279

"Самая дакладная песьня пра беларускую журналістыку — «Купалінка»". Аляксандр Лукашук рыхтуе кнігу ўспамінаў

06.02.2023 Крыніца: Аляксандар Лукашук: Радыё Свабода

Шматгадовы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук завяршае працу ў кампаніі і прапануе вашай ўвазе фрагмэнты будучай кнігі пра Свабоду.

«Свабода» ці свабода

Журналісты Свабоды сядзяць у турме, абвешчаныя экстрэмістамі, залічаныя да тэрарыстаў, бо ўлада прызнае нашу ўладу. Не чацьвертую — чацьвертай прэса робіцца тады, калі ёсьць першыя тры. Проста ўладу — ідэяў, ацэнак, навінаў, думак.

Гістэрыка цяперашніх уладаў Беларусі наконт рукі Свабоды, якая быццам накіроўвала дэманстрацыі, дырыгавала мітынгамі, вяла пратэстоўцаў, спыняла транспарт, — рэакцыя страху. Калі сотні людзей скандуюць «Радыё Свабода, Радыё Свабода!», калі чалавек у «ланцугу салідарнасьці» кажа, што прыйшоў, бо глядзеў стрым Свабоды і стала сорамна ляжаць на канапе, — гэта не рука Свабоды, а рука свабоды.

Радыё ці мама

Я думаю, што Беларуская Свабода — самае важнае радыё ва ўсім сьвеце.
Я так думаю не таму, што палова майго жыцьця зьвязаная з гэтым радыё. Бо зьвязана больш.

Неяк я атрымаў прачуханку ад маці за першы сказ сваіх заўчасных мэмуараў, якія пачыналіся так: «Мяне зрабілі мае бацькі...» Маці больш падабаліся формы кшталту «я нарадзіўся...» ці «мая мама нарадзіла мяне...» Яна потым зрабіла ксэракопіі з гэтай публікацыі ў «Дзеяслове» і паслала сваякам, але гэты пасаж акуратна заклеіла белай паперай.

Але я меў на ўвазе момант не нараджэньня, а зараджэньня, які, па маіх падліках, прыпаў на травень 1954. Ня буду сьцьвярджаць, што менавіта на 9:00 вечара 20-га дня, хоць чаму не, — але менавіта на травень, калі з дапамогай Рады БНР нарадзілася і выйшла ў этэр Радыё Свабода, якое тады называлася «Вызваленьне».

Так што для мяне Свабода, безумоўна, самае галоўнае радыё на сьвеце. І ня толькі для мяне — маці ведала ўсе галасы і любіла ўсіх маіх калег. З 2015 году яе фота стаіць у маім кабінэце разам з апошнім словам, якое яна напісала і папрасіла прачытаць на разьвітаньні. Часьцей за ўсё там сустракаюцца словы «дзякуй», «шчасьце» і «любоў».

Свабода і мама — абедзьве галоўныя.

Уезд ці выезд

Каб выехаць зь Беларусі, напачатку 1990-х патрабаваўся дзяржаўны дазвол — віза.

Без выязной візы нельга было прыехаць на працу ў Мюнхэн. Міністэрства ўнутраных справаў мне адмовіла. АВІР тлумачэньняў не даваў. Візы выдавала таксама Міністэрства замежных справаў, імі займаўся спэцыяльны намесьнік міністра. Намесьнік быў такі спэцыяльны, што дзяліў прымальню з самім міністрам.

Я пайшоў на прыём і сядзеў у чаканьні ўжо гадзіны дзьве, калі адчыніліся дзьверы кабінэту міністра, адтуль выйшаў Пятро Краўчанка, першы міністар замежных справаў незалежнай Беларусі, і спытаўся, што я тут раблю.

Мы былі трохі знаёмыя з часоў маёй журналісцкай працы, але больш дзякуючы майму ўдзелу ў рознай нефармальнай дзейнасьці, як тады называлі любую свабодную чыннасьць. Краўчанка раней быў сакратаром гаркаму партыі па ідэалёгіі, займаўся ўтаймаваньнем гэтай актыўнасьці і падхапіў інфэкцыю беларушчыны. Гаварыў па-беларуску, спрыяў мастакам, сябраваў зь літаратарамі. Помнік Францішку Скарыну ў Празе і мэмарыяльная дошка беларускаму першадрукару ў Падуі — ягоная заслуга.

Уведаўшы прычыну майго панурага чаканьня, міністар перапытаў, ці ў беларускую рэдакцыю я еду працаваць, і зьнік за дубовымі дзьвярыма, каб неўзабаве выйсьці з дазволам.

Гэта была самая дзіўная віза — зь Беларусі ў Беларусь.

