518 0

Рэдактарка The Ukrainians Марычка Паплаўскайтэ: “Рэпартаж — гэта крыху літаратура”

15.05.2018 Крыніца: Святлана Станкевіч для baj.by

Майстар-клас на тэму стварэння мастацкага рэпартажу правяла ў Вільні рэдактарка онлайн-выдання The Ukrainians Марычка Паплаўскайтэ. Сустрэча праходзіла ў межах навучальнага курсу ГА “БАЖ” “Навіны па-новаму”.

Марычка рэдагуе аддзел “Рэпартаж” онлайн-часопіса The Ukrainians, што быў створаны як прыватная ініцыятыва трох  жыхароў Львова чатыры гады таму. Жадаючы зрабіць штосьці, чаго яшчэ не існавала ва ўкраінскай медыяпрасторы, яны папросту скінуліся на сайт. Так нарадзіўся часопіс пра паспяховых украінцаў і іх жыццёвых шляхах. Праз год на краўдфандынгавай платформе The Ukrainians сабралі 150 тысяч грывень, з’явілася магчымасць выплочваць аўтарскія ганарары. Цяпер сайт існуе за кошт партнёрскіх праектаў, у фокусе якіх застаюцца людзі.

“Мы намагаемся развіваць жанр мастацкага рэпартажу, — кажа Марычка. — Яго не так шмат ва Украіне, бо ва ўсіх сэнсах гэта выдаткова: нешматлікія рэдакцыі могуць дазволіць журналісту працаваць два тыдні над адной тэмай. Мы ж існуем у вольных умовах, у нас няма дэдлайнаў, што дае магчымасць рабіць вялікія глыбокія тэксты”.

Марычка лічыць жанр рэпартажу вышэйшым пілатажам у журналістыцы і звяртаецца да сваёй улюбёнай польскай школы, дзе рэпартаж называюць літаратурай факту. Рэпартажы пра людзей набіраюць найбольшую колькасць прагладаў на “The Ukrainians”.

“З самага чытанага за апошні час — матэрыял пра хлопчыка Нікаля, які, нягледзячы на праблемы са здароўем, стаў паспяховым піяністам, — узгадвае Марычка. — Таксама тэкст пра чалавека, што мые вітрыны на Храшчаціку. Ці пра перасяленца з акупіраваных тэрыторый, які прывёз з сабой казіны статак і заняўся сыраварствам”.

Рэдактарка онлайн-выдання The Ukrainians Марычка Паплаўскайтэ

Рэпартаж — гэта адзіны жанр у журналістыцы, у якім немагчыма працаваць, седзячы ў рэдакцыі. Так стваралі тэксты першаадкрывальнікі рэпартажу: пракрадаліся ў псіхіятрычныю лякарню пад выглядам пацыента, як зрабіла ў 19-м стагоддзі Нэлі Блай, выпраўляліся ў небяспечную экспедыцыю па Афрыцы, як Генры Мортан Стэнлі, рабілі інсцэніроўкі для расследавання аб дзіцячай прастытуцыі, як Вільям Томас Стэд, эксперыментавалі з формай, як Томас Вулф.

Моцная школа мастацкага рэпартажу існуе ў Польшчы. Найбольш яскравыя яе прадстаўнікі — Марыуш Шчыгел, Ганна Крааль, Рышард Капусцінскі, Яцэк Хуго-Бадэр, Вітальд Шаблоўскі, Катажына Квяткоўска-Маскалевіч. З рускіх аўтараў Марычка рэкамендуе рэпартажы Алены Касцючэнка, Святланы Рэйтэр, Валерыя Панюшкіна, Дзмітрыя  Сакалова-Мітрыча.

Віды рэпартажу

Згаданыя аўтары працуюць ў розных відах рэпартажу. Марычка вылучае наступныя з іх:

  • Гістарычны (рэпартаж-рэканструкцыя гістарычнай падзеі, з’явы);

  • Партрэтны (нарыс);

  • Рэпартаж-расследаванне (у аснове матэрыяла — праблема);

  • “Рэпарцёр мяняе прафесію”.

У скадніках добрага рэпартажу павінны быць канфлікт, моцная гісторыя, фактурныя героі, сюжэт, драматургічная кампазіцыя, прыгожая і простая мова і эфект прысутнасці, які дасягаецца праз апісанні, дыялогі і дэталі.

