2410

Рэклама ці інфармацыя? Адказ Міністэрства гандлю, які зацікавіць рэдакцыі СМІ (копія)

04.01.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

У лістападзе 2015 года ГА “БАЖ” на просьбу сябраў арганізацыі звярнулася ў Мінгандлю і Мінінфармацыі з просьбай патлумачыць некаторыя палажэнні заканадаўства “Аб рэкламе”.

Cутнасць звароту – якія публікацыі ў СМІ пра культурніцкія мерапрыемствы, кавярні, музеі і іншае дзяржава лічыць рэкламнымі, а якія – інфармацыйнымі?

“СМІ часта прапануюць сваім чытачам агляды найбліжэйшых мерапрыемстваў у культурніцкай сферы (напрыклад, інфармацыю пра выставы, канцэрты, спектаклі і г.д.)”, – гаварылася ў лісце. – Улічваючы спецыфіку такіх матэрыялаў, немагчымая іх публікацыя без указання кантактнай інфармацыі пра арганізатараў, месца і час правядзення мерапрыемстваў. Аднак рэдакцыі не маюць дамоваў з арганізатарамі такіх мерапрыемстваў, не ўзгадняюць з імі сваіх публікацый і не атрымліваюць платы за іх размяшчэнне ў СМІ. Звесткі для публікацыі журналісты атрымліваюць з адкрытых крыніц”.

Паколькі такія матэрыялы з’яўляюцца інфармацыйнымі, у іх не ўказваюцца звесткі, характэрныя для рэкламных матэрыялаў, кшталту ўліковага нумару падаткаплатніка (УНП) рэкламадаўцы. Між тым, публікацыя такіх матэрыялаў часам выклікае неразуменне з боку кантралюючых органаў, якія адносяць іх да рэкламных, – канстатавалі аўтары звароту.  

У сувязі з гэтым ГА “БАЖ” прасіла дзяржаўныя органы патлумачыць:

- Якія крытэры дазваляюць адмежаваць інфармацыйныя матэрыялы пра правядзенне розных мерапрыемстваў ад рэкламных?

- Ці зменіцца статус матэрыялаў, калі ў іх дадаткова ўказваць кошт квіткоў, кошт страваў ва ўстановах (без указання інфармацыі і коштаў на алкагольныя напоі)?

- Ці зменіцца статус такіх матэрыялаў, калі падаваць інфармацыю не пра адно, а пра некалькі мерапрыемстваў?

Мінгандлю заўважыла, што не мае паўнамоцтваў тлумачыць заканадаўства, аднак палічыла магчымым выказаць сваё меркаванне па сутнасці пастаўленых пытанняў.

Паводле Мінгадлю, апублікаваная ў СМІ інфармацыя не будзе лічыцца рэкламай пры выкананні (у сукупнасці) наступных умоваў:

-  Інфармацыя з’яўляецца вынікам працы журналіста ў межах выканання ім службовых абавязкаў, а не дамовы на аказанне рэкламных паслуг.

- Інфармацыя з’яўляецца агляднай і (альбо) навінавай (то бок, утрымлівае звесткі пра некалькі мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў найбліжэйшы пасля публікацыі час, альбо пра мерапрыемствы, якія ўжо адбыліся; пра адкрыццё некалькіх аб’ектаў у блізкі па часе перыяд і г.д.).

- Інфармацыя размяшчаецца толькі ў пастаянных адпаведных рубрыках друкаванага СМІ і на інтэрнэт-сайце гэтага СМІ ( “Афіша”, “Кіно”, “Выставы”, “Канцэрты”, “Навіны горада” і інш.) і аформлена па тыповым узоры (у адзіным стылі адпаведнага раздзелу, без акцэнтавання ўвагі на пэўных аб’ектах альбо мерапрыемствах) з указаннем тыповых звестак (месца правядзення анансаванага мерапрыемства, месца размяшчэння адкрытага аб’екта, кошт квіткоў і г.д.)

Інфармацыя пра кошт канкрэтных страваў у матэрыялах пра новыя кавярні будзе надаваць ім рэкламны характар, – лічаць у Мінгандлю. Каб пазбегнуць гэтага, міністэрства рэкамендуе падаваць інфармацыю пра “кошт сярэдняга чэка без указання канкрэтных страваў”.

“Разам з тым, канчатковую выснову пра аднясенне ці не аднясенне той ці іншай інфармацыі да рэкламы магчыма толькі пры разглядзе канкрэтных выпадкаў”, – падкрэсліваюць у Мінгандлю.

Міністэрства звяртае ўвагу на недапушчальнасць выкарыстання схаванай рэкламы – той, што “аказвае не асэнсаванае спажыўцом рэкламы ўздзеянне на яго ўспрыманне”. “Практыка кантролю сведчыць пра выпадкі, калі рэдакцыі СМІ размяшчалі (распаўсюджвалі) схаваную рэкламу пад выглядам журналісцкага матэрыялу навінавага альбо агляднага характару”.

(Міністэрства інфармацыі па сутнасці звароту не адказвала, а пераслала ліст ГА “БАЖ” у Мінгандлю.)