1100 0

Рэдактар “Радыё Свабода” Юлія Коцкая: “Стрым будуць глядзець, калі ёсць інтрыга”

05.03.2018 Крыніца: Марыя Малевіч для baj.by

Рэдактар мультымедыя аддзела беларускай службы “Радыё Свабода” Юлія Коцкая распавяла, што можа дапамагчы і што абавязкова нашкодзіць падчас стрыма.

Прамая трансляцыя падзей у інтэрнэце ці стрым — новы трэнд у сусветных медыя, які прыйшоў на змену кароткім відэаролікам у сацсетках. Сёння стрым хаця б аднойчы спрабавалі весці большасць рэдакцый незалежных СМІ. “Радыё Свабода” вядзе прамыя інтэрнэт-трансляцыі з 2012 года.

Стрым з акцый пратэсту 25 сакавіка 2017 года агулам паглядзелі 1 мільён 100 тысяч чалавек.

У межах выставы “Фокус на інавацыі” рэдактар мультымедыя аддзела беларускай службы "Радыё Свабода" Юлія Коцкая правяла майстар-клас, падчас якога дала некалькі парадаў тым, хто хоча рабіць стрымы, не горшыя, чым у Свабоды.

 

Грошы вырашаюць не усё

Каб рабіць стрымы, не трэба шмат тэхнікі. Безумоўна, калі рэдакцыя можа дазволіць сабе добра абсталяваную студыю, магчымасці ўзрастаюць. Пры гэтым, для стрыма ў першую чаргу патрэбны смартфон, мікрафон, добры інтэрнэт і вядучы.

Юлія Коцкая раіць звярнуць увагу на IPhone — гэтыя смартфоны хоць і вылучаюцца па кошце (для стрыму цудоўна падыходзяць IPhone і не самых апошніх мадэляў), але маюць добрую камеру, стабільна працуюць і даюць магчымасць карыстацца зручнымі аплікацыямі.

На жаль, да мабільнага інтэрнату ў Беларусі ёсць пытанні, але і іх можна вырашыць. Лепш карыстацца 4G інтэрнэтам. Для вядзення стрымаў адразу на некалькіх платформах існуе некалькі аплікацый. Самая папулярная — Restream.io. Праграма платная, але выдаткі вартыя таго.

 

Адзін у полі не воін

Стрым немагчыма арганізаваць аднаму. У ідэале поруч з вядоўцам мусіць працаваць прафесійны відэааператар. Калі стрым вядзецца з тэлефона, журналіст усё роўна не можа працаваць у адзіночку. Рэжысёр трансляцыі, які будзе трымаць сувязь з вядоўцам праз другі тэлефон, — неабходны ўдзельнік працэса. Рэжысёр падказвае журналісту інфармацыю, дае парады, паведамляе аб хібах. Акрамя таго, рэжысёр ці спецыяліст па развіццю сацыяльных сетак можа падтрымліваць камунікацыю з гледачамі, адказваць на каментары ў сацсетках і перадаваць іх вядоўцу.

 

Галоўнае — гэта інтрыга

Стрым будуць глядзець, калі ёсць інтрыга. Калі цяжка прадказаць, чым скончыцца падзея, затрымаць на праглядзе людзей прасцей. Прычым не абавязкова, каб у прамым эфіры транслявалася крывавая бойка. Стрым з пасяджэння аргкамітэта па святкаванню стагоддзя са дня ўтварэння БНР сабраў некалькі соцень гледачоў. Часам журналісты самі могуць ствараць драматургію, канфлікт стрыма. Добры прыклад — стрым “Збіраць грошы на піва ці на апазіцыю”, падчас якога ішло галасаванне. Кожны раз, калі нехта аддаваў свой голас, журналісты “Радыё Свабода” кідалі манетку ў адмысловую шклянку.

Майстар-клас ад "Радыё Свабода": Сацыяльнае відэа — вялікая гісторыя ў дзесяці сказах

 

Як павялічыць аўдыторыю?

Стрымы — шмат у чым стыхійная рэч. Колькі будзе доўжыцца трансляцыя і ўвогуле ці адбудзецца яна, часам складана прадказаць. Калі няма інтрыгі, нічога не адбываецца ці якасць сувязі не дазваляе весці паўнавартасную трансляцыю, лепш не пачынаць стрым. Таму і анансаваць стрым загадзя часта не мае сэнсу. Але калі стрым пачаўся, усё ідзе добра, варта падтрымліваць яго перапостамі ў сацыяльных сетках, дасылаць запрашэнні далучыцца да прагляду. Добры інструмент пашырэння аўдыторыі — камунікацыя з гледачамі. Чым больш каментароў, дыскусій з’явіцца пад стрымам, тым больш карыстальнікаў яго ўбачаць.

 

Што стрыміць?

Хіба што галоўнае пытанне –— што трансляваць. Універсальнага адказу не існуе, упэўненая Юлія Котская. Галоўнае, каб адбывалася нешта цікавае. Гэта можа быць экшен-падзея, кшталту дэманстрацыі. Але і на больш спакойных мерапрыемствах можна сабраць гледачоў.

Калі ў рэдакцыі ёсць уплывовыя журналісты, гэта таксама можна выкарыстаць. Калі нешта адбылося, ваш калега за пяць хвілін можа даць экспертную ацэнку. Так журналісты “Радыё Свабода” дзейнічалі падчас паведамленняў аб закрыцці беларуска-расійскай мяжы. Карэспандэнт наўпрост з мяжы распавядаў аб тым, што і чаму адбываецца.

Часам можна стрыміць прэс-канференцыі. Пасля нападу Улада Казакевіча на людзей у гандлёвым цэнтры “Еўропа” прадстаўнік Следчага Камітэта даваў каментары на месцы падзеяў. Свабода была адзіным медыя, якое вяло прамую трансляцыю. Толькі на Facebook гэты стрым глядзелі каля 300 чалавек.

Прамыя ўключэнні з канцэртаў таксама могуць мець месца, але лепш не злоўжываць такімі трансляцыямі. Калі няма магчымасці падключыцца да рэжысёрскага пульта, не атрымаецца якасна перадаць гук. Але сам канцэрт можа быць падзеяй. Так трансляцыя з выступу гурта Brutto у Гомелі была цікава перш за ўсё тым, што гэты быў першы не забаронены выступ музыкаў на радзіме.

 

Не баяцца памылак

Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Але перад пачаткам трансляцыі лепш праверыць, ці ўсё нармальна. Самая распаўсюджаная памылка — перавернутая камера тэлефона. Лепш зрабіць тэставую трансляцыю для аднаго рэжысёра, чым сутаргава варочаць тэлефонам падчас падзеяў.

Гэтак жа важна адключыць званкі, аплікацыі і праверыць батарэю. Калі нешта ідзе не так, проста тлумачыць гледачам, што адбываецца: “Выбачаемся, вымушаныя замяніць батарэю”. І гэтак далей.

Юлія Коцкая падкрэсліла, што дрэнная якасць гуку ці відэа адразу адбіваецца на колькасці гледачоў. Таму варта аддаваць гэтаму першасную ўвагу. Таксама варта дбаць пра падрыхтоўку да эфіру, каб арыентавацца ў падзеях і быць здольным запоўніць паўзы.

Па словах Юліі Коцкай, лепшы сродак навучыцца рабіць якасныя стрымы — проста рабіць іх. Не баяцца памылак і недасканаласцяў, а ўпарта рабіць сваю працу. І атрымліваць ад гэтага задавальненне.