэй і праілюстраваныя інфаграфікай.

Статыстыка згадвання ключавых словаў на выбарчую тэматыку дзяржаўным і незалежным інфармацыйнымі агенцтвамі ў чэрвені-верасні, 2015 г.

Апісанне атрыманых дадзеных

Відавочна, што з чэрвеня прысутнасць прозвішчаў кандыдатаў у паведамленнях інфармацыйных агенцтваў узрасла. Адмоўную дынаміку згадвання мае толькі слова "оппозиция" на БелаПАН – яго згадкі ў верасні зменшыліся і сталі роўнымі ліпеню і жніўню. Дзяржаўнае агенцтва згадвала апазіцыю ў верасні часцей, чым у папярэднія месяцы.

Самую вялікую дынаміку росту паказала слова "выборы": ад 48 згадак на БелТА ў чэрвені да 407 - у верасні. Кандыдатаў у прэзідэнты (акрамя Аляксандра Лукашэнкі) дзяржаўнае інфармагенцтва ў верасні ўзгадвала прыкладна ў тры разы часцей, чым у папярэднія месяцы кампаніі. Але больш за незалежных кандыдатаў БелТА цытавала Лідзію Ярмошыну, і гэта тычацца ўсіх месяцаў даследавання.

Стабільна высокі рост, як у паведамленнях незалежнага інфармагенцтва, так і дзяржаўнага, маюць дадзеныя згадвання прозвішча дзеючага прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. Адметна, што БелаПАН у жніўні і верасні згадаў А. Лукашэнку амаль аднолькавую колькасць разоў (295 і 296 адпаведна). У той час як згадванне прозвішчаў іншых кандыдатаў у гэты перыяд часу ўзрасло. Гэта можа сведчыць пра імкненне парытэтнага стаўлення да ўдзельнікаў выбарчага працэсу з боку БелаПАН, імкненне кампаніі быць незалежнай ад маніпуляцый у інфармацыйнай прасторы з боку ўлады. Маніпуляцыяй, у прыватнасці, з'яўляецца выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу.

Незалежная кампанія, таксама як і БелТА, на працягу ўсёй кампаніі больш за незалежных кандыдатаў згадвала Лідзію Ярмошыну і слова "выбары". Гэтыя суадносіны не змяніліся і ў верасні, калі, па ідэі, увага інфармагенцтва павінна была пераключыцца з прадстаўнікоў дзяржавы і працэдурных момантаў на саміх удзельнікаў выбараў.

Высновы

Згадванне імёнаў кандыдатаў у верасні павысілася. Ці можна лічыць гэтае падвышэнне дастатковым для агітацыйнай кампаніі?

Як выбары выглядалі на фоне бягучых інфармацыйных нагодаў?

Што яшчэ, акрамя выбараў, важнага адбылося ў верасні? Як на фоне штодзённага інфармацыйнага патоку выглядала ключавая палітычная кампанія? Дзеля гэтага былі вылучаныя асноўныя "невыбарчыя" тэмы верасня і зробленыя замеры па адпаведных ключавых словах. Каб адказаць на вышэйпастаўленыя пытанні, дадзеныя былі параўнаныя з “выбарчай лексікай”. Выбар тэмаў, абаснаванне, ключавыя словы:

Выступ Аляксандра Лукашэнка ў ААН, візіт у ЗША. 27-29 верасня адбыўся працоўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў ЗША, дзе ён выступіў з прамовай на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН, а таксама сустрэўся з шэрагам афіцыйных асобаў і ключавых фігураў сусветнай палітыкі і фінансавай сферы. Як дзяржаўнае і недзяржаўнае інфармацыйныя агенцтвы асвятлялі падзею? Дзеля выяўлення інфармацыйных паведамленняў былі вылучаныя ключавыя словы “ООН”, “Нью-Йорк”, “визит” і здзейсненыя замеры пры дапамозе пошукавай сістэмы на сайтаў інфармацыйных кампаній незалежнай БелаПАН www.belapan.by і дзяражаўнай БелТА і www.belta.by.

