237

«Рэпартэры бязь межаў»: Каранавірусны крызіс пагоршыў сытуацыю са свабодай слова

21.04.2020 Крыніца: Svaboda.org

Ёсць выразная карэляцыя паміж ціскам на свабоду сродкаў масавай інфармацыі ў адказ на пандэмію каранавірусу і рэйтынгам краіны ў штогадовым індэксе свабоды слова, апублікаваным на днях праваабарончай арганізацыяй «Рэпартэры бязь межаў».

 

«Пандэмія каранавірусу ілюструе нэгатыўныя фактары, якія пагражаюць праву на дакладную інфармацыю, і сама па сабе зьяўляецца фактарам пагаршэньня. Як будуць выглядаць свабода, плюралізм і дакладнасьць інфармацыі ў 2030 годзе? Адказ на гэтае пытаньне вызначаецца сёньня», — заявіў Крыстоф Дэлюар, генэральны сакратар «Рэпартэраў бязь межаў».

 

У падтрымку гэтай пэсымістычнай карэляцыі арганізацыя падае прыклады Кітаю (177-е месца ў індэксе), Ірану (173-у) і Іраку (162-е) — краінаў, якія моцна пацярпелі ад пандэміі ды адчувальна абмежавалі правы журналістаў на яе асьвятленьне.

Сёлета Беларусь заняла 153-ю з 180 пазыцый у індэксе, такую самую як летась.

«Дзяржава ажыцьцяўляе поўны кантроль над усімі тэлеканаламі. Існуе некалькі незалежных СМІ, але многія вымушаныя базавацца за мяжой, і ўлады працягваюць перасьледаваць іх, асабліва польскае тэлебачаньне „Белсат“, хоць і менш, чым раней. (…) Выданьні, якіх раней ашчадзілі, такія як Tut.by і інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, цяпер знаходзяцца пад прыцэлам уладаў. Тыя, каго ўлады церпяць, працягваюць барацьбу за выжываньне, бо яны пазбаўленыя як дзяржаўных субсыдый, так і рэклямы», — гаворыцца ў сёлетняй справаздачы.

Месцы суседзяў Беларусі ў сёлетнім індэксе свабоды прэсы ад “Рэпатрэраў бязь межаў”: Польшча (62), Літва (28), Латвія (22), Расея (149), Украіна (996).

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!