578

“Рэпрэсаваная архітэктура” — фільм, які варта глядзець ВІДЭА

16.04.2019 Крыніца: Мікола Бянько для Baj.by

Гомелю ў ХХ стагоддзі пашанцавала з галоўным архітэктарам Станіславам Шабунеўскім, дзякуючы якому ў знявечаным савецкай эстэтыкай горадзе дагэтуль прысутнічаюць узоры архітэктуры неакласіцызму, мадэрну, канструктывізму і эклектыкі. А ў ХХІ стагоддзі рэпрэсаванаму дойліду, імя якога на дзесяцігоддзі было выкрэсленае з памяці гараджанаў чэкісцкай мятлой, пашанцавала з папулярызатарамі ягонай спадчыны — журналістамі Марыяй Булавінскай і Сяргеем Ляпіным.

Аўтары стварылі ўнікальны дакументальны фільм-мару пра тое, як выглядаў бы Гомель, каб не варварскія рэканструкцыі і разбурэнні ў гады савецкай улады. Фільм з ёмістай і эмацыйнай назвай “Рэпрэсаваная архітэктура” быў з аншлагам прэзентаваны перад публікай Бабруйска і Гомеля, а потым адкрыты для публічнага прагляду тэлеканалам “Белсат”.

Адразу хочацца павіншаваць супрацоўнікаў і кіраўніцтва гэтага спадарожнікавага тэлеканала з тым, што менавіта пад іх брэндам выйшаў настолькі своечасовы і важны для беларускага грамадства фільм. А для дзяржаўных тэлеканалаў з іх каласальным фінансаваннем і тысячамі супрацоўнікаў стужка “Рэпрэсаваная архітэктура” — гэта майстар-клас па тым, як трэба выконваць сваю працу.  

Выхад фільма “Рэпрэсаваная архітэктура” планаваўся ў 2018-м годзе, калі гомельская грамадскасць адзначала 150-годдзе выбітнага архітэктара. Але, як прызнаюцца аўтары, праца над стужкай настолькі іх захапіла, што яны змаглі дамантаваць фільм толькі ў пачатку 2019 года. Але актуальнасці ад гэтага карціна не страціла.

Наадварот, на фоне эскалацыі вайны ў сферы палітыкі памяці (гларыфікацыя чэкістаў і крыжалом ў Курапатах) наспела неабходнасць у чарговы раз узгадаць славутых беларусаў, якія пацярпелі ў 1930-я гады ад сталінскіх катаў.

Станіслаў Шабунеўскі

Некалькі біяграфічных даведнікаў і даследчыкаў спадчыны Станіслава Шабунеўскага даводзяць, што пажылы ўжо архітэктар загінуў падчас чарговай ссылкі на “Беламорканал” у 1937 годзе. Без асаблівых падрабязнасцей.

Аднак калі гомельскія гісторыкі звярнуліся ў архівы, размешчаныя на тэрыторыі РФ у пачатку 1990-х, тыя перанакіравалі запыты ў Мінск, у архіў КДБ БССР, заявіўшы пра адсутнасць матэрыялаў па справе Шабунеўскага. Адпаведна, улічваючы значнасць фігуры Шабунеўскага, ягоны высокі чыноўніцкі ранг, не выключана, што ён знайшоў апошні спачын ў Курапатах пад Мінскам. Але адказ на гэтае пытанне будзе вядомы толькі пасля адкрыцця ўсіх архіваў камуністычных спецслужбаў у Беларусі.

Гомельскія БАЖаўцы прэзентавалі ў Бабруйску фільм пра рэпрэсаванага архітэктара Станіслава Шабунеўскага

Фільм “Рэпрэсаваная архітэктура” — новая прыступка ў кінадакументалістыцы Беларусі апошніх гадоў з пункту гледжання тэхнічнага выканання і аператарскага майстэрства. Надзвычай эфектныя кадры Гомеля з вышыні птушынага палёту забяспечыла праца аператараў дронаў.