Мігранты, крызіс у ЕС. У верасні пытанне аб размеркаванні ўцекачоў з Сірыі і Блізкага Усходу ў Еўрапейскім Саюзе абмяркоўвалася на самым высокім узроўні. Крызіс дасягнуў свайго піку. Неабходнасць размеркавання 160 тысяч уцекачоў, якія трапляюць у ЕС праз Вугоршчыну, Італію і Грэцыю, паставіла пад пытанне ключавыя пагадненні ЕС, як, напрыклад, Шэнгенскае пагадненне. Дзеля выяўлення наяўнасці дадзенай тэмы ў паведамленнях беларускіх інфармагенцтваў былі выбраныя ключавыя словы “беженцы”, “кризис”, “Европа, Европейский Союз”, і “Сирия” – краіна, у якой ужо некалькі год ідзе грамадзянская вайна.

Расійская ваенная авіябаза ў Беларусі: будзе ці не? Некалькі незалежных выданняў у верасні змясцілі інфармацыю пра тое, што ў Беларусі можа з'явіцца расійская ваенная авіябаза. Месцам размяшчэння аб’екта называліся Ліда, Бабруйск ці Баранавічы. Датай пачатку працы – сярэдзіна наступнага года. Інфармацыя выклікала напружанасць. Па тэме выказаліся афіцыйны асобы, у тым ліку прэзідэнт.

Дзеля аналізу прысутнасці тэмы ў паведамленнях інфармацыйных агенцтваў былі выбраныя ключавыя словы “авиабаза”, “Россия”, “Беларусь”. Мяркуецца, што выяўленыя дадзеныя прадэманструюць насычанасць паведамленняў інфармагенцтваў у тым ліку інфармацыяй на міжнародную і ваенную тэматыку.

Выпадак на станцыі метро “Уручча”. Вечарам 18 верасня ў пераходзе на станцыі метро Уручча супрацоўнікі міліцыі жорстка абышліся са сляпым, які прасіў міласціну. За інваліда заступіліся грамадзяне і паспрабавалі абараніць яго. Відэа інцыдэнту ўзарвала інтэрнэт, выпадак вельмі актыўна абмяркоўвалася ў сацыяльных сетках. Ці звярнулі ўвагу на выпадак інфармацыйныя агенцтвы? Дзеля выяўлення інфармацыі на гэтую тэматыку былі выкарыстаныя ключавыя словы "метро", "слепой", "инвалид" – апошняе слова з больш шырокім сэнсавым ахопам. Статыстыка ў тым ліку пакажа насычанасць навінавай стужкі інфармацыяй на тэму жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Тэмы

Ключавыя словы

БелаПАН

БелТА

Выступ Аляксандра Лукашэнкі ў ААН, візіт у ЗША

ООН

77

184

Нью-Йорк

35

113

визит

77

97

Мігранты, крызіс у ЕС

беженцы

1

75

кризис

41

118

Европа, Европейский Союз (агульная лічба згадвання)

66

 80

Сирия

3

65

Расійская ваенная авіябаза ў Беларусі: будзе ці не?

авиабаза

5

6

Россия

105

643

Беларусь

555

971

Выпадак на станцыі метро “Уручча”

метро

28

67

слепой

0

4*

инвалид

6

87

*З усіх чатырох згадак гэтага слова на БелТА ніводная не тычыцца выпадку ў метро Уручча.

Апісанне атрыманых дадзеных

Па ўжыванні ўсіх выбраных ключавых словаў статыстыка БелТА перавышае БелаПАН.

Самая вялікая колькасная розніца выяўленая па згадванні словаў "ООН", "инвалид", "кризис", "беженцы", "Сирия". Блізкія паказчыкі маюць словы "визит", "Европейский Союз, Европа".

