Наша краіна і сітуацыя са свабодай слова ў ёй асобна згадваюцца ў гадавой справаздачы платформы бяспекі журналістаў Савета Еўропы. Заключэнне складзена ў трывожным тоне: адвольныя арышты, жорсткія прысуды, спробы запалохаць медыя.
Па заключэнні платформы, адвольныя арышты і затрыманні журналістаў сталі звычайнай з'явай у Еўропе. У канцы мінулага года ў зняволенні знаходзіліся 127 журналістаў і работнікаў СМІ.
Большая частка справаздачы прысвечана падаўленню незалежнай журналістыкі ў Расіі і на акупаваных тэрыторыях ва Украіне. Асобная частка адведзена Беларусі.
— Улічваючы падаўленне свабоды СМІ ў краіне, арганізацыі-партнёры вырашылі ўключыць Беларусь у гадавую справаздачу, заклікаючы міжнародную супольнасць да рашучых дзеянняў, — адзначаюць аўтары дакумента.
Яны згадваюць, што ў месцах зняволення ў канцы 2022-га знаходзіліся 32 беларускія журналісты, а ў дамах рэпарцёраў было праведзена 55 ператрусаў.
— Гэтыя дзеянні сведчаць аб жаданні запалохаць незалежныя СМІ і журналістаў, многія з якіх цяпер знаходзяцца ў выгнанні, — сказана ў справаздачы.
Таксама платформа акцэнтуе ўвагу на тым, што мінулы год адзначыўся серыяй жорсткіх прысудаў журналістам, якія выконвалі сваю працу.
— Праз два гады пасля масавых пратэстаў супраць падманнага перавыбрання Лукашэнкі беларускія ўлады працягваюць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і прэсы, якія ўзмацніліся пасля расійскага ўварвання ва Украіну, — падагулняюць аўтары дакумента.
У справаздачы згадваецца затрыманне гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай, прысуд былому карэспандэнту Белтэлерадыёкампаніі Дзмітрыю Лукшу, рашэнне па справе БелАПАН, новы тэрмін рэпарцёру “Белсата” Кацярыне Андрэевай і інш.
Даклад можна спампаваць тут