3151

Рэйтынг закрытасці. Частка 4

23.08.2013 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае збіраць матэрыялы пра самыя закрытыя для журналістаў беларускія ўстановы: міністэрствы, ведамствы, арганізацыі, грамадскія аб'яднанні і г.д.

 

Мы высвятляем у калег, якія з устаноў найбольш часта адмаўляюць незалежным журналістам у доступе да інфармацыі. Па выніках складаецца своеасаблівы “рэйтынг закрытасці” – зыходзячы з таго, наколькі часта тое ці іншае ведамства фігуруе ў апытанні.

Кацярына СІНЮК, TUT.BY

– У першую чаргу з адмоўнага боку я б ахарактарызавала ГУУС Мінгарвыканкама, бо атрымаць якую-кольвек інфармацыю ад Аляксандра Ластоўскага практычна немагчыма. Адзінае, пра што ён дае інфармацыю, – гэта яго праект “Перехват”. На ўсе астатнія пытанні ён адказвае, што інфармацыяй не валодае.

Але пры гэтым трэба адзначыць, што на Ластоўскага “пераводзяць стэлкі” вельмі многія гарадскія службы. Напрыклад, калі нешта здараецца ў метро, – нядаўна быў такі выпадак – адпраўляюць у прэс-службу ГУУС. На мой погляд, гэта тое ж самае, калі пытаць ва ўчастковага пра згарэлую ў пад’ездзе лямпачку.

Метро – гэта наогул асобная песня. Зімой, калі ў Мінск прыйшоў ураган “Хаўер” і ў метро сталі адбывацца цісканіны, мы тэлефанавалі наўпрост кіраўніку Мінскага метрапалітэну, але скончылася размова толькі хамствам з ягонага боку.

Адказы кшталту “ў мяне няма інфармацыі” вельмі часта можна пачуць ад прэс-сакратара Мінадукацыі. Калі ж туды тэлефануеш па больш шырокіх пытаннях, можна атрымаць адказ кшталту “на мой погляд..., я дакладна не ведаю” і гд.

Самае ж закрытае ведамства – гэта Мінздароўя. Без афіцыйнага запыту там табе ніколі не скажуць ніводнага слова, а на самі запыты яны адказваюць праз раз. Таксама яшчэ адзін мой мінус – Міністэрству працы і сацыяльнай абароны. Прэс-служба Мінпрацы зусім ніяк не працуе.

Наступная “гарачая кропка” – Дэпартамент ветэрынарнага кантролю Мінсельгасхарчу. Нядаўні выпадак атрымаў вялікі рэзананс у інтэрнэце: у Дэпартаменце ветнагляду ад першага намесніка дырэктара Юрыя Піваварчыка я пачула, што горш чым TUT.BY, у Беларусі ніхто не дэстабілізуе становішча. Дыялог быў прыкладна такі:

– Які каментар? Вам што, рабіць няма чаго?

– Ёсць што рабіць, выконваю заданне рэдактара, вось і тэлефаную.

– А дзе ваш рэдактар? У Польшчы? У Амерыцы? Ды вы толькі ў інтарэсах сваіх заходніх гаспадароў і працуеце...

 

Таксама вельмі складана атрымаць інфармацыю ад прэс-сакратара Нацыянальнага аэрапорта. Апроч таго, яна заўсёды просіць узгадніць з ёй не толькі яе словы, але і інфармацыю, атрыманую з іншых крыніц.

Што да добрых прэс-службаў, то тут назаву МУС, МНС, Следчы камітэт, Мінабароны, “Белавія”.

 

Вольга ЯРОХІНА, “Комсомольская Правда в Беларуси”

– Я пачну свой рэйтынг з Міністэрства аховы здароўя. Праблемы тут у адсутнасці сталага прэс-сакратара: першы прэс-сакратар сышла ў дэкрэтны адпачынак, на яе месца прыйшоў новы прэс-сакратар, потым яшчэ нейкая змена была. Усё гэта вельмі нязручна, бо кожны раз прыходзіцца наладжваць кантакты, тлумачыць чалавеку, што не збіраешся друкаваць на старонках выдання нейкіх крамольных тэкстаў і будзеш усё ўзгадняць.