Рай ці вырай

Калі пэдантычна, дык я быў сёмым, дзявятым, адзінаццатым і трынаццатым дырэктарам Беларускай службы — з 1998-га па 2023-і. Мае калегі выконвалі дырэктарскія абавязкі, калі я паляцеў на стыпэндыю ў Гувэраўскі інстытут, затым калі больш за год узначальваў Афганскую службу, потым калі паўгоду працаваў галоўным рэдактарам радыё.

Дырэктарства ня самы райскі занятак. Але патлумачыць, чаму вяртаньне мілейшае за расстаньне, немагчыма, як немагчыма перакласьці на іншыя мовы слова «вырай».

Мала ці многа

Я неяк палічыў, колькі дае наш бюджэт на аднаго жыхара Беларусі на год, — аказалася, за гэтыя грошы ня купіш нават запалак. Гэта катастрафічна мала для вайны за ўвагу людзей. Аднак не забудземся пра кантэкст: гэта грошы амэрыканскіх падаткаплатнікаў, якія Кангрэс ЗША шчодра вылучае на замежную трансьляцыю на беларускай і іншых мовах.

І трансьляцыю не пра Амэрыку, а пра жыцьцё ў Беларусі, яе гісторыю, культуру, літаратуру, мову. Не на прапаганду, а на прафэсійную журналістыку, якая кіруецца ўнівэрсальнымі каштоўнасьцямі дэмакратыі і правоў чалавека.

Гэта — дарагі падарунак.

Палітычна ці карэктна

Людзі слова ня любяць паліткарэктнасьць, бо лічаць, што гэта абмежаваньне свабоды слова.

Я стаўлюся да паліткарэктнасьці як да правілаў дарожнага руху: яны істотна абмяжоўваюць свабоду руху і таму робяць яго магчымым.

Але часам трэба і па бездарожжы.

Ты ці вы

Аднойчы адзін лідэр апазыцыі надрукаваў у апазыцыйнай газэце гнеўны артыкул пра Радыё Свабода: тое ня так, гэта ня сяк, усё наперакасяк. Я аж аслупянеў. Мы былі на «ты», я чым мог яму дапамагаў, ён, падавалася, таксама да мяне прыязна ставіўся. Зрэшты, мог усё сказаць сам-насам.

Я быў малады дырэктар, пераймаўся і ня мог сьцяміць, што за муха яго джганула. Не разумеў, што ён ня толькі антыкамуніст, дысыдэнт і нацыяналіст, а палітык, што яго погляд на прэсу быў як на свой рэсурс, правільна было ўсё, што карысна, а рэшта ня мела каштоўнасьці. Калі я гэта зразумеў, боль ад укусу ня зьнік, а перацёк на іншы аб’ект — стала балюча за яго. Але потым прайшло.

Стала так, як трэба ў журналістыцы. Мы сталі на «вы».

Мастацтва ці мода

Некалькі гадоў таму па ўсім сьвеце людзі вылівалі сабе на галаву цэбар ледзяной вады — лічылася, што так мы нечаму дапамагаем, не памятаю чаму.

Мы нават зьнялі такі кліп для пачатку тэлевізійнага сэзону. Стаялі ў двары радыё пад халодным восеньскім небам і лілі сабе на галаву ваду.

У мяне потым прапаў голас, і адкрыць сэзон не давялося.

Ахвяра мастацтва. Ці моды.

Аўтар ці рэдактар

Чытаць кнігі і тэксты, якія выдаюцца без рэдактара і карэктара, — як іграць на ненастроеным піяніна.

Яны як настройшчык, якому неабавязкова быць віртуозам клявіятуры, але безь яго нябачнай працы не адбудзецца ніводзін канцэрт.

«Бібліятэка Свабоды» робіцца на тарашкевіцы людзьмі з абсалютным лінгвістычным слыхам. І то амаль у кожнай кніжцы пасьля выхаду я знаходжу хоць адну памылку.

Асабліва ў сваіх.

Пісаць ці чытаць

У архівах Гувэраўскага інстытуту я знайшоў сваё прозьвішча сярод атрымальнікаў амэрыканскай дапамогі сто гадоў таму. Зьдзівіўся і напісаў кніжку «Прыгоды АРА ў Беларусі» (PDF, Soundcloud), дзе паспрабаваў аднавіць гісторыю самай буйной і самай забытай гуманітарнай дапамогі насельніцтву Беларусі ў ХХ стагодзьдзі.

На прэзэнтацыі ў Менску выступіў акадэмік АН Беларусі К. і сказаў, што мая праца заслугоўвае званьня кандыдата навук. Потым выступіў прафэсар Ш., які зь ім не пагадзіўся, бо даваць трэба было адразу доктара. Затым на сцэну падняўся народны паэт Б., які кнігу не чытаў, але лічыў, што заслугоўвае Нобэлеўскай прэміі.

