НЕ - ВАЙНЕ!
1445

Рэжысёр фільму «Жызнеўскі. Воін святла» адказаў на крытыку з боку маці забітага героя

28.01.2016 Крыніца: Віктар Шукеловіч, belsat.eu

«Я не хацеў у сваім фільме карыстацца прапагандысцкімі прыёмамі», – адзначыў творца дакументальнай стужкі «Белсату» «Міхаіл Жызнеўскі. Воін святла» Міхась Аршынскі.

Рэжысёр Міхась Аршынскі. Фота Рамана Куранкова

Рэжысёр Міхась Аршынскі. Фота Рамана Куранкова

Фільм «Белсату», прысвечаны беларусу Міхаілу Жызнеўскаму, забітаму на «Майдане», выклікаў крытыку з боку родных героя. Да прыкладу, маці загінулага хлопца Ніна Жызнеўская, выказала намер падаць у суд на незалежны тэлеканал. Жанчыну абурыла, што ў фільме ўкраінскія сябры Міхаіла Жызнеўскага распавядаюць пра ягоныя напружаныя адносіны з бацькамі. Героі стужкі падкрэсліваюць, што Міхаіл быў нібы абузай для сваіх бацькоў і ніхто асабліва не займаўся ягоным выхаваннем, а часам Міхаіла нават выганялі з хаты. Пра сямʼю Жызнеўскіх як пра праблемную выказаўся ў фільме гамяльчук Андрэй Кушняроў.

Ніна Жызнеўская даводзіць, што ў фільме агучаныя выдумкі.

З гэтай нагоды Belsat.eu паразмаўляў з рэжысёрам дакументальнай стужкі Міхасём Аршынскім.

– Спадару Міхась, наколькі вы ўпэўненыя ў праўдзівасці сяброў Міхаіла Жызнеўскага?

– Хацелася б адзначыць, што я выкарыстаў толькі выказванні тых людзей, тых сяброў і знаёмых, якія ведалі Міхаіла. Яны разумелі, што кажуць, і, безумоўна, казалі праўду. У фільме выкарыстаныя сведчанні відавочцаў, а закадравага голасу аўтара там няма. Глядач сам мусіць рабіць высновы.

– Чаму тады абурылася маці забітага на Майдане героя-беларуса Ніна Жызнеўская?

– Я не зусім зразумеў прычыны абурэння маці Міхаіла маім фільмам, бо ў мяне Жызнеўскі – воін святла. А з нагоды тых каментароў у яе бок, то я шчыра прызнаюся, што да канца быў вельмі мяккі і нават адмовіўся ад матэрыялу, які быў нашмат больш жорсткі і крытычны. Так, з аднаго боку, я вырашыў быць лаяльным да яго сямʼі, з другога – не мог не сказаць аб відавочных рэчах у няпростым лёсе беларускага хлопца.

Я разумею, што першыя эмоцыі ў Ніны Васільеўны самыя яскравыя, але навошта пагражаць судом тэлеканалу «Белсат», калі кісялёўская прапаганда зрабіла з Нябеснай сотні бандэраўцаў, а ўласнік парталу Tut.by Юры Зісер назваў Жызнеўскага бамжом? Менавіта ў сваім фільме я зняпраўджваю гэтыя глупствы ды кажу, што Жызнеўскі герой.

Якія ў Вас былі ўражанні пасля размовы з Нінай Жызнеўскай падчас працы над фільмам?

– Ёсць простае чалавечае стаўленне да родных Міхаіла. І я ім вельмі спачуваю, бо сам ведаю, што значыць губляць родных. Я поўны падзякі спадарыні Ніне за тое, што яна – той чалавек, які выхаваў Міхася. Я вельмі спачуваю ёй як жанчыне, як маці. Але ёсць яшчэ і бачанне маё, як аўтара, які нясе адказнасць перад гледачом. І глядач не можа не задаць пытанні, напрыклад, чаму Міхаіл жыў ва Украіне 9 гадоў і не выходзіў на сувязь з маці? Калі гэта не так, то чаму яна пра гэта не распавяла, бо пытанні былі зададзеныя? І такіх пытанняў шмат, на самой справе.

– Чаму момант пра адносіны Міхаіла з бацькамі зʼявіўся ў фільме? Ці маглі Вы прапусціць пэўныя моманты, каб вобраз Міхаіла Жызнеўскага цалкам адпавядаў чаканням іншых людзей?

– Мы жывем у складаны час інфармацыйнай прапаганды. Я лічу, што ёсць 2 тыпы людзей. Адны – простыя рабацягі, якія, прыйшоўшы на працу, пачынаюць трансляваць убачанае ўчора ўвечары па афіцыйным ТВ. Іншыя – крытычныя людзі, здольныя думаць і аналізаваць. Першых перарабіць нельга, ім можна толькі змяніць пакет праграм. А ў сваім фільме я звяртаюся да іншых.

