2874

Рэдакцыя "Нашай Нівы" адмовілася супрацоўнічаць з Камісіяй па этыцы ГА "БАЖ"

23.09.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

На пошту ГА "БАЖ" прыйшло паведамленне ад рэдакцыі "Нашай Нівы" з інфармацыяй, што выданне "лічыць немагчымым супрацоўнічаць з камісіяй па этыцы".

Ліст прыйшоў перад разглядам Камісіяй па этыцы заявы Валянціна Стэфановіча з нагоды публікацыі на сайце газеты "Наша Ніва" матэрыяла са здымкам пад загалоўкам "Браты-славяне. П'едэстал Алімпіяды у Рыа па грэка-рымскай барацьбе".

"Рэдакцыйная калегія NN.BY / "Нашай Нівы" даводзіць да вашага ведама, што лічыць немагчымым супрацоўнічаць з камісіяй па этыцы, паколькі Рэдакцыя сумняецца ў аб'ектыўнасці і неперадузятасці старшыні Камісіі па этыцы БАЖ А. Гуляева. Просім давесці гэта да ведама Камісіі на яе сённяшнім пасяджэнні.

Ад імя рэдакцыйнай калегіі NN.BY / "Нашай Нівы", Андрэй Дынько, Ягор Марціновіч, Зміцер Панкавец, Андрэй Скурко", — гаворыцца ў лісце рэдакцыі.

Нагадаем, пасля разгляду заявы Стэфановіча Камісія адзначыла, што ў матэрыяле "Браты-славяне. П'едэстал Алімпіяды ў Рыа па грэка-рымскай барацьбе" няма спробы характэрызаваць людзей па расавым прызнаку ці нацыянальнасці — тым больш, што нават слова “нацыя” не ўжываецца. Няма падставы для ксенафобіі (страх ці нянавісць да нечага чужога) ці расізму (канцэпцыі няроўнасці чалавечых рас).

"Камісія адзначае, што публікацыю на сайце “Нашай Нівы” немагчыма вызначаць як здзек ці абразу, не прысутнічае ў ёй таксама і мова варожасці. Камісія пастанаўляе:

Матэрыял "Браты-славяне. П'едэстал Алімпіяды ў Рыа па грэка-рымскай барацьбе" не ўтрымлівае парушэнняў прафесійнай этыкі".