Год таму я атрымаў ліст з Амэрыкі ад прафэсаркі гісторыі з унівэрсытэту штату Вашынгтон, якая рэкамэндавала кнігу сваім студэнтам. Адна дзяўчына зрабіла яе тэму прадметам свайго дактарату, і перад абаронай яны ўзгадалі, што не папрасілі ў мяне дазволу на цытаваньне і іншыя аўтарскія правы.

Я тую доктарскую дысэртацыю не чытаў, але ўзгадаў сваю прэзэнтацыю і паслаў дазвол і віншаваньні. У наш час ужо можна даваць доктара за тое, што прачыталі.

А хутка і Нобэля.

Шляхі ці тупікі

У Гувэраўскім інстытуце я пазнаёміўся з трыма сусьветна вядомымі супрацоўнікамі — гісторыкам Робэртам Конквэстам, фізыкам Эдвардам Тэлерам і эканамістам Мілтанам Фрыдманам.

Пасьля сустрэчы з кожным я нешта ўведваў пра сваю працу дырэктара.
Былога дарадцу Маргарэт Тэтчэр Конквэста я спытаў, ці можна па кампусе Стэнфардзкага ўнівэрсітэту хадзіць напрасткі, не па дарожках, а па газоне.

— Ня думаю, што Бог стварыў мяне, каб я хадзіў па асфальце, — адказаў аўтар «Вялікага тэрору» і пяці кніг паэзіі.

У Тэлера, які дапамагаў Айнштайну з разьлікамі пра канец сьвету, я пацікавіўся, чаму гонка ўзбраеньняў такая дарагая, усе гавораць пра кошты зброі новага пакаленьня — а ці нельга пераскочыць адразу да наступнага новага.

— Дзе б вы былі, калі б ваша маці пераскочыла праз пакаленьне? — спытаўся бацька амэрыканскай вадароднай бомбы.

Нобэлеўскага ляўрэата Фрыдмана, які ў маладосьці быў на экскурсіі ў Савецкім Саюзе і начаваў у маім родным Берасьці, я папрасіў расказаць, што яго найбольш уразіла.

— Цяга да ведаў. Заходжу ў грамадзкую прыбіральню, кабінкі безь дзьвярэй, у кожнай сядзіць чалавек і чытае газэту.

Ідзі сваім шляхам, не шукай абыходных шляхоў, ня вер усяму, што бачыш на шляху сваім — чым не высновы для журналістыкі.

Камуністы ці артылерысты

Так была забалела галава і зрок памуціўся, што вырашыў за лепшае паехаць у хуткую дапамогу, балазе ў Празе яна была недалёка ад дому. Спачатку, як заўсёды, трэба паказаць дакумэнты, а ў мяне з сабой толькі правы і пасьведчаньне журналіста РСЭ/РС. Лекар, мужчына гадоў пяцідзесяці, пакруціў прэс-картку, потым кажа мэдсястры: Свабода — гэта ж амэрыканская станцыя. І потым мне:

— Чаму вы бамбіце Сэрбію?!

Якраз пачалася апэрацыя NATO для ўратаваньня Косава ад сэрбскага генацыду. Сэнс пытаньня да мяне зь цяжкасьцю, але дайшоў. І я таксама запытаўся:

— А чаму вы рэжаце касавараў?

Лекар кінуў паперы:

— Я не камуніст, але чаму вашы бамбавікі над Бялградам?!

— Я не артылерыст, але чаму вы праводзіце этнічную чыстку снарадамі?

Лекар павярнуўся да прыціхлай мэдсястры і аддаў некалькі кароткіх злосных камандаў на лаціне, зь якіх я зразумеў толькі iniectio intravenosa.

Усё, капец, падумаў я. І, як бачыце, памыліўся.

Плакаць ці сьмяяцца

Польскі беларус, знакаміты літаратар Чэслаў Сэнюх аднойчы прыслаў мне ліст, дзе захоплена хваліў адну маю кніжку і прасіў прабачэньня за знаёмства. Першы і адзіны раз я бачыў яго гадоў дзесяць таму на адным з Чарнобыльскіх шляхоў у Менску. Нас прадставілі, але пагаварыць не ўдалося. Зь ліста я ўведаў, чаму. Пачуўшы маё імя і прозьвішча, ён вырашыў, што я яго палохаю, гэта нейкая правакацыя, бо гучыць як імя прэзыдэнта Беларусі, і ён уцёк.

