2340

Схаваны аўдыязапіс ў журналісцкай працы: юрыдычныя праблемы выкарыстання

29.12.2017 Крыніца: Алег Мацкевіч, юрыст, г. Барысаў

Не сакрэт, што журналісты незалежных выданняў часта маюць праблемы з доступам да інфармацыі. Асабліва калі кантактуюць з дзяржаўнымі органамі. Здараецца і так, што права на атрыманне інфармацыі, прапісанае ў арт. 34 Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, абмяжоўваецца чыноўнікамі са спасылкамі на гэты ж самы Закон.

Свежы прыклад – скарга ў пракуратуру адной з выканкамаўскіх работніц на карэспандэнта “Ганцавіцкага часу” Мікіту Яраша. Прычына – выкарыстанне журналістам так званага “схаванага” аўдыязапісу. Чыноўніца палічыла, што публікацыя запісу размовы паміж ёй і работнікам рэдакцыі парушае заканадаўства аб СМІ.

Адразу ўдакладню, што змест размовы – чыста прафесійны і тычыцца магчымасці журналіста прысутнічаць на адной з нарадаў з актывам аддзела ідэалогіі. Інфармацыя пра гэтую падзею была размешчана ў адкрытым доступе на выканкамаўскім сайце яшчэ ў лютым. Тады ж адбылося і само мерапрыемства.

Размову па тэлефоне з ідэалагічнай супрацоўніцай рэдакцыя “Ганцавіцкага часу” палічыла патрэбным размясціць на сваім сайце (“Планы ганцевичских идеологов закрыты от народа”). Праз чатыры месяцы пасля гэтага чыноўніца вырашыла паскардзіцца.

Яна толькі мяркуе, што журналіст перавысіў свае паўнамоцтвы, ці гэта так і ёсць з прававога пункту гледжання?

На маю думку, у падобных выпадках мы маем калізію нормаў заканадаўства, якая ў рамках дзейнага нацыянальнага заканадаўства можа быць вырашана, на жаль, не на карысць СМІ.

З аднаго боку, мы маем нормы Закона РБ ад 17 ліпеня 2008 г. № 427-З “Аб СМІ», дзе ў арт. 34 прапісана, што журналіст у сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў мае права рабіць пры наяўнасці акрэдытацыі ці па ўзгадненні з фізічнымі або юрыдычнымі асобамі ў дачыненні да іх запісы, у тым ліку з выкарыстаннем сродкаў аўдыявізуальнай тэхнікі. Журналіст абавязаны атрымліваць згоду фізічных асоб на правядзенне аўдыя- і відэазапісу, за выключэннем іх правядзення ў месцах, адкрытых для масавага наведвання, на масавых мерапрыемствах, у выпадках, прадугледжаных арт. 40 Закона аб СМІ.

Арт. 40 рэгламентуе выкарыстанне схаванага аўдыя- і відэазапісу, кіна- і фотаздымак. Распаўсюд у СМІ інфармацыйных матэрыялаў, якія ўтрымліваюць такія запісы і здымкі фізічнай асобы без яго дазволу, дапускаюцца толькі пры прыняцці захадаў супраць магчымай ідэнтыфікацыі дадзенай асобы староннімі асобамі, а таксама пры ўмове, што распаўсюд гэтых інфармацыйных матэрыялаў не парушае канстытуцыйных правоў і свабод асобы і неабходны для абароны грамадскіх інтарэсаў, за выключэннем выпадкаў распаўсюду такіх інфармацыйных матэрыялаў на патрабаванне органа крымінальнага пераследу, суда ў сувязі з папярэднім расследаваннем, судовым разбіральніцтвам.

З іншага боку – ёсць нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і таго ж самага Закона аб СМІ.

Канстытуцыя, арт. 34: Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, палітычнае, эканамічнае, культурнае і міжнароднае жыццё, стан навакольнага асяроддзя. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў.

МПГПП, арт. 19: Кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў. Кожны чалавек мае права на свабоднае выяўленне свайго меркавання; гэтае права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або з дапамогай друку ці мастацкіх формаў выяўлення ці іншымі спосабамі на свой выбар. Карыстанне пералічанымі правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць спалучана з некаторымі абмежаваннямі, якія павінны быць вызначаны законам і з’яўляцца неабходнымі: а) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; б) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва.

Закон аб СМІ, арт. 34: У сваёй прафесійнай дзейнасці журналіст СМІ кіруецца Канстытуцыяй, Законам аб СМІ, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і нормамі прафесійнай этыкі журналістаў. У сувязі з ажыццяўленнем прафесійных абавязкаў журналіст СМІ мае права збіраць, запытваць і атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў, ад палітычных партый, іншых грамадскіх аб’яднанняў, іншых юрыдычных асобаў, а таксама захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю, неабходную для ажыццяўлення яго прафесійнай дзейнасці.

Відавочна, што нормы Закона аб СМІ, якія рэгулююць выкарыстанне схаванага аўдыязапісу, не адпавядаюць абмежаванням на доступ да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў, якія ўтрымлівае Канстытуцыя (карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў) і МПГПП (павінны быць усталяваныя законам і з’яўляцца неабходнымі: а) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; б) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя ці маральнасці насельніцтва).

У апісаным вышэй выпадку трэба ўлічваць, што схаваны аўдыязапіс праведзены ў дачыненні да дзяржаўнага чыноўніка, дзейнасць якога мае публічны характар, і не ўтрымлівае ніякай інфармацыі, якая можа быць абмежавана да распаўсюду (дзяржаўная таямніца, звесткі пра асабістае жыццё і г.д.).

Выснова: абмежаванні ў дачыненні да распаўсюду падобнага аўдыязапісу, хоць і ўтрымліваюцца ў Законе аб СМІ, але не з’яўляюцца неабходнымі ў дэмакратычным грамадстве, супярэчаць асноватворным палажэнням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Аналагічны падыход да выкарыстання схаванага аўдыязапісу журналістамі СМІ можна знайсці ў расійскім заканадаўстве. Закон Расійскай Федэрацыі аб СМІ прадугледжвае забарону на распаўсюд у СМІ звестак пра асабістае жыццё грамадзян, калі ад іх саміх ці ад іх законных прадстаўнікоў не была атрыманая на гэта згода, за выключэннем выпадкаў, калі гэта было неабходна для абароны грамадскіх інтарэсаў.

Закон дапускае распаўсюд паведамленняў і матэрыялаў, падрыхтаваных з выкарыстаннем схаванага аўдыя- і відэазапісу, кіна- і фотаздымкі, калі гэта неабходна для абароны грамадскіх інтарэсаў і прынятыя меры супраць ідэнтыфікацыі старонніх асобаў (арт. 49, 50 Закона).

У пастанове Пленума Вярхоўнага Суда РФ ад 15 чэрвеня 2010 г. № 16 “О практике применения судами Закона Российской Федерации “О средствах массовой информации”” сказана, што грамадскі інтарэс у выпадках публікацыі схаванага аўдыязапісу можа палягаць у паведамленні пра факты, здольныя аказаць станоўчы ўплыў на абмеркаванне ў грамадстве пытанняў, датычных, напрыклад, выканання сваіх функцый службовымі асобамі і грамадскімі дзеячамі (п. 25).

З гэтага вынікае, што канфліктная сітуацыя з журналістам М. Ярашам, калі б той працаваў у расійскім СМІ, была б вырашана на карысць газеты, бо схаваны аўдыязапіс тычыцца выключна пытання выканання сваіх функцый службовай асобай і не закранае інтарэсаў іншых асоб.