І таму для мяне вельмі важна быць шчырым з гледачом, я не хацеў у сваім фільме карыстацца прапагандысцкімі прыёмамі «Росии 24» або «НТВ» ды і прыёмамі варожасці беларускіх дзяржаўных медыяў. Я не хацеў ствараць вобраза безумоўнага героя альбо вобраза злодзея-антаганіста. Такі падыход затупляе і выклікае абурэнне ў людзей, якія думаюць. Толькі шчырасць і нічога акрамя яе. Толькі крытыка і, што самае галоўнае, самакрытыка.

Так, і нашыя ўлады, напрыклад, лічаць экстрэмістамі тых людзей, якія проста выказваюць сваё меркаванне. Гэта вельмі непрыемна, слухаць нязручныя думкі розных людзей – лягчэй іх заткнуць і запалохаць. Як пісаў Оруэл: «У часы ўсеагульнай хлусні казаць праўду – гэта экстрэмізм».

У наш час становіцца актуальным супрацьстаяць мейнстрымнаму ачмурэнню. І, я лічу, што такі падыход не можа не застацца гледачамі незаўважаным.

– Што значыць для творцы свабода і пошукі праўды?

– Для мяне свабода самавыяўлення проста неабходная. Менавіта на тэлеканале «Белсат» я адчуваю, што мне даюць поўную свабоду. Мне ніхто не паказвае, як зрабіць свой матэрыял, паважаюць і цэняць мой індывідуальны падыход. І гэта без усялякіх указак зверху. Адзінае, што ад мяне патрабуюць – гэта якасць. Прадстаўнікі дзяржаўных медыяў пра такое могуць толькі марыць!

Што адносна пошукаў праўды? Гэта складаны працэс насамрэч. Вы ведаеце, ёсць такая катэгорыя людзей, у якіх было цяжкое дзяцінства, а пасля ўсіх выпрабаванняў чалавек альбо ламаецца, альбо становіцца мацней. Я ўспамінаю свой мінулы рэпартаж з цыклу «Без рэтушы» пра Міхаіла Кукабаку – беларускага дысідэнта, які правёў па турмах і лагерах больш за 17 гадоў. Дык вось, будучы сіратой, прайшоўшы цяжкія выпрабаванні, ён стаў змагаром за праўду. І па-іншаму жыць не можа. Мая гісторыя дзяцінства не гэтак драматычная, але нешта агульнае ёсць. І таксама, як і ён, я адчуваю непераадольнае жаданне пошуку праўды.

Праца над фільмам «Міхаіл Жызнеўскі. Воін святла» мела сваю адметнасць. Паколькі героя фільма ўжо няма ў жывых, мне даводзілася знаходзіць доступ да чальцоў арганізацыі УНА-УНСО. Паколькі таварыства даволі закрытае, і ўсе дзеляцца інфармацыяй з неахвотай, то збіраць мазаіку прыйшлося па драбінках. З кожнай размовай, з кожным новым кантактам карціна станавілася ўсё больш дакладная. Напэўна, мне ўдалося давесці сваю працу да канца, паколькі на яе я выдаткаваў больш чым паўтара года. Пачаўшы ў красавіку 2014-га года, я скончыў толькі пад канец 2015-га.

– Як трэба захоўваць, паводле Вас, свабоду ў творчасці?

– Свабода творчасці альбо ёсць, альбо яе няма. Тут важная пазіцыя рэдактара і прадзюсара, наколькі яны могуць не насядаць на аўтара, наколькі яны могуць дапамагчы, а дакладней, не перашкаджаць раскрыць свой патэнцыял. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала. Працаваць у такім калектыве – проста мара.

– Ці не адчуваеце Вы сябе паміж двух агнёў, калі Вашая праца не ўхваляецца ўладамі Беларусі ды выклікае крытыку з боку тых, дзеля каго вы рабілі свой фільм?

– На жаль, ніякай рэакцыі ад уладаў Беларусі на сваю працу яшчэ не атрымаў, але вельмі хацелася б пачуць іх меркаванне. Па шчырасці, у вочы я асабіста не чуў нічога, акрамя словаў падзякі ды хвалебных водгукаў з боку тых, для каго я гэты фільм зрабіў.

Але ўсё ж ёсць і лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. А менавіта, ёсць пэўная група асобаў, якія выказваюць у сеціве крытыку адносна фільма, пры гэтым яны зазначаюць, што стужкі нават не паглядзелі. У іх такая пазіцыя: не бачыў, але асуджаю і пакідаю адмоўны водгук.

Маці Жызьнеўскага пра фільм Белсата: Патрабую абвяржэньня. Рэжысэр: Я даў слова ўсім бакам

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!