А колькі разоў у этэры розных амэрыканскіх і эўрапейскіх радыёстанцыяў, якія прасілі камэнтароў, мяне называлі прэзыдэнцкім прозьвішчам, потым выбачаліся. Я прыдумаў унівэрсальны адказ: выбар малы, ёсьць толькі чатыры мужы праўды — Мацьвей, Марк, Ян і Лукаш, што ж вы хочаце...

Вам мо і сьмешна.

Сядзець ці ўставаць

Неяк у Празе зь візытам быў тыран Туркмэністану Сапармурат Ніязаў, і яго запрасілі на радыё, на перамовы пра акрэдытацыю журналістаў ці рэтрансьляцыю, не памятаю. Нечакана яго прывялі на дырэктарскую нараду. І калі Туркмэнбашы ўвайшоў, усе, хто быў у залі, сядзеў за авальным сталом і побач, усталі.

Усе, апроч двух чалавек: дырэктара Расейскай службы Марыё Корці і мяне.
Марыё раней служыў у амбасадзе Італіі ў Маскве і дапамагаў перапраўляць празь мяжу самвыдат, ён быў таленавітым пісьменьнікам і майстрам гатаваць пасту. Мы з Васілём Быкавым былі ў гасьцях у яго дома (яго жонка перакладала Быкава на італьянскую), і ён гатаваў нам spaghetti alle vongole.

Я спытаўся, чаму ён ня ўстаў. Рымляне, сказаў Марыё, наліваючы к’янці, не ўстаюць перад дыктатарамі. Я прызнаўся, што быў прыўзьняўся, але потым ачомаўся.

І ўсе выпілі за рымлянаў.

Любіць ці ненавідзець

— Я вас ненавіджу, ненавіджу, ненавіджу!

Нават сёньня ў ананімных камэнтарах у Інтэрнэце такія прызнаньні атрымліваеш ня кожны дзень. А гэта было яшчэ да Facebook, да ананімнай вайны ўсіх з усімі — гэта быў допіс у службовай электроннай пошце, на маё імя, са зваротным адрасам і падпісаны. Я ня ведаў аўтара і ніколі ня быў у ягонай краіне. Незнаёмец са Швэцыі, раззлаваны пройгрышам сваіх хакеістаў на алімпіядзе ў Солт-Лэйк-Сіці, набраў у Google «Belarus», знайшоў мой адрас на Свабодзе і выплюхнуў сваю крыўду.

— І я вас ненавіджу, — стрымана напісаў я ў адказ. І патлумачыў: як вы, дэмакратычная краіна, пасьмелі прайграць любімай цаццы дыктатара, які гойсае па будучыні маёй краіны на каньках з клюшкай.

— Я вас люблю, люблю, люблю! — напісаў мне швэдзкі заўзятар. — Я пацікавіўся Беларусьсю, тым, што у вас адбываецца, — сапраўды, як гэта нашы пасьмелі прайграць вашым!

— І я вас люблю, — стрымана напісаў я ў адказ.

Ёсьць ці няма

Вашы факты — ня вашы, калі яны факты. Ёсьць праўда. Ёсьць пратаколы яе вэрыфікацыі. Ёсьць «Прафэсія: рэпартэр», як называўся ці не найлепшы фільм Антаніёні. Такая ж, як прафэсіі рэжысэра, пекара, лекара.

Я спытаўся ў знаёмага дантыста, ці замаўляюць цяпер пацыенты залатыя зубы.

Не, сказаў ён, ня модна.

А што модна?

Каб былі, адказаў доктар.

Факты ёсьць.

9 ці 4

Стратэгія — гэта спроба напісаць дзевяцьцю літарамі тое, на што дастаткова чатырох.

Сьлёзы ці ружы

Самая дакладная песьня пра беларускую журналістыку — «Купалінка».

«Цёмная ночка» — гэта пра ўмовы працы.

«Ружу полiць, белы ручкі коліць» — гэта пра саму працу.

«Кветачкi рвець, вяночкi зьвiвае, сьлёзкі пралівае» — пра яе вынікі і наступствы для ўсіх, ад рэпартэра да галоўнага рэдактара.

А што, плачуць і ад шчасьця.

Джордж ці Барак

Пазваніў Джордж Буш і пытаецца: як справы?

Я ведаў, што пазвоніць, бо тэлефанаваў яго сакратар і папярэдзіў, што 42-і прэзыдэнт ЗША неўзабаве будзе са мной гаварыць.

Але не чакаў, што Буш будзе пытацца, як я пачуваюся, і таму адказаў як ёсьць — трохі хвалююся.

— Што так?

Ну што тут скажаш. Пытаюся, ці разумее ён, з кім я гавару.

— Не пераймайся, Аляксандар, — супакоіў прэзыдэнт. — Галоўнае, на называй мяне Барак, усё будзе файна.

