2270

Рэдактары: “Рэестр Мінінфармацыі можа пагоршыць і без таго несалодкае жыццё недзяржаўных СМІ”

19.05.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

Паводле пастановы Мінінфармацыі ад 17 красавіка, да 1 ліпеня распаўсюднікам друкаваных, тэлевізійных і радыёвяшчальных СМІ належыць прадаставіць звесткі пра сябе ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння ў адпаведныя Дзяржаўныя рэестры.

 

Дзейнасць па распаўсюдзе СМІ без уключэння ў рэестр будзе лічыцца незаконнай і цягне адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі краіны. Разам з тым, абавязковае ўключэнне ў такі рэестр усіх распаўсюднікаў можа пагоршыць і без таго несалодкае жыццё недзяржаўных СМІ, – апасаюцца рэдактары многіх выданняў.

“Рыхтуемся, а як будзе – не ведаем”

Рэдактары недзяржаўных СМІ ўжо пачалі рыхтавацца да ўключэння сваіх распаўсюднікаў у рэестр. Прычым у рэгіянальных выданняў працы  больш, чым у рэспубліканскіх.

– Большасць нават недзяржаўных рэспубліканскіх выданняў усё ж распаўсюджваецца праз “Белсаюздрук” і “Белпошту”. Нас жа ўлады ўпарта туды не ўключаюць, нягледзячы на шматгадовыя патрабаванні. Таму мы вымушаныя пабудаваць уласную сетку распаўсюду. Але яна складаецца не з аднаго вялікага гандлёвага прадпрыемства, а з вялікай колькасці маленькіх – гэта крамы, прыватныя прадпрымальнікі і г.д. Вельмі часта ўлады і так ціснуць на іх за продаж нашага выдання. Цяпер жа мы мусім яшчэ і пераканаць кожнага з іх зарэгістравацца ў рэестры. А прыватны прадпрымальнік разважае так: “Навошта мне ўключацца ў нейкі рэестр, потым яшчэ па шапцы за гэта атрымаць ад мясцовых уладаў? Лепш я спакойна прадам больш іншай прадукцыі”, – гаворыць дырэктар выдавецкага дома “Інтэкс-прэс” Уладзімір Янукевіч.

– Любая дадатковая працэдура па вызначэнні не можа палепшыць жыццё рэдакцыям, – падтрымлівае калегу галоўны рэдактар “СН плюс. Свободные новости плюс” Васіль Зданюк. Асноўным спосабам распаўсюду “СН” з’яўляюцца шапікі “Белсаюздруку”, але рэдактар не выключае, што ў будучыні і яго выданне могуць прымусіць што-небудзь рэгістраваць у рэестрах.

Няпэўнай падаецца будучыня і рэдактару “Газеты Слонімскай” Віктару Валадашчуку. Некалькі дзён таму рэдакцыя, дарэчы, атрымала чарговую адмову ад “Белпошты” на распаўсюд газеты.

– Прадпрымальнікі, што прадаюць наша выданне, хутчэй за усё, будуць вельмі неахвотна займацца рэгістрацыяй у рэестры, бо наша газета – зусім не асноўная крыніца іх прыбытку. Прадпрымальнік можа наогул вырашыць гэтым не займацца, каб лішні раз не звязвацца з кантралюючымі органамі. У выніку ізноў пацерпіць незалежнае выданне. Таму патрабаванне ўключэння ў рэестр Мінінфармацыі можа сур’ёзна пагоршыць і без таго несалодкае жыццё недзяржаўных СМІ, – кажа Валадашчук.