871 0

Рэдактар «Настоящего Времени»: Для аўдыторыі характэрны эмацыйны канібалізм

06.02.2018 Крыніца: Марыя Савушкіна для baj.by

Кірыл Сухоцкі — вядомы журналіст з беларускімі каранямі, які год таму стаў галоўным рэдактарам новага медыя ў відэафармаце «Настоящее Время» — падчас сустрэчы ў Мінску расказаў пра сучасныя прагматычныя патрабаванні да журналістаў і мадэль спажывання інфармацыі аўдыторыяй.

«Перадаваць эмоцыю і быць там, дзе было б цікава быць вашым гледачам. Нават не трэба нічога гаварыць, а проста перадаваць і проста быць. Вы не ўяўляеце колькі людзей сёння глядзяць відэа без гука», — тлумачыць поспех «Настоящего Времени» Кірыл Сухоцкі.

Кірыл Сухоцкі

«Настоящее Время» — гэта і эфірнае, і інтэрнэт-тэлебачанне. Каманда стварае відэа кантэнт для розных пляцовак. Канал ахоплівае 23 краіны з рускамоўнай аўдыторыяй і вяшчае 24 гадзіны ў суткі.

Крэда  — навіны, якія не паказваюць дзяржканалы.

«Мы ставіліся да «Настоящего Времени» як да стартапа «Радыё Свабода». Менавіта з рэдакцыі «Радыё Свабода» вырас гэты праект, хоць сама рэдакцыя не займалася тэлебачаннем», — кажа Кірыл Сухоцкі.

 

Адкрытая лекцыя Барбары МакКормак — віцэ-прэзідэнта Музея журналістыкі і навін, Вашынгтон (13 лютага, офіс БАЖ)

 

 

Што павінны ўмець рабіць журналісты на тэлебачанні?

«Галовы, якія размаўляюць» з тэлевізара, больш не запатрабаваныя. І гэта ўсё ўскладніла. Неабходны набор навыкаў (skills set) журналіста стаў бясконцым. Асабліва на тэлебачанні, калі журналісцкая праца спалучаецца з тэхнічнымі ўменнямі — здымаць, мантаваць, весці прамы эфір, ведаць як выставіць свет у студыі і ўмець арганізаваць студыю «ў полі», пераслаць відэа ў рэдакцыю. Трэба ўмець стрыміць з тэлефона, кіраваць машынай, умець «выжываць» у камандзіроўках, размаўляць на розных мовах і г. д.

«Чым больш у журналіста ўменняў, чым больш моваў ён ведае, тым больш у яго шанцаў на поспех. Я працую на тэлебачанні, і ўмею ўсё — мантаваць, пісаць тэксты, падлучацца да прамога эфіру, — усё гэта я магу. Калі побач людзі, якія ўмеюць столькі ж, колькі я, — разам мы можам зрабіць нашмат больш», — кажа Кірыл Сухоцкі.

Часы, калі здымачная група складалася з 5 чалавек — аператар, журналіст, кіроўца, прадзюсар і мантажор, мінулі. Цяпер група — гэта аператар і журналіст. Усё стала настолькі тэхналагічна, што мантаваць можна на сваім смартфоне.

Таму, сёня галоўнае — набіраць уменні, вучыцца і запускаць прамыя эфіры, рабіць тое, што раней не даводзілася.

Кірыл Сухоцкі, фота з асабістага архіва

«Мне цікавыя журналісты галодныя да працы. Вельмі крута, калі нехта прыходзіць на канал і кажа: "Давайце зробім гэта", а не чакае задання», — кажа Сухоцкі.

Кірыл Сухоцкі 16 год не жыве ў Беларусі. Ён паехаў навучацца ў Лондан і быў менавіта такім «галодным да працы» журналістам. Таму ў адзін дзень проста патэлефанаваў у "Рускую службу ВВС" і папрасіўся да іх працаваць бясплатна. Ужо праз 2 дні яму прапанавалі кантракт.