Буш званіў, каб прачытаць імёны палітвязьняў для нашай перадачы «Галасы салідарнасьці». У яго аказаліся неблагі фанэтычны слых і артыкуляцыя, і пасьля пары спробаў усё атрымалася, па-беларуску ён прагучаў цалкам зразумела.

Ня блытаць імёны — файная навука; зразумець, што імёны застаюцца, а людзі мяняюцца — навука, якую я ўсё яшчэ стараюся вывучыць.

Сьвет ці сусьвет

Я лічыў і лічу, што Беларуская служба — цэнтар сьвету. Бо кожная моўная служба большая за ўсю кампанію, бо гэта цэлы сусьвет, а сусьветы як шары — ня могуць быць больш ці менш шарападобнымі адзін за другі, як адзін круг ня можа быць круглейшы за іншы, незалежна ад дыямэтру.

Проста сусьветаў несусьветна шмат.

Лягічна ці правільна

— Дзе лёгіка? — абураецца нейкай праблемай на рэдактарскай нарадзе адзін.

— Твая праблема ў тым, што ты шукаеш лёгіку, — кажа другі.

Угадайце, хто зь іх маладзейшы, а хто старэйшы.

А зараз правільны адказ: мала таго, што аднаго ўзросту, дык яшчэ гэта адзін і той самы чалавек. Я сам. Нармальна?

Цэнзура ці цэзура

Рэдактура адрозьніваецца ад цэнзуры тым, што першая мае справу з прыгажосьцю, а другая з уладай. У герарахічных структурах яны могуць зрастацца, і тады перамагае сіла.

А выкінуць адну літару — і дыктатарскі слоўнік ператвараецца ў паэтычны. Толькі графаманы могуць дадумацца да такой бязглузьдзіцы. Не без таго...

Хэмінгуэй ці пэнсія

Гэтая думка Хэмінгуэя мне заўсёды падабалася: журналіст можа дасягнуць усяго, калі своечасова кіне журналістыку. Я чытаў яго рэпартажы — гэта былі стылёва адкрытыя творы, якія стваралі эфэкт тэлебачаньня задоўга да яго зьяўленьня. Бачыш рухі і колеры, чуеш гукі, пахне асеньнім часам, які канчаецца.
Бальшыня маіх знаёмых журналістаў ня кідалі свайго занятку, калі дасягалі пэнсіі.

І сам Хэмінгуэй журналістыку ня кінуў, а зрабіў яе літаратурай.

Сябе ня кінеш.

Загадка ці адгадка

Ня вер, ня бойся, не прасі — правілы жыцьця ў турме. Вер і ня бойся прасіць — правілы для волі.

Кожны раз, калі я прасіў немагчымага, яно адбывалася. Кангрэс ЗША павіншаваў Беларускую службу зь юбілеем. Былы амэрыканскі прэзыдэнт чытаў па-беларуску імёны кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі. Нобэлеўская ляўрэатка, якая была адмовілася ад кнігі на Свабодзе, пагадзілася. Менскія ўлады далі залю ў цэнтры сталіцы, і трыюмфальная імпрэза ў Менску стала першым і адзіным публічным сьвяткаваньнем узнагароды.

А калі прасіў магчымага — павялічыць бюджэт, пашырыць штат, абсталяваць студыю — не праходзіла.

Ёсьць нейкія іншыя правілы, якіх за чвэрць стагодзьдзя я так і не засвоіў. Загадка жыцьця.

Хлусіць ці маўчаць

Што нам рабіць, калі?.. Калі затрымаюць, калі пачнуць распытваць на мяжы, калі патрабуюць пароль, калі вядуць ператрус... Гэта штодзённыя пытаньні журналістаў падчас дыктатуры.

Параіць, што рабіць, амаль немагчыма. Але можна параіць, што не рабіць.
Першае — не нашкодзіць сабе. Другое — не нашкодзіць іншым. Трэцяе — не хлусіць.

Першыя дзьве прапановы пытаньняў звычайна не выклікаюць. Трэцяя зьдзіўляла. Але тлумачэньне задавальняла: прамаўчаць, не казаць усё, што ведаеш, не ініцыяваць размову, не дадаваць дэталі, тлумачэньні, імёны.

Не дапамагаць злу.

Золата ці брыльянты

Прасіце і дасца вам — залатая формула.

Мне бліжэйшая іншая, алмазная: не прасіце — і не адмовяць.