Адкуль браць тэму?

  • Маніторыць стужкі навінаў;

  • Рабіць сетку планавання;

  • Правераць абяццанні. Напрыклад, чыноўнікаў — Марычка раіць запісваць іх і праз некаторы час узгадваць;

  • Звяртацца да старых тэмаў. Часта гэта гадавіны значных падзеяў;

  • Карыстацца асабістым чалавечым інтарэсам;

  • Чытаць публікацыі ў рэгіянальных СМІ;

  • Падтрымліваць стасункі з героямі сваіх публікацый;

  • Наладжваць сувязь з чытачамі, цікавіцца, што для іх актуальна.

“Павінна быць “чуйка” на тое, з чаго можна зрабіць гісторыю, — кажа Марычка. — Прывяду пару прыкладаў, як мы шукаем тэмы для The Ukrainians. Возьмем праект “Нашыя іншыя”. Яго героі — прадстаўнікі нацменшасцяў, што жывуць на тэрыторыі Украіны і пра якіх мы мала ведаем. Цікавячыся тэмай, мы дазналіся, напрыклад, пра сям'ю туркаў-месхецінцаў, якая бегла ад адной вайны і трапіла ў іншую. Або наш цыкл рэпартажаў “Траекторыя вайны”. Ён пра тое, як вайна адлюстроўваецца на жыцці асобнага чалавека. У прэсе прайшла навіна аб баскетбольным чэмпіянаце па футболу сярод вазочнікаў у Львове. Зацікавіўшыся, мы дазналіся пра баскетбольную каманду, сярод гульцоў якой былі ветэраны вайны”.

Як працаваць над рэпартажам?

Калі тэма абраная, варта патраціць час на пошук бэкграўнду гісторыі, знайсці экспертаў і цікавых герояў. Эксперты дадаюць тэксту вагу, але калі шукаеце іх сярод арганізацыяў, ёсць небяспека, што вам могуць навязваць сваё бачанне тэмы. Таму важна захоўваць крытычнае мысленне. І трымаць у галаве структуру будучага тэкста. Рэпартаж не можа быць аб усім на свеце, патрэбна лінія, якой вы будзеце прытрымлівацца. Калі ёсць штосьці цікавае, але яно не ўпісваецца ў тэму, лепш адкласці ці выкарыстаць у іншым тэксце.

Марычка рэкамендуе размаўляць з героем на яго тэрыторыі:

“Калі гэта дворнік, вы мяцеце з ім вуліцу, калі гэта капітан баржы, якая гоніць кавуны з Херсона ў Кіеў, вы плывяце разам з ім.

Але пакуль вы не папросіце аб гэтым, героі не здагадаюцца, што вам гэта трэба. Скажыце як ёсць: “Мой тэкст будзе ў жанры рэпартажу, мне важна не толькі паразмаўляць, але і паназіраць, таму дазвольце мне на нейкі час стаць часткай вашага жыцця”.

Слухаць, назіраць, суперажываць

Калі вы праводзіце з героем шмат часу, ён раслабляецца, узнікаюць размовы, якія ў іншых умовах не ўзніклі б. У гэтай сітуацыі важна быць максімальна карэктным і незаўважным, каб жыццё чалавека працягвалася як звычайна і захоўвалася дакументальнасць. “Мы называем гэта “быць мухай на сцяне”, — кажа Марычка.

Жанр вымагае добрага кантакту, каб пазнаць героя глыбей. Чалавек не заўсёды разумее, што вам патрэбна, дапамагайце яму пытаннямі: узгадайце, падзяліцеся. Засяроджвайце ўвагу не толькі на словах, але на эмоцыях, адчуваннях. Заўважайце дэталі.

Чалавек адказвае шчырасцю на шчыраць, таму калі хочаце пачуць гісторыю — раскажыце сваю. Можна нават трымаць некалькі адмысловых напагатове.

Не бойцеся нязручных пытанняў. Калі яны ёсць — проста скажыце аб гэтым. Часам варта памаўчаць разам. Руская журналістка Марына Ахмедава наўмысна выкарыстоўвае гэты прыём: калі герой замаўкае, яна не задае наступнае пытанне. Чалавеку становіцца няёмка, і ён сам пачынае рапавядаць — часам, тое, пра што вы самі не спыталі б.

