3090

Рэгіянальныя структуры ГА “БАЖ” спланавалі працу на 2016 год (ФОТА)

21.12.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", фота Валянціны Зянковай

Дэталёвы план мерапрыемстваў на кожны месяц 2016 года і нават на больш доўгі тэрмін – такі вынік 4-дзённай працы актывістаў і кіраўнікоў рэгіянальных суполак ГА “БАЖ”, якія збірался ў Мінску напрыканцы мінулага тыдня.

Спачатку “мазгавы штурм” ладзілі актывісты з дапамогай Вітаўта Рудніка. Старшыня Праўлення ГА «Цэнтр "Трэці сектар"» дапамагаў зрабіць усё “па навуцы” і прэзентаваць ідэі ў сціслай і ўцямнай форме.  

Актывісты абапіраліся на прыярытэтныя накірункі дзейнасці ГА “БАЖ”, сфармуляваныя ў Стратэгіі арганізацыі на 2015-2017 гады: адстойванне свабоды слова, прафесійнае развіццё сябраў і ўмацаванне арганізацыйнага патэнцыялу.

Па кожным накірунку былі сфармуляваныя пэўныя прапановы.

Напрыклад, дзеля больш эфектыўнага адстойвання свабоды слова актывісты прапануюць ладзіць інфармацыйныя сустрэчы па стварэнні алгарытму дзейнасці ў экстраных сітуацыях; распрацаваць карткі экстранай дапамогі; арганізоўваць кампаніі падтрымкі калег, якія падвяргаюцца пераследу.

Дзеля прафесійнага развіцця прапануецца праводзіць анкетаванне сябраў дзеля вызначэння іх патрэбаў і магчымасцяў; ладзіць  творчыя конкурсы сярод рэгіянальных журналістаў; трэнінгі па бяспецы, у тым ліку анлайн, стварыць закрытыя старонкі філій у сацыяльных сетках.

Умацаванне арганізацыйнага патэнцыялу ўключае правядзенне псіхалагічных трэнінгаў/інтэграцыйных мерапрыемстваў для павышэння каманднага духу; стварэнне станоўчага іміджу арганізацыі праз сацыяльна значныя мерапрыемствы і іншае.

Прагучалі канкрэтныя прапановы наконт месцаў правядзення прэс-тураў, тэмаў прэс-клубаў, прафесійных конкурсаў і нават “БАЖынак”.

“Галоўнае – аўтары гэтых ідэй гатовыя ўзяцца за іх рэалізацыю”, – адзначыў удзельнік каманды актывістаў Антон Сурапін.

Кіраўнікі рэгіянальных філій таксама зыходзілі з асноўных стратэгічных накірункаў дзейнасці ГА “БАЖ” і, з улікам напрацовак  актывістаў, сфармулявалі пэўныя прапановы па кожным з іх:

Свабода слова і распаўсюд інфармацыі: працяг маніторынгу фактаў парушэння права на распаўсюд і атрыманне інфармацыі; працяг аказання юрыдычнай дапамогі сябрам арганізацыі; курсы для журналістаў на тэму доступу да інфармацыі; курсы па асновах заканадаўства аб СМІ ў рэгіёнах; стварэнне “картак хуткай дапамогі журналісту” з кантактамі мясцовых праваабаронцаў на выпадак затрымання і перашкодаў у працы; вядзенне тлумачальнай працы з чыноўнікамі, якія парушалі права на свабоду выказвання; працяг кампаніі “Станем за журналістыку”; правядзенне мерапрыемтваў да Сусветнага дня свабоды прэсы 3 мая і  Сусветнага дня салідарнасці журналістаў 8 верасня; тлумачальная праца з грамадствам на тэму неабходнасці свабоды выказвання і інш.

Прафесійнае развіццё сябраў арганізацыі: працяг адукацыйных праграм для сябраў ГА “БАЖ”; працяг майстар-класаў з дасведчанымі журналістамі ў рэгіёнах; арганізацыя навучання менэджменту ў рэдакцыі, эфектыўнай працы ў калектыве; правядзенне рэгіянальных конкурсаў прафесійнага майстэрства журналістаў; абмен досведам паміж рэдакцыямі; правядзенне адкрытых пасяджэнняў Камісіі па этыцы і інш.

Умацаванне арганізацыйнага патэнцыялу і карпаратыўнага духу ГА “БАЖ”: маральная падтрымка журналістаў і журналісцкіх сем’яў, якім яна патрэбная; інфармаванне на сайце ГА “БАЖ” пра дасягненні арганізацыі і яе сябраў; правядзенне рэгіянальных і міжрэгіянальных мерапрыемстваў: прэс-клубаў,  майстар-класаў, прэс-тураў і г.д.; стварэнне закрытых рэгіянальных груп у сацыяльных сетках з мэтай паляпшэння кантактаў унутры арганізацыі; выпуск буклетаў пра дзейнасць арганізацыі; стварэнне відэапрэзентацый кожнай рэгіянальнай філіі і суполкі ГА “БАЖ”; віншаванне калег на месцах са значнымі падзеямі ў жыцці; правядзенне дабрачынных акцый і інш.

ФОТААЛЬБОМ

Найлепшая філія БАЖ-2015 – Віцебская! (ФОТА)

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!