Сьмех ці сьлёзы

Я даўно не сьмяяўся так, як чытаючы біяграфію Вацлава Гаўла, напісаную яго сябрам Міхаэлам Жантаўскім. Хіба мо толькі калі чытаў самога Гаўла, яго ўспаміны «На Град і назад», дзе ўступленьне ў NATO суседзіць з пошукамі па ўсім прэзыдэнцкім замку міфічнага шлянгу паліваць кветкі. А крэдыт МВФ ледзь не зрываецца празь няправільны соўс для кнэдлікаў. Ліст Гаўла на кухню пра соўс можна было выдаць як прэзыдэнцкі дэкрэт.

І ні слова пра тое, як Гаўла цкавала чэская жоўтая прэса, як выварочвалася прыватнае жыцьцё, кпілі левыя і правыя палітыкі ў апошнія гады прэзыдэнцтва і пасьля. Ні слова пра тыдні пад кропельніцай, калі пераступіў мяжу сьмерці, адкуль вырвалі жонка і сябры, якія ў апошнюю хвіліну арганізавалі прыезд лекара з Амэрыкі.

Тых, хто нясе сьвятло, рэдка любяць усе. Занадта ярка, занадта добра бачна саміх сябе.

Дагарэла ці сьвеціць

У сьнежні 2011-га я папрасіў Вацлава Гаўла напісаць навагодняе віншаваньне беларускім палітзьняволеным. 15 сьнежня яго сакратар прыслаў мне віншавальны тэкст.

Гэта не была немагчымая просьба — Гавэл і раней падтрымліваў беларускую барацьбу за свабоду. Але гэтае пасланьне аказалася апошнім, што ён напісаў у сваім жыцьці. Праз тры дні, каля 10-й раніцы ў нядзелю, ягонае дыханьне спынілася. Ціха, быццам сьвечка дагарэла, сказала манашка, што была побач.

Не дагарэла. Сьвеціць.

Страты ці падзякі

У Празе, недалёка ад Карлавага мосту, ёсьць кавярня з філязофскай назвай «Krásný ztráty» — прыгожыя страты. Напярэдадані новага 2012 году я быў там на сустрэчы з амэрыканскай сьпявачкай Джоан Баэз. Яна прыйшла да сяброў Вацлава Гаўла — Баэз ведала іх яшчэ з 1980-х, сьпявала на мітынгах і ў прэзыдэнцкім палацы, і цяпер яны сустрэліся ўпершыню бяз Гаўла.

Баэз была сяброўкай Гаўла (ня гёрлфрэнд — гэта з Бобам Дылянам і Стывам Джобзам, яна пра іх пісала ва ўспамінах, якія якраз выйшлі па-чэску, і публіка пыталася, з кім было лепш, яна адказала, што абодва былі цудоўныя чалавечыя істоты).

Я спытаў, якую песьню з свайго рэпэртуару яна б выбрала, каб перадаць палітвязьням у Беларусі. Баэз задумалася, а потым назвала гішпанскую баляду «Дзякуй жыцьцю» (па-гішпанску «Gracias a la vida»).

Дзякаваць жыцьцю, калі ты ў турме? Трэба быць сапраўды дзіўнай істотай...

Баэз патлумачыла:

— Гэта песьня пра тое, што каштоўнае ўсё, і добрае, і кепскае. Там падзякі нават альфабэту, маленькім птушкам і вялікім турбінам, усьмешкам і сьлязам, і сваім стомленым нагам, якія прайшлі столькі маршаў. Я выбрала б менавіта гэтую песьню — «Gracias a la vida».

Мы ўключылі песьню ў навагоднюю праграму для адзінаццаці вязьняў.
Я ня ведаў тады, што гэта была апошняя песьня чылійскай сьпявачкі Віялеты Пары, якая напісала яе ў 1966 годзе. У 1967-м Пара застрэлілася.

Пакуль жывеш — трэба дзякаваць. Але не за ўсё.

Кветкі ці дзяўчаты

Трэба было адправіць паштоўку Ігару Лосіку ў беларускую турму, і я зайшоў на паштамт у цэнтры Прагі, каб купіць марку. Паштовы работнік, сур’ёзны пэрсанаж, увесь у наколках, узяў паштоўку, але калі пабачыў адрас, паслаў у іншае акенца.

— Ідзіце у аддзел філятэліі. У мяне маркі толькі з кветкамі, а ў турму трэба зь дзяўчатамі.

— Нам бы такія турмы, — сказала потым жонка Ігара Дар’я.

Яна мела на ўвазе такія, куды паштоўкі даходзяць.

Звыш ці над

У 2020-м у Беларусі нарадзілася звышжурналістыка — стрымы. Вядома, жывыя рэпартажы зь месца падзеяў — не беларускае вынаходзтва, як і год выбараў — ня першае іх зьяўленьне. Але і тэрмін «звышлітаратура», створаны Алесем Адамовічам напярэдадні галоснасьці, і сам жанр, адзначаны Нобэлеўскай прэміяй Сьвятланы Алексіевіч напярэдадні беларускай рэвалюцыі, нарадзіліся не на пустым месцы. На пустым месцы нараджаецца толькі пустата.