Як будаваць тэкст

Фільм “Дзюнкерк” пачынаецца з таго, што герой бяжыць праз горад, яго абстрэльваюць, але ён прарываецца да берага. Можна было б пачаць расповед з яго маленства, жыццёвай гісторыі, але кампазіцыйна цікавей акунуць гледача ў гушчу падзеяў, а потым патлумачыць што да чаго. Так дынамічна можна пачынаць і рэпартаж — гэта станецца эмацыйным кручком для чытача.

Марычка кажа, што рэпартаж — гэта крыху літаратура, але мусіць быць баланс паміж літаратурнай і журналісцкай працай. Каб тэкст не быў аднастайным нудотным палатном, важна чаргаваць такія элементы як дыялогі, апісанні і фактаж.

Тэкст можна выбудоўваць па наступных прынцыпах:

  • Зваротна-храналагчны

  • Паралельныя гісторыі

  • Набор гісторыяў-партрэтаў, якія раскрываюць адну тэму

Загаловак

Каля 40 % тэкстаў я атрымліваю без загалоўка. Але калі загаловак вам падаецца няўдалым, лепш усё ж напішыце яго. Калі не атрымліваецца, гэта кажа пра тое, што вы не зусім разумееце, аб чым тэкст. Тады варта сфармуляваць ідэю ці дапрацаваць матэрыял.

Ёсць некалькі добрых рэкамендацый, датычных загалоўка, ад Атара Даўжэнкі:

  • Запішыце першыя асацыяцыі;

  • Гуляйце са словамі. Іронія і гульня словаў робяць загалоўкі эфектыўнымі;

  • Паспрабуйце коратка абагульніць сказанае ў тэксце;

  • Прыдумайце пытанне, адказ на якое дае тэкст;

  • Загаловак можы быць часткай вашай творчай задумы;

  • Узмацніць загаловак можна моцным падзагалоўкам;

  • Штампы — гэта часам добра;

  • Загалоўкам можа стаць цытата, але больш дарэчы гэта для інтэрв’ю.

Мова

Ёсць меркаванне, што, калі гэта літаратурны рэпартаж, яго трэба пісаць складана і мудрагеліста. Не. Тэкст трэба пісаць так, нібыта вы распавядаеце гісторыю сябру. Ёсць карысная кніга “Слова жывое і мёртвае” Норы Галь, у якой вылучаюцца тры галоўных ворагі ў тэксце: таўталогія, штампы і канцылярызмы.

Да гэтага можна дадаць некалькі парадаў:

  • Будуйце кароткія сказы;

  • Тлумачце складанае проста;

  • Карыстайцеся сінонімамі;

  • Замяняйце пасіўныя абароты актыўнымі, бо пасіўныя забіваюць рытм, дынаміку;

  • Замест прыметнікаў абірайце дзеясловы. Павінна гаварыць дзеянне, а не ваша адзнака;

  • Перачытваючы тэкст, спрабуйце выкінуць з яго кожнае слова. Калі сэнс не мяняецца, значыць, яно лішняе.

Як рэдагаваць уласны тэкст?

“Аўтарская слепата — гэта норма”, — кажа Марычка. Таму варта скарыстацца наступнымі рэкамендацыямі, перад вычыткай:

  • Радыкальна змяніце тып, колер, памер шрыфту або фон;

  • Перасоўвайце лінейку па радках;

  • Перачытайце кожны сказ асобна, вылучыўшы яго курсорам або аддзяліўшы ад тэксту;

  • Прачытайце тэкст з канца;

  • Раздрукуйце тэкст і чытайце з паперы;

  • Зімітуйце публікацыю;

  • Прачытайце тэкст услых;

  • Дайце тэксту паляжаць;

  • Дайце прачытаць тэкст камусьці іншаму.

“Ёсць дзве запаведзі ад рэпарцёра Дзмітрыя Вінаградава, — падсумоўвае Марычка. — Першая: не намагайцеся дагадзіць свайму герою. Другая: не закохвайцеся ў героя. З апошнім можна паспрачацца. Калі прасякаешся героем, тэкст атрымліваецца чалавечней. Таму я трымаюся за словы Катажыны Квяткоўскай-Маскалевіч, якая называе працу з героямі кароткім, але шчырым сяброўствам”.

Фота аўтара

Каментары