Асобна трэба адзначыць розніцу ў колькасці згадвання назваў "Россия" і "Беларусь" дзяржаўным і незалежным інфармацыйнымі агенцтвамі. БелТА згадала назву суседняй дзяржавы ў верасні 643 разы, у той час як БелаПАН у 6 разоў меней – 105 згадак. Беларусь дзяржаўнае інфармагенцтва згадала амаль тысячу разоў, БелаПАН, - у два разы менш (555 разоў).

Для параўнання, Еўрапейскі Саюз БелТА згадала у 8 разоў менш, чым Расію (80 і 643 згадкі адпаведна). БелаПАН згадаў ЕС амаль у два разы менш за Расію (66 і 105 згадак адпаведна).

Вельмі высокія паказчыкі згадвання Расіі дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам гавораць пра магутную прысутнасць суседняй дзяржавы ў навінавай стужцы агенцтва і ў цэлым у эфіры. Расію БелТА згадвала прыкладна 30 разоў кожны працоўны дзень, амаль 4 разы кожную працоўную гадзіну (пры ўмове, што ў месяцы прыкладна дваццаць адзін 8-гадзінны працоўны дзень). Статыстыка БелаПАН выглядае больш спакойнай і адпаведнай рэальнаму рытму з'яўлення навінаў, звязаных з суседняй дзяржавай - 105 згадак за месяц, што азначае прыкладна 5 згадак кожны працоўны дзень.

БелТА больш за БелаПАН згадвала ўцекачоў і сітуацыю ў Сірыі, больш актыўна, чым незалежнае агенцтва, ўжывала слова "кризис" і назву “ООН”. Згадванне словаў “ООН” і “Нью-Йорк” на БелТА гаворыць пра надзвычайна вялікую ўвагу, якую агенцтва надало візіту А. Лукашэнкі ў ЗША і выступу на 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Для параўнання: у жніўні БелТА згадала "Нью-Йорк" 42 разы, што амаль у тры разы менш, чым у верасні (113).

Ключавое слова "авиабаза" дзяржаўнае і недзяржаўнае інфармацыйныя агенцтвы ўжылі аднолькава невялікую колькасць разоў. Гэта значыць, што навінавай інфармацыі на тэму адкрыцця ў Беларусі расійскай ваеннай авіябазы было няшмат ці ўвогуле не было.

Агульная статыстыка сведчыць, што дзяржаўнае інфармагенцтва выдала больш інфармацыі па ўсіх вызначаных тэмах. Надало ўвагу міжнародным падзеям і змясціла інфармацыю пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якая, праўда, не абавязкова тычылася выпадку ў мінскім метро.

Дадзеныя па згадванні ключавых словаў па тэме "Выпадак у мінскім метро" і выяўленая розніца гавораць пра тое, што інфармацыйныя агенцтвы абышлі ўвагай гэтую непалітычную інфармацыйную нагоду: БелаПАН ужываў слова "метро", але амаль не згадваў "слепого" ці "инвалида" - асноўнага пацярпелага падчас інцыдэнту. Таксама і БелТА згадвала "метро" і ключавое слова "инвалид" - але замеры па слове з вузкім тэматычным ахопам "слепой" выявілі, што інфармацыі з гэтым словам у стужцы агенцтва не было, а гэта ўскосна сведчыць пра тое, што і выпадак у мінскім метро інфармацыйнае агенцтва таксама абышло ўвагай. (Усе 4 выяўленыя згадкі ключавога слова “слепой” на БелТА не маюць дачынення да выбранай тэмы.) Гэта значыць, што сацыяльныя медыі і інтэрнэт агульна ствараюць сваю, больш аператыўную і актуальную інфармацыйную прастору, у якой агенцтвы, якія працуюць па традыцыйных схемах, пакуль не знайшлі свайго месца.