Ужо ў 2017-м, падчас пратэстаў супраць дармаедзкага дэкрэту, відэастрымы сталі выходзіць па-за межы інфармацыйнай зьявы, уцягваючы людзей і ўладу ў свой вір. Гэта было нешта іншае.

У 2020-м стала відавочным, што менавіта. Узброеная сучаснымі тэхналёгіямі журналістыка пераставала быць над схваткай — ня трацячы аб’ектыўнасьці і бесстароннасьці, яна рабілася яе правадніком і самой падзеяй. Улады адчулі, што адбываецца нешта новае, але знайшлі толькі старыя словы: «рука Свабоды, рука Захаду, правакацыі, журналісты падбухторваюць, арганізоўваюць, вядуць».

Але што насамрэч адбывалася, калі відэастрымы Свабоды і іншых незалежных СМІ прыцягвалі дзясяткі, а потым сотні тысяч гледачоў адначасова і мелі мільённыя прагляды? Грамадзтва пераходзіла ў стан звышправоднасьці і інфармацыя станавілася рэчаіснасьцю. Аднолькавы ўзровень эмоцыяў мелі ўдзельнікі пратэстаў і назіральнікі. Прастора зьнікала, час ператвараўся ў рэзананс.

Але апроч дыгітальных тэхналёгіяў была яшчэ адна рэч. Гэта былі рэпартажы ня зь месца падзеяў, а з будучыні.

Звышжурналістыка — заўсёды з будучыні.

Тутэйшыя ці госьці

Каб не стракацець ініцыяламі, зразумелымі тузіну людзей, я стаў шукаць нейкае агульнае азначэньне для сваіх калег. Творчыя, інтэлектуальныя, яркія — сынонімаў шмат, але так гавораць пра многіх.

І толькі напісаўшы гэтую кнігу, празь небясьпеку назваць іх імёны я нарэшце адкрыў, што было агульнага ў сьвежа дэмабілізаванага салдата, які адной левай мог зрабіць дыгітальную рэвалюцыю, і былога дэпутата, які яшчэ да парлямэнту адной правай, бо пісаў артыкулы асадкай, мог спыніць атамную станцыю. Якая формула зьвязвала матэматыка-альгебраіста, чыю аналітыку вывучаў Пэнтагон, і мовазнаўцаў, якія стваралі народныя рухі. Чаму рэпартэрка, якая ніколі не вучылася на журфаку, аднолькава свабодна вяла рэпартажы з кароўніку, Нобэлеўскай цырымоніі і вулічных пратэстаў. Якім чынам інтэрвіюэры і вядоўцы жывога этэру гаварылі зь лекарамі, вязьнямі і прэзыдэнтамі так, быццам самі сядзелі, хварэлі і кіравалі краінамі. Што выкавала рымскі стаіцызм вясковага хлопчыка — кіраўніка бюро, аб які разьбівалася ярасьць дыктатара, яго міністраў і спэцслужбаў. Адкуль браліся гісторыкі, якія замянялі акадэмічныя інстытуты, рэдактары, якія стваралі новую рэчаіснасьць, прадусарскія каманды, якія не спажывалі, а прадукавалі энэргію.

Мае калегі не былі маімі сучасьнікамі. Гэта былі госьці з будучыні. Яны былі ўжо ў будучыні і таму маглі так. У рознай будучыні, хто далей, хто бліжэй, хто часьцей, хто радзей. (Некаторых даганяў час і наступала мінулае, але гэта шлях цела, а ня духу. І іншая гісторыя.)

Магу толькі ганарыцца часам, які дзякуючы ім і я правёў у будучыні.

Час ці якасьць

Памятаеце гэтую показку пра настаўніка і вучняў: столькі разоў ім тлумачыў, сам нарэшце зразумеў, а яны ўсё ніяк! Я столькі разоў карыстаўся паняцьцем «будучыня» ў гэтых нататках, што сам нарэшце зразумеў, пра што гаворка. Не пра пляны, не пра заўтрашнія праблемы ці перамогі, увогуле не пра час.

Пра якасьць. Пра зьмест і форму, хуткасьць і рэзананс, супраціўленьне і гармонію. Пра якасьць як сэнс нашага адзінага жыцьця.

Паражэньне ці нараджэньне

Журналістам на свабодзе я быў тройчы: у Беларусі падчас галоснасьці 1980–90-х гадоў, падчас дырэктарства ў Афганскай службе Радыё Свабода ў 2005–6 гадах і зноў у Беларусі ў 2020-м. Я маю на ўвазе ўладу над рэальнасьцю, якую словы маюць, калі нараджаецца свабода.

