3218 0

Рэйтынг закрытасці. Частка 3

16.08.2013 Крыніца: Барыс Гарэцкі, прэс-служба ГА "БАЖ" Сюжэт: Доступ да інфармацыі

Працяг самых адметных журналісцкіх гісторый пра выбіванне інфармацыі з афіцыйных ведамстваў і закрытасць уладаў ад прэсы.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае збіраць матэрыялы пра самыя закрытыя для журналістаў беларускія ўстановы: міністэрствы, ведамствы, арганізацыі, грамадскія аб'яднанні і г.д.

Мы высвятляем у калег, якія з устаноў найбольш часта адмаўляюць незалежным журналістам у доступе да інфармацыі. Па выніках складаецца своеасаблівы “рэйтынг закрытасці” – зыходзячы з таго, наколькі часта тое ці іншае ведамства будзе фігураваць у апытанні.

 

Тамара САВІЧ, “Еўрапейскае радыё для Беларусі”

Літаральна ўчора я тэлефанавала ў Міністэрства фінансаў Беларусі, дзе мне сказалі, што ніякага каментара я атрымаць не магу, бо... прэс-сакратар ведамства знаходзіцца ў адпачынку.

Дакладна такая ж сітуацыя была ўчора і з МТЗ. Мінскі трактарны завод не дае ніякай інфармацыі журналістам да таго часу, пакуль прэс-сакратар не выйдзе з летняга адпачынку. Мой жа афіцыйны запыт, які я дасылала два тыдні таму, па словах супрацоўнікаў прыёмнай, ужо недзе знік праз паломку кампутара, і адшукаць яго немагчыма.

Яшчэ асаблівым мінусам хацелася б адзначыць прэс-службу канцэрна “Белэнерга”. Нядаўна пры падрыхтоўцы матэрыялу я звярнулася да іх па інфармацыю, на што пачула стандартную фразу: “Пішыце афіцыйны запыт, у законныя тэрміны мы Вам адкажам”. Тады я пачала сама тэлефанаваць спецыялістам і збіраць неабходныя дадзеныя, за што атрымала нараканне ад прэс-сакратара, бо, маўляў, не мела права так рабіць.

Наогул складаецца ўражанне, што большасць прэс-службаў афіцыйных ведамстваў цяпер ведае напамяць толькі наступныя словы: “Ніякай інфармацыі па тэлефоне мы не даем, пішыце афіцыйны запыт”. Хоць збіраць, аналізаваць і распаўсюджваць інфармацыю – гэта не толькі права, але і прафесійны абавязак журналіста.

Са станоўчага боку хачу адзначыць былую прэс-службу Міністэрства культуры –тут заўсёды дапамагалі, давалі неабходную інфармацыю, падказвалі неабходныя тэлефоны.
 

Таццяна ГУСЕВА, інтэрнэт-газета “Салідарнасць”

Як кажуць, рыба гніе з галавы, таму пачну з прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на ўсе гучныя заявы пра адкрытасць беларускай улады, нават у кіраўніка беларускай дзяржавы на дадзены момант няма нармальнай прэс-службы.

Да нядаўняга часу кіраўніком прэс-службы Лукашэнкі быў Павел Лёгкі. Нягледзячы на свой грозны выгляд, ён заўсёды быў адкрыты да журналістаў, даваў ім нават свой мабільны тэлефон, з лёгкасцю адказваў на тэлефанаванні і прадастаўляў неабходную інфармацыю.

Цяпер жа на сайце кіраўніка беларускай дзяржавы нават не напісана, хто ягоны сакратар. Сакратара ніколі няма на месцы, а астатнія супрацоўнікі прэс-службы нават не могуць паведаміць, дзе знаходзіцца ў дадзены момант прэзідэнт.

Наступныя ў маім асабістым рэйтынгу закрытасці – Мінсельгасхарч і Мінздароўя. Ведамствы, ад якіх вельмі моцна залежыць узровень жыцця, само жыццё і здароўе беларусаў, амаль ніколі нічога не паведамляюць журналістам. Яскравы прыклад гэтаму – сёлетняя ўспышка афрыканскай свіной чумы.
У самым лепшым выпадку размова зводзіцца да патрабавання накіраваць афіцыйны запыт, на які яны павінны адказаць цягам месяца. Але для інтэрнэт-газеты гэта, безумоўна, не пасуе абсалютна.

Сярод адкрытых ведамстваў назвала б ЦВК і МУС, калі справа не тычыцца палітычных затрыманняў.
 

Марыя МАЛЕВІЧ, газета “Народная Воля”

Мабыць, калі прадстаўляешся журналісткай “Народнай Волі”, то робіш самае галоўнае выпрабаванне таго ці іншага чыноўніка на адкрытасць. Бо вельмі ў многіх службоўцаў назва нашага выдання практычна аднімае мову. Асабліва ў рэгіёнах.

Што да ведамстваў, то таксама пачну з адміністрацыі Лукашэнкі. Нядаўна да нас у рэдакцыю прыйшоў ліст ад чытача, які пытаўся, якім чынам можна дагрукацца да кіраўніка краіны? Я асабіста звярнулася ў адміністрацыю, дзе размаўляла з Ігарам Ламаносавым. Самае цікавае, што пасаду сваю для нашай рэдакцыі ён пад запіс называў двойчы, і кожны раз гэтыя пасады адрозніваліся. Дакладную пасаду Ламаносава не ведала і прэс-служба.

(Рэд.: Дарэчы, інтэрнэт падае ажно тры розныя назвы пасадаў Ламаносава, датаваныя прыкладна адным часам - намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб — загадчыкам прыёмнай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, загадчык прыёмнай адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, начальнік аддзела кіравання палітычнага аналізу Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта).

Сярод іншых нядаўніх сутычак з ведамствамі – адмова ў акрэдытацыі на Сырны фэст, адключаныя тэлефоны Камітэта па архітэктуры Мінгарвыканкама, немагчымасць атрымаць інфармацыю ў Дэпартаменце ветэрынарнага кантролю Мінсельгасхарча.

Добрая прэс-службы – у ДАІ Мінскай вобласці. Раней таксама была выдатная прэс-служба у Мінкульта, тады ёй кіравала Ганна Смольская. Цяпер, на жаль, нармальнай прэс-службы ў ведамстве няма.

 

АГУЛЬНЫ ЗАЛІК:

Мінусы

Мінсельгасхарч: -4

Мінздароўя: -3

Адміністрацыя прэзідэнта: -2

КДБ: -2

МУС: -2

ППНС: -2

Міністэрства ЖКГ: -1

Мінгарвыканкам: -1

Мінюст: -1

Мінфін: -1

Мінскі трактарны завод: -1

Канцэрн “Белэнерга”: -1

РАУСы: -1

Аддзел ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы Брэскай вобласці: -1

Брэсцкая мытня: -1

КУП “Брэстгарсвятло”: -1

Брэсцкі аблвыканкам: -1

Брэсцкі гарвыканкам: -1

ДУ “Сталічны транспарт і сувязь”: -1

Камітэт па архітэктуры Мінгарвыканкама: -1

 

Плюсы:

МНС: +3

СК: +3

Мінкульт: +2

МЗС: +2

Мінпрыроды: +1

Міністэрства па падатках і зборах: +1

Міністэрства лясной гаспадаркі: +1

МУС: +2

Вярхоўны суд: +1

Генпракуратура: +1

ЦВК: +2

ДАІ Мінаблывканкама: +1

Каментары