БелаПАН не піша пра ўцекачоў і крызіс у Сірыі, а таксама мала змяшчае інфармацыі на тэму інвалідаў , (альбо пазбягае выкарыстання гэтага слова і карыстаецца іншым моўным інструментарыем для паведамленняў на тэму жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі).

Таксама БелаПАН менш за БелТА згадваў пра “кризис”, але даволі часта згадваў Еўропу і Еўрапейскі Саюз.

Каб адказаць на пытанне, “ці сталі выбары асноўнай інфармацыйнай нагода верасня?” варта параўнаць згадкі ключавых словаў выбарчай і нявыбарчай тэматыкі ў інфармацыйным полі БелТА і БелаПАН. Да якой нявыбарчай тэмы найбольш блізкія паказчыкі згадвання прозвішчаў кандыдатаў?

У гэтай плоскасці аналізу выбарчая тэматыка на БелТА аказваецца найбольш блізкай да канфлікту ў Сірыі. На гэта ўказваюць вельмі блізкія паказчыкі згадвання прозвішчаў Улаховіч (60), Гайдукевіч (65), Сірыя (65), Караткевіч (75), Беженцы (75). Лідзію Ярмошыну дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ў верасні згадала амаль аднолькавую колькасць разоў са словам "инвалид" (83 і 87 згадак адпаведна), што збліжае выбарчую тэматыку з сацыяльнай тэмай жыцця людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

На БелаПАН ключавыя словы выбарчай тэматыкі "Улаховіч" (60), "Гайдукевіч" (64), прозвішча старшыні ЦВК Л. Ярмошынай (69) маюць блізкія паказчыкі згадвання з невыбарчымі ключавымі словамі "визит" (77), “ООН” (77), “Европейский союз, Европа” (66). Кандыдата ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч агенцтва ўзгадала трохі больш, чым назву суседняй дзяржавы – Расіі (120 і 105 згадак адпаведна).

Высновы

На падставе сабраных дадзеных можна зрабіць выснову, што выбарам і іх непасрэдным удзельнікам інфармацыйныя агенцтвы надалі другасную ўвагу. Пра гэта сведчыць блізкасць колькасных паказчыкаў згадвання прозвішчаў кандыдатаў з ключавымі словамі па тэме ўцекачоў з Сірыі і навінамі, звязанымі з Расіяй. Дадзеныя тэмы, па вызначэнні, не з’яўляюцца першаснымі ў беларускім эфіры, паколькі:

  • не закранаюць наўпрост жыццё грамадства,
  • інфармацыйныя крыніцы па дадзенай тэматыцы знаходзяцца па-за межамі Беларусі.

У верасні інфармацыйныя агенцтвы аддалі перавагу афіцыйным інфармацыйным нагодам і падзеям з удзелам афіцыйных асобаў і дзейнага прэзідэнта. Напрыклад, больш увагі за кандыдатаў у прэзідэнты, інфармацыйныя агенцтвы, і асабліва БелТА, надалі афіцыйным навінам (у прыватнасці, візіту А. Лукашэнкі ў Нью-Ёрк). Пацвярджаецца раней выяўленая схільнасць агенцтваў да афіцыёзу пры адборы інфармацыйных нагодаў і тэматыкі для распрацоўкі. Адпаведна дзяржаўнай і незалежная інфармацыйныя кампаніі спаборнічаюць за аўдыторыю, прадстаўляючы розныя погляды на адныя і тыя ж падзеі, а не інфармацыю на розныя тэмы.

Кампаніі па выбарах прэзідэнта не атрымалася змяніць звыклых інфармацыйных плыняў і перафарматаваць эфір, які ствараюць інфармацыйныя агенцтвы. У люстэрку эфіру па-ранейшаму адбіваецца ўлада, постаць якой закрывае іншыя праявы жыцця і не пакідае месца для незалежнай, неафіцыйнай, непалітычнай інфармацыі.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!