Зараз там выконвае абавязкі прэс-сакратара Вольга Бартман, але гэта не асноўная яе пасада. Інфармацыя з міністэрства даецца толькі на запыт, але, калі чыноўніку выгадна, каб інфармацыя трапіла ў прэсу, яны даюць адказ хутка. Калі не выгадна – будуць трымаць да апошняга.

Наогул, Мінздароўя – гэта міністэрства, дзе ты можаш размаўляць толькі з прэс-службай. Куды б ты ні пазваніў на месцы, табе нічога не скажуць, а адправяць у прэс-службу міністэрства.

Наступная гарачая кропка – Мінсельгасхарч. Атрымліваць інфармацыю пра афрыканскую чума свіней надзвычай складана. Міністэрства патрабуе афіцыйныя запыты, на якія адказвае праз 15 дзён пасля іх накіравання. А інфармацыя ж абнаўляецца кожны дзень, а бывае, што і некалькі раз за дзень.

Яшчэ вельмі шкада, што прэс-службы няма ў Мінскім метрапалітэне. Вельмі часта менавіта ад гэтага вялізнага ведамства патрэбная аператыўная інфармацыя, а знайсці яе немагчыма.

Самая ж добрая, на мой погляд, прэс-служба – у МНС. Тут бездакорная праца з інфармацыяй, як на ўзроўні краіны, так і на ўзроўні горада. Таксама выдатны прэс-сакратар у Міністэрстве прамысловасці – бачна, што чалавек зацікаўлены дапамагаць журналістам.

 

Марыя ЭЙСМАНТ, “Народная Воля”

– Літаральна на мінулым тыдні я патэлефанавала ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, каб атрымаць інфармацыю пра падвышэнне пенсій. Спачатку мяне папрасілі ператэлефанаваць праз 5 хвілін, а потым наогул паведамілі, што “Народная Воля” – гэта недзяржаўная газета, і таму яны не абавязаныя даваць мне якую-кольвек інфармацыю.

А ўвогуле я лічу, што два самыя закрытыя міністэрствы – гэта Мінздароўя і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Апошнім часам у прэс-службу Мінздароўя я нават і не тэлефаную, бо амаль на кожнае пытанне яны адказваюць словамі “Ды Вы што? А мы такога не ведалі!”.

Таксама мае калегі вельмі скардзяцца на прэс-службу КДБ.

 

АГУЛЬНЫ ЗАЛІК:

 

Мінусы

Мінсельгасхарч: -6

Мінздароўя: -6

Адміністрацыя прэзідэнта: -2

КДБ: -3

МУС: -2

ППНС: -2

Мінскі метрапалітэн: -2

Мінпрацы і соцабароны: -2

Мінадукацыі: -1

ГУУС Мінгарвыканкама: -1

Міністэрства ЖКГ: -1

Мінгарвыканкам: -1

Мінюст: -1

Мінфін: -1

Мінскі трактарны завод: -1

Канцэрн “Белэнерга”: -1

РАУСы: -1

Аддзел ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы Брэскай вобласці: -1

Брэсцкая мытня: -1

КУП “Брэстгарсвятло”: -1

Брэсцкі аблвыканкам: -1

Брэсцкі гарвыканкам: -1

ДУ “Сталічны транспарт і сувязь”: -1

Камітэт па архітэктуры Мінгарвыканкама: -1

Нацыянальны аэрапорт “Мінск”: -1

 

Плюсы:

МНС: +5

СК: +4

Мінкульт: +2

МЗС: +2

Міністэрства прамысловасці: +1

Мінабароны: +1

Белавія: +1

Мінпрыроды: +1

Міністэрства па падатках і зборах: +1

Міністэрства лясной гаспадаркі: +1

МУС: +2

ЦВК: +2

Вярхоўны суд: +1

Генпракуратура: +1

ДАІ Мінаблывканкама: +1