«Свет змяняецца настолькі хутка, што не трэба недаацэньваць імклівасць гэтых пераменаў. У 2002 годзе мне казалі, што тэлебачанне не памрэ ніколі, людзі будуць спажываць тэлебачанне бясконца. А ў 2005 годзе з’явіўся YouTube. Гэта было ўсяго 12 год таму, — кажа Сухоцкі. — Калі я ў 2010 годзе сустрэўся з хлопцамі, якія прыдумалі Skype, яны мне сказалі, што будучае — гэта мабільны інтэрнэт і спажыванне інфармацыі праз мабільныя тэлефоны. Я не паверыў. Але прайшло колькі год і гэта адбылося».

Сухоцкі распавёў, што сярэдні ўзрост гледача аднаго з найвядомейшых амерыканскіх каналаў навін — 69 год!

Людзі маладзейшага веку перасталі глядзець тэлебачанне ўвогуле. У многіх маладых людзей нават камп'ютара няма. Усе глядзяць відэа праз мабільны тэлефон. Дык ці ёсць сэнс ствараць відэакантэнт у такіх умовах? Што хоча новае пакаленне гледачоў? 

«Людзі з мабільнымі тэлефонамі не хочуць каб ім нешта паведамлялі, яны хочуць, каб з імі размаўлялі. Расказвайце гісторыі. Для гэтага не трэба супер дарагое абсталяванне», — адказвае Кірыл Сухоцкі.

Якім павінна быць паспяховае відэа?

Новыя фарматы спажывання вымагаюць новых стандартаў ад відэапрадукта. Якія? Вось што кажа рэдактар «Нового Времени»:

  • Відэа не павінна быць доўгім, у яго павінна быць драматургія і выразная эмоцыя.
  • Галоўнае карцінка. Людзі гатовыя глядзець карцінку гадзінамі, толькі таму, што яна іх захоплівае.
  • Поспех відэа вымяраецца не ў тым, колькі людзей праглядзела відэа і колькі лайкаў і шэраў яно атрымала.

Кірыл паказаў ролікі, знятыя падчас пратэстаў на Дзень Расіі, калі пад гукі расійскага гімна паліцыя пачала разганяць пратэсты ў прамым эфіры. Такія відэа, на яго думку, захопліваюць увагу аўдыторыі. Усё што трэба, каб стварыць такі ролік — чалавек са смартфонам, які проста знаходзіцца там, дзе адбываюцца цікавыя падзеі.

«Вы пайшлі ў журналістыку не для таго, каб сабраць лайкі і шэры, а каб расказваць гісторыі. Вам гэта падабаецца, і гэта трэба, каб зрабіць мір лепшым. Гэта галоўнае. Мір лепшым робяць не лайкі, а тое што адбываецца далей з вашымі героямі і з вашай тэмай. Эфект журналістыкі нашмат важнейшы», — падкрэслівае Кірыл Сухоцкі.

На думку Сухоцкага, рэдактары медыя сёння не разумець, для чаго ж трэба відэа. «І таму на сайце з’яўляецца асобны раздзел «відэа», куды закідваюць усе ролікі. Туды, звычайна, ніхто не заглядае. Павінна ж адбывацца сінэргія відэа і тэкста.

Людзі глядзяць відэа ў інтэрнэце не больш за 3 хвіліны. Калі карцінка не захоплівае гледача, ён пераключаецца альбо скроліць. Інтэрв’ю ніхто не глядзіць больш за 5 хвілінаў. «Таму за гэтыя 5 хвілінаў трэба выціснуць з героя ўсе, што вы хочаце пачуць», — раіць Сухоцкі.

Тэкст для відэа

Пісаць для тэлебачання трэба вельмі простай размоўнай мовай. З простых сказаў. Шмат кропак. Гэта можа глядзецца «не вельмі» на паперы, але на слых — тое, што трэба. Гэта мова, якой мы размаўляем. Мы не ўжываем словы, якімі карыстаемся пры пісьме. Расказвайце сваю гісторыю так, як вы расказалі б яе свайму сябру ў бары.

