363

Шэсць наратываў, якія расійская прапаганда распаўсюджвае ў Босніі і Герцагавіне

01.03.2023 Крыніца: Аўтар для Беларускай асацыяцыі журналістаў

Супрацьстаянне расійскай прапагандзе ў часы вайны ва Украіне — гэта тое, што яднае многія краіны: Беларусь, Украіну, Грузію, Арменію, Азербайджан, Паўночную Македонію, Сербію. Што рабіць з гэтым і як можна злучыць намаганні ў барацьбе з крамлёўскімі фэйк-ньюс журналісты, фактчэкеры, даследчыкі і іншыя эксперты з гэтых краін абмяркоўвалі ў сталіцы Босніі і Герцагавіны. Адмысловую канферэнцыю ў Сараеве ў гадавіну поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 23-25 лютага зладзіла Еўрапейская служба знешніх сувязяў (EEAS).

Большая яе частка прайшла па правілах Chatem House, то бок удзельнікі пагадзіліся падзяліцца думкамі і досведам на ўмовах неразгалошвання інфармацыі звонку. Што прэзентавалі публічна, дык гэта вынікі аналізу распаўсюду расійскай прапаганды ў баснійскіх медыя ў 2022. Даклад зрабіла Ціяна Цвецічанін (Tijana Cvjetićanin), якая шмат гадоў працуе ў фактчэкінгавых ініцыятывах і цяпер узначальвае рэдакцыйную калегію заснаванай у 2017 годзе баснійскай фактчэкінгавай платформы Raskrinkavanje. 

Фэйк-ньюс наконт вайны ва Украіне пранікаюць у грамадства праз перадрукі расійскіх навін, а таксама праз сербскі “Спутник”.

— Мы зрабілі фактчэкінг больш за 1000 артыкулаў, пастоў у сацыяльных сетках і іншых адзінак кантэнту. У тым ліку і тыя, пра якія мы атрымалі сігналы ад нашай аўдыторыі. Мы зрабілі аналіз гэтых матэрыялаў і вылучылі тое, што мы назвалі дэзынфармацыйнымі наратывамі. Пры гэтым мы ацэньвалі, наколькі важнымі з’яўляюцца гэтыя наратывы. Напрыклад, тое, што размяшчае дзяржаўны вяшчальнік, для нас было больш актуальным, чым ананімны пост у сацсетках, — тлумачыць Ціяна Цвецічанін.

У выніку атрымалася вылучыць шэсць найбольш папулярных непраўдзівых наратываў пра вайну ва Украіне, якія распаўсюджвае расійская прапаганда і якія трапілі ў інфаполе аўдыторыі з Босніі і Герцагавіны. То бок улічваліся заведама хлуслівыя гісторыі, якія скажаюць успрыняцце рэчаіснасці і ўводзяць у зман таго, хто чытае навіны пра Украіну. 

Варта заўважыць, што гэтыя наратывы цыркулююць таксама і ў беларускім інфаполі.

1.“Украіна і краіны Захаду распрацоўваюць або плануюць распрацаваць атакі з выкарыстаннем біялагічнай і ядзернай зброі”

Гэты непраўдзівы тэзіс распаўсюджваецца праз артыкулы і сюжэты пра біялабараторыі. Напрыклад, што ЗША збіраецца пабудаваць ва Украіне біялабараторыі, у якіх будзе праводзіць эксперыменты з біялагічнай зброяй, якую нібыта пратэстуюць на рускім насельніцтве. Няма ніякіх пацверджанняў гэтым фактам, таксама як і існаванню якіх-кольвек біялабараторый у рэальнасці і ядзернай зброі.

Тым не менш, гэты наратыў мае сваіх паслядоўнікаў, асабліва сярод тых, хто падтрымлівае канспіралагічныя тэорыі.

— Мы знайшлі пацверджанні, што ў Босніі і Герцагавіне ў гэта верылі вельмі моцна, — зазначае прадстаўніца фактчэкінгавай ініцыятывы.

2. Гларыфікацыя расійскай арміі і яе перамог

Гэты наратыў падтрымліваюць гісторыі пра нібыта высокатэхналагічную расійскую армію, яе геніяльную стратэгію. Сюды ж адносяцца заявы пра тое, што расійскія войскі ніколі не трапляюць па грамадзянскіх аб’ектах. Задача такога кантэнту — падтрымліваць трыўмфалісцкі настрой у тых, хто знаходзіцца на баку Расійскай Федэрацыі ў гэтым канфлікце.

Гэта не новы наратыў, ён і раней існаваў у медыя рэгіёна, асабліва ў “Спутник Сербия”, які гадамі выпраменьвае такога кшталту прапаганду.

