589

Рэдактар “Вольнага Глыбокага” падарыў гораду саджанцы платанаў

24.04.2019 Крыніца: Служба маніторынгу ГА "Беларуская асацыяцыя

12 платанаў — такі падарунак для Глыбокага зрабілі мясцовыя незалежныя журналісты. Саджанцы дрэў з насення вырасціў на сваім прысядзібным участку рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун. Калі дрэўцы падраслі да паўметра, ён разам са сваімі калегамі пасадзіў іх каля дэндралагічнага сада.

Аздабленне свайго горада новымі дрэвамі, рэдкага для Беларусі віду, сябры ГА “БАЖ” зладзілі ў межах грамадскай акцыі “Эстафета добрых спраў”.

Пасадку платанаў рэдактар “Вольнага Глыбокага” ўзгадніў з кіраўніцтвам Глыбоцкай лясной гаспадаркі. Там дазволілі пасадзіць іх не ў самім дэндрасадзе, бо ён лічыцца прыродаахоўным помнікам, а каля яго.

— Спачатку ў лясгасе ці жартам, ці ўсур’ёз сказалі, што такое дрэва не вывучалі. Але я ім распавёў, што платаны жывуць больш за дзве тысячы гадоў і растуць яшчэ з біблейскіх часоў. Тады яны патэлефанавалі ў Мінск, каб узгадніць пасадку, — кажа Уладзімір Скрабатун.

Зміцер Лупач узгадвае, што аднойчы на сходзе прадпрымальнікаў у Глыбокім кіраўнік раёна Алег Морхат сказаў пра яго, што быццам бы ён ніводнага дрэва не пасадзіў.

— За сваё жыццё я пасадзіў шмат дрэў, але гэта будзе яшчэ адзін доказ таму, — з жартам зазначае журналіст. — Платаны мы пасадзілі побач з дэндрасадам ля сцежкі здароўя, якую калісьці закладвалі работнікі мясцовага райвыканкама ды работнікі  прадпрыемстваў горада.

Даведка:

Платаны — высокія ліставыя дрэвы з густой шырокай кронай. Магутны зеленавата-шэры ствол дасягае ў вышыню 50 метраў. Самы вялікі і старажытны платан расце ў Турцыі ля Басфора: яго ўзрост больш за 2300 гадоў, вышыня 50 метраў, акружнасць ствала 42 метры.