Свабода — заўсёды нараджэньне і ніколі ня статус-кво, стан, а ня ўмовы, яе зьмест заўсёды будучыня, і гэта адзіная гарантыя, якую мае мінулае.

Можна сказаць, што кожны з маіх трох разоў на свабодзе канчаўся яе паражэньнем. Задушэньнем дэмакратыі ў Беларусі 1990-х, талібанам у Афганістане, дыктатурай у Беларусі 2020-х.

А можна сказаць, што я тройчы прысутнічаў пры цудзе нараджэньня свабоды.

Прафэсія ці жыцьцё

— Як ваша прафэсія журналіста паўплывала на ваша жыцьцё?

Такое пытаньне ў верасьні 2022-га мне задалі на лекцыі, зь якой я выступаў перад студэнтамі журналістыкі ў амэрыканскім ўнівэрсытэце ў Празе.
І я мусіў прызнацца, што ня ведаю, як адказаць.

У 2022-м зьявілася дасьледаваньне шчасьця, якое брытанскія сацыёлягі правялі ў трох дзясятках краінаў, апытаўшы каля ста тысяч людзей. У выніку складзены рэйтынг заняткаў і жыцьцёвых сытуацыяў, якія робяць людзей шчасьлівымі найбольш. Апошняе, 40-е, месца ў сьпісе занялі хваробы, пакуты цела. А на 39-м месцы рэспандэнты паставілі працу.

Я прачытаў і жахнуўся.

Маю веру ў чалавецтва вярнуў адзін таленавіты маладзейшы калега, якому я расказаў пра афронт перад студэнтамі.

Журналістыка, сказаў ён, гэта не прафэсія.

А й праўда.

Было ці будзе

Калі на тым сьвеце Сьвяты Пётра спытае, чым я найбольш ганаруся са зробленага на Свабодзе, я ня стану гаварыць пра дзясятак сваіх кніг і сотню выданьняў нашай Бібліятэкі, пасады, узнагароды і рэкорды, а папрашу паказаць кароткае відэа.

 

Летам 2020-га наша здымачная група паехала да будынку дзяржаўнага тэлебачаньня, дзе сотні людзей пратэставалі супраць цэнзуры і перадвыбарчай хлусьні на экранах. Калі пабачылі нашых журналістаў і фірмовы знак Свабоды — аранжавую паходню, яны раптам пачалі скандаваць «Радыё Свабода! Радыё Свабода! Радыё Свабода!..»

20—30-гадовыя, прыгожыя, сьмелыя, шчасьлівыя, вясёлыя, яны былі Беларусьсю будучыні. Мае калегі, наша праца былі будучыняй.

Не магу глядзець гэтае відэа бязь сьлёз. Прабачце.

Мне ці не

Мы зайшлі ў хату, і гаспадар адразу паказаў мне на радыёпрымач — «мая Свабода», сказаў ён так, як гавораць пра нешта блізкае і дарагое. Дзядзьку было за семдзесят, прымач таксама быў вэтэранам.

Была восеньская раніца, туман, траву прыхапіла шэрань, але адчувалася, што дзень будзе сонечным. Я прыехаў у невялікае мястэчка пад Менскам да сваякоў, а яны паабяцалі свайму добраму знаёмаму, даўняму слухачу Свабоды, сустрэчу са мной. Мястэчка было багатае на гісторыю і знакамітых людзей, у тутэйшым касьцёле хрысьцілі вялікага нацыянальнага паэта, некалі тут былі свой тэатар, гімназія, суд, яшчэ гучала прыгожая беларуская мова.

Мы ішлі па вуліцы, калі дзядзька ў акуратным, некалі сьвяточным гарнітуры, які чакаў ля весьнічак, павітаўся і запрасіў да сябе ў двор. Мы ўвайшлі, я працягнуў руку, дзядзька ўзяў, але не паціснуў — я не пасьпеў зразумець, што адбываецца — а нахіліўся і пацалаваў.

Як у мяне дастала такту не адхапіць руку, не запратэставаць, не пакрыўдзіць шляхотнага чалавека — сам ня ведаю. Відаць, адчуў, што адбываецца.

Руку цалавалі ня мне.

Чытайце яшчэ: 

“Внимательно читайте договор!” Особенности авторского права в Литве

Гродзенская актрыса Наталля Лявонава: «Сярод тых беларусаў, хто з’ехаў, цяпер вельмі вялікі запыт на ўсё, што звязана з тэатрам»

60 гадоў таму ў эфір выйшла радыёстанцыя "Беларуская маладзёжная"

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!