544 0

Рэдакцыя Kyky: Мы чакаем замову на натыўную рэкламу ад сэкс-шопа!

05.10.2017 Крыніца: Алена Ляшкевіч для baj.by

На адкрытай лятучцы ў Прэс-клубе рэдакцыя Kyky.org не давала парадаў, проста весела і жвава распавядала пра выданне. Але, калі задацца мэтай, то можна іх досвед трансляваць у лайфхак ды выкарыстаць наўпрост па прызначэнні.

Канечне, паўтарыць поспех Kyky можа толькі Kyky. Але тое-сёе спрацуе і ў іншых медыях. Калі на вашым сайце дасюль няма рубрыкі пра сэкс, яе трэба завесці. Найбольш праглядаў на Kyky набірае менавіта яна. Хаця там ёсць “Грошы”, “Героі”, “Праекты”, “Месцы”, “Культ”(ура) і “Боль” (экс-“Жыццё”). Не сказаць, каб рэдакцыя задаволеная такім станам рэчаў: “Калі з пяці тэкстаў у топе толькі два пра сэкс — гэта поспех”.

Добрыя і кепскія навіны ад Kyky

Неістотна, успрымаюць ваша выданне як жоўтую прэсу ці як “разумны” часопіс, па-руску вы публікуецеся ці па-беларуску… Пра поспех артыкулаў пра сэкс нядаўна казаў і рэдактар “Нашай нівы” Ягор Марціновіч. Вунь і "Плэйбой" вярнуўся да публікацый з аголенымі прыгажунямі. Таму, калі хочаце быць чытаным выданнем, без сэксу — нікуды.

Кепская навіна: толькі на якасным кантэнце самаакупляльным выданнем не стаць. Трэба грошы ад рэкламы. Добрая навіна: натыўная рэклама можа чытацца не горш і нават лепш за звычайныя артыкулы.

Калі Kyky вырашыў выходзіць на самаакупляльнасць і стаў публікаваць больш натыўнай рэкламы, то рэдакцыя баялася страціць частку чытачоў. Але трафік наадварот павялічыўся. У прынцыпе, Kyky і так ніколі не замоўчваў назву брэндаў, не пужаючыся абвінавачванняў у рэкламе, і працягвае гэта рабіць у нерэкламных матэрыялах.

“Натыўная рэклама аздараўлівае журналіста, — кажа Саша Раманава, дырэктарка выдавецтва “Мінт Медыя”, што цяпер яднае Kyky і беларускі The Village. — Гэта лепш, чым выдумляць навіны з канапы, а калонкі з галавы”. Жаданне максімальна наблізіць натыўную рэкламу да звычайнага рэдакцыйнага кантэнту, па словах Аляксандры Раманавай, “прымушае варушыць мазгамі”. Напрыклад, рэкламуючы прадукцыю МакДональдс, яны разам з рэдактаркамі Анастасіяй Рагатка (Kyky.org) і Яўгеніяй Сугак (the-village.me) спякотным летнім днём зладзілі пікнік на страсе. Ежай забяспечыў рэкламадаўца, а гутарылі пра мужчын. Ну, калі б яшчэ нам пашчасціла прачытаць развагі трох паспяховых жанчын пра супрацьлеглы пол?

Праўда, рэкламадаўцу трэба актыўна шукаць. Колькасць штатных журналістаў у Kyky роўная колькасці мэнэджэраў па рэкламе: іх па тры. Яшчэ ў камандзе, акрамя рэдактаркі і дырэктаркі, пра якіх ужо пісалася, більд-рэдактар, SMM-шчык, праграміст. І шмат пазаштатных аўтараў.

Некаторыя пішуць усяго адзін артыкул, на тэму, якая іх хвалюе і/ці дзе яны спецыялісты. Некаторыя супрацоўнічаюць з рэдакцыяй рэгулярна. У прынцыпе, стаць аўтарам Kyky можа кожны, галоўнае, каб была цікавая гісторыя, бо, на думку рэдакцыі, ніякая адукацыя не робіць журналістам, толькі практыка.

Калі Вы хочаце ставіць “жывыя” тэксты — не высылайце іх на ўзгадненне. Самі журналісты Kyky, праўда, амаль усе тэксты ўзгадняюць. Але, па словах Сашы Раманавай, варта імкнуцца да такога ўзроўню даверу героя: “вы пасядзелі — і ён упэўнены, што ты напішаш файна”. Ну, і не з усімі праўкамі варта пагаджацца. Чалавеку бывае складана ўспрымаць свае словы, надрукаваныя журналістам. На сэлфі ж мы выглядаем не так, як у жыцці, праўда? Таму праўлены тэкст можа “прырасці” канцылярызмамі і літаратурным стылем. Даводзіцца тлумачыць: “Вы ж  так не гаворыце на самой справе”.

Дарэчы, усе героі Kyky сапраўдныя. Але ці кажуць яны праўду? Kyky — часопіс меркаванняў, таму пытанне не залічваецца.

Пра што мараць і шкадуюць журналісты kyky?

Яны чакаюць сэкс-шоп! Дакладней, чакаюць, што якая-небудзь крама адпаведнага профілю замовіць у іх натыўную рэкламу. Ужо маюць шмат ідэй ды накідаў, а "Германа ўсё няма"… Ні за адзін тэкст рэдакцыі не сорамна, яна ні пра што не шкадуе. Сумневы ў Сашы Раманавай выклікае хіба ўласны артыкул пра пантавыя ванны. Быццам бы ўсё ж не вельмі гуманны шлях аздараўлення і не трэба было згаджацца яго рэкламаваць, хоць аленяў і не забіваюць. На пытанне “Ці любы прадукт возьмецеся рэкламаваць?” рэдакцыя адказала, што не рэкламуе “рэчы, шкодныя для здароўя, лахатроны і казіно”.

Пасля выхада тэкста Марыі Вайтовіч пра патолагаанатамку паступіла просьба ад гераіні прыбраць публікацыю, хаця тэкст быў з ёй да слоўца ўзгоднены. Рэдакцыя адмовіла, і тады гераіня схавала допісы ў сваім Twitter, якія прынеслі ёй вядомасць. Марыя спрабавала высветліць у дзяўчыны, што здарылася, што памяняць у артыкуле, але яна