Інтэрв’ю

Інтэрв’ю рабіць складана, так. У чым складанасць? «Журналісты, якія бяруць інтэрв’ю, — ім не цікавы суразмоўца, ім галоўнае задаць пытанне. І гэта робіць гутарку нецікавай. Сама лепшае пытанне для інтэрв’ю — гэта пытанне «чаму?», — кажа Кірыл Сухоцкі.

Трэба, каб глядач адчуў сябе на месцы журналіста, а гэта адбудзецца тады, калі журналіст будзе задаваць пытанні, якія цікавяць гледача. Журналіст — гэта пасярэднік паміж гісторыяй і гледачамі.

Госці і героі інтэрв’ю — гэта нашыя ньюсмейкеры. Госці павінны быць яркімі. Дамагайцеся тых людзей, якіх вы не ведаеце, пра якіх вы думаеце, што ніколі да вас не прыйдуць. 

Кірыл Сухоцкі паведаміў, што напярэдадні сустрэчы ў Прэс-клубе ён запісаў інтэрв’ю з Міністрам замежных спраў РБ Уладзімірам Макеем. «Мы проста вырашылі, а чаму б не — пазванілі ў МЗС і запыталіся. У выніку ўсё атрымалася», — распавёў Сухоцкі. 

Навошта людзі глядзяць навіны?

У рэдакцыях сусветных медыя гуляе думка, што людзі глядзяць навіны, каб атрымаць адказ на тры пытанні:

  • Ці я знаходжуся ў бяспецы?
  • Ці мая сям’я ў бяспецы?
  • Што яшчэ цікавага адбываецца?

 

Пра рэпутацыю

На Захадзе яна вельмі важная. Важна што ты напісаў у Twitter 5 год таму. У нашым рэгіёне  рэпутацыя не вельмі патрэбная. Аўдыторыя стала яшчэ больш цынічнай і гэта робіць яшчэ больш важным трапіць у эмоцыю.

«Для аўдыторыі характэрны эмацыйны канібалізм. Выклікайце спачуванне, радасць, здзіўленне і захапленне сваімі ролікамі», — кажа Кірыл Сухоцкі. 

 

Трэнды

Ландшафт у інтэрнэце цалкам мяняецца кожныя 18 месяцаў. Цяпер галоўная сацсетка ў свеце — Twitter. У нашым рэгіёне гэта — Facebook, у Расіі — «ВКонтакте», а ў Цэнтральнай Азіі — Instagram. «Больш там нічога няма. Там нават навіны спажываюць праз Instagram. Але праз два гады ўсё будзе зусім па-іншаму», — кажа Кірыл Сухоцкі.

Кірыл расказаў: калі ехаў з аэрапорта ў Мінск, праслухаў навіны на адной з FM-радыёстанцый. «Неверагодна, але ўсе самыя нецікавыя навіны былі напачатку выпуска, а ўсе самыя цікавыя — напрыканцы, — кажа Сухоцкі. — Спачатку расказалі пра візіт еўракамісара і пра прэзідэнта, а паля пра тое, што ў Мінску можна будзе атрымліваць амерыканскія візы і што падаражэюць цыгарэты. Кожная з гэтых «апошніх» навінаў — з шэрагу топ. Трэба адыходзіць ад бюракратычнай і старой сістэмы падачы навінаў, калі «спачатку прэзідэнт, а пасля ўсё астатняе».

Шукайце герояў і гісторыі — гэта актуальна ва ўсе часы. Сутнасць журналістыкі застаецца нязменнай.

Адкрытая лекцыя Барбары МакКормак — віцэ-прэзідэнта Музея журналістыкі і навін, Вашынгтон (13 лютага, БАЖ)

Каментары