— Асабліва шмат было гэтай інфармацыі ў першыя дні ўварвання, і шмат падтрымкі асабліва з боку “правых” рэсурсаў у рэгіёне, — каментуе Ціяна Цвецічанін.

3. Тлумачэнне, чаму вайна пачалася: "Расія абараняе сябе ад ворага ў выглядзе НАТА"

Наратыў паходзіць каранямі з палітычнага міфа, што НАТА парушыла даўняе абяцанне не праводзіць экспансію на Усход. Тут Крэмль сцвярджае, што Расія атакавала ў мэтах самаабароны.

— Напэўна, гэта найбольш распаўсюджаны наратыў у нашым коле: быццам бы насамрэч гэта НАТА вядзе проксі-вайну ва Украіне, а Расія змагаецца супраць НАТА, — робіць рэмарку Ціяна Цвецічанін.

4. “Украіна — нацысцкая краіна, і Расія вызваляе брацкі народ”

Гэты наратыў паходзіць найбольш з прамоў і артыкулаў Пуціна, дзе сцвярджалася, быццам бы Украіна нават не самастойная дзяржава. Упор робіцца на тое, што ва Украіне недэмакратычным шляхам абранае кіраўніцтва, а толькі нацысцкі рэжым. Расія ў гэтай сітуацыі "вызваляе брацкі народ ад нацызму" — гэта ідэя зноў жа з прамовы Пуціна. Артыкулы на гэтую тэму апісваюць, што Украіна быццам бы здзяйсняе або плануе здзейсніць генацыд рускамоўнага насельніцтва. Краіны Захаду пры гэтым абвінавачваюцца ў падтрымцы нацызму.

5. “Санкцыі супраць Расіі працуюсь супраць тых, хто іх уводзіць”

Раскручванне тэмы санкцый супраць Расіі таксама папулярнае ў баснійскіх медыя. Наратыў прэзентаваны ў выглядзе гісторый пра тое, што Расію, маўляў, насамрэч не закранаюць санкцыі краін ЕС і ЗША, і больш за тое, яны "нават умацоўваюць эканоміку". Прасоўваецца ідэя, што санкцыі бумерангам робяць горш тым, хто іх уводзіць. У падтрымку гэтага — апакаліптычная карцінка Еўропы без ежы, ацяплення, электрычнай энергіі і гэтак далей.

6. “Фэйк-ньюс пра фэйк-ньюс”: абвінавачанне заходніх медыя ў хлусне

Наратыў базуецца на тым, што заходнія медыя фармуюць хлуслівы вобраз Расіі. Яны нібыта робяць пастаноўкі сцэн вайны ва Украіне, несправядліва абвінавачваючы Расію, выкарыстоўваюць для гэтага акцёраў. 

Тролі ў сацсетках, заходнія медыя фармуюць "хлуслівы вобраз Расіі". Заявы пра злачынствы супраць грамадзянскага насельніцтва — быццам бы таксама заходнія фэйкі. 

— Гэта мы таксама назіралі ў нашым рэгіёне ў 90-я, — узгадвае спікерка.

Напрыклад, у Сербіі мы мелі вельмі падобную афіцыйную прапаганду, якая кожны рэпартаж пра вайну (Баснійская вайна 1992-1995) называла хлуснёй, пастаноўкай, “сербафобіяй” і гэтак далей.

— Гэты наратыў выкарыстоўваецца шматлікімі рэсурсамі ў рэгіёне, нібыты ў іх ёсць нейкі ўзор для стварэння кантэнту па той самай схеме, — дадае яна.

Гэта, вядома, не адзіныя фэйкі, якія распаўсюджвае прапаганда Крамля, але найбольш папулярныя ў баснійскіх медыя. Акрамя іх аналізаваліся таксама і сербскія, бо яны ахопліваюць аўдыторыю Босніі і Герцагавіны і іншых краін рэгіёна. Па высновах ініцыятывы Raskrinkavanje, адзін з самых актыўных трансмітараў фэйкаў — сербскі “Спутник”. У публічных баснійскіх медыя хлуслівыя наратывы з’яўляліся пераважна праз распаўсюд артыкулаў з расійскіх медыя, а не ўласную вытворчасць фэйкаў. 

Чытайце яшчэ:

БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі: прайдзіце яго і дапамажыце нам стаць лепш!

Родныя журналіста Дзяніса Івашына не могуць даведацца, дзе ён знаходзіцца

Канал «Беларусь 5» у YouTube, хутчэй за ўсё, быў узламаны, ён перайменаваны ў Tesla

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!