Аўтары змаглі далучыць да працы каманду таленавітых 3d-дызайнераў, якія з дапамогай знойдзеных у архівах Вільні і Масквы чарцяжоў аднавілі ў віртуальным выглядзе фасады некалькіх будынкаў Станіслава Шабунеўскага ў Гомелі, вярнуўшы ім першапачатковы выгляд.

“Я перакананая, праца нашых архітэктараў істотна аблегчыць задачу будучым рэканструктарам, перад якімі будзе пастаўленае заданне вярнуць будынкам першапачатковы выгляд”, — гаворыць Марыя Булавінская.

Падчас публічнай прэзентацыі фільма на курсах “Мова Нанова” ў Гомелі мне ўдалося паназіраць рэакцыю гледачоў на некаторыя драматычныя моманты, калі, напрыклад, ажывалі вобразы дарэвалюцыйнага Гомеля з шыкоўнымі будынкамі прыбытковых дамоў, сучаснай гасцініцы “Савой”, вуліц тагачаснага горада, па якіх перамяшчаюцца рэтра-аўтамабілі і раз-пораз з’яўляюцца жыхары ў старасвецкім адзенні. Складваецца ўражанне, што Сяргей Ляпін і Марыя Булавінская змаглі завесці машыну часу, каб узбагаціць нашае ўяўленне вобразамі мінулага. І гэтыя вобразы, я перакананы, не адпусцяць гомельцаў ужо ніколі.

У стужцы не абышлося без сенсацыі.

Падчас збораў матэрыялаў па спадчыне Станіслава Шабунеўскага Сяргей Ляпін сустракаўся з вядомым гомельскім калекцыянерам Аляксандрам Ласіцам, які паказваў яму фотаздымкі з сямейнага архіву са Станіславам Шабунеўскім, датаваныя дарэвалюцыйным часам. Сярод выяваў даследчык раптам убачыў панараму аднаго беларускага горада з пазнавальным сядзібным домам купчыхі Канцэльсон.

Пасля супастаўлення планаў і агучвання версій было вырашана, што, нарэшце, стала вядома імя архітэктара бабруйскага касцёла — таго самага, які знявечылі ў 1960-я гады савецкія ўлады. Але гэтая гіпотэза вымагала дакументальнага пацверджання.

“Увёўшы ў пошукавіку прозвішча і імя Stanislaw Szabuniewski па-польску, адразу ў сеціве з’явіліся спасылкі на аблічбаваныя выданні, якія захоўваюць польскія бібліятэкі. З аднаго з паведамленняў вынікала, што славуты гомельскі архітэктар Станіслаў Шабунеўскі спраектаваў касцёл у Бабруйску, не ўзяўшы за гэта грошай”, — распавядае Марыя Булавінская. Такім чынам, дзякуючы адкрыццю Сяргея Ляпіна маштаб асобы архітэктара Шабунеўскага становіцца агульнарэспубліканскім.

Аматары архітэктуры ставяць так званы круглы шэры дом, спраектаваны Станіславам Шабунеўскім у Гомелі, у шэраг найлепшых будынкаў у стылі канструктывізм. У рэаліях шэрай савецкай штодзённасці з яе адвечным безграшоўем і імкненнем эканоміць на ўсім дойлід працягваў ствараць шэдэўры. Каб будынак выглядаў яркім, у тынкоўку Шабунеўскі прапанаваў дадаць бітае шкло, якое ззяла ў сонечнае надвор’е неймавернымі фарбамі.

“У сонечныя дні і ў ясную зімовую ноч, калі свяціла поўня, ад нашага дому сыходзіла магічнае ззянне. Гэта адзін з найлепшых успамінаў майго дзяцінства” — гаворыць гамяльчанка, жыхарка круглага шэрага дому Яўгенія Башкінцава ў кадрах фільма.

У 1980-х гадах, пасля чарговай рэстаўрацыі, зіхоткі дом зафарбавалі казённай фарбай шэрага колеру. Такой фарбай у гады дэфіцыта зафарбоўваліся слупы і агароджы на могілках. З пазіцыі сённяшняга дня не верыцца, што гэта выключна выпадковасць. Хутчэй праява помсты шэрай рэчаіснасці яркаму таленту творцы, задумы якога не ўпісваліся ў шаблоны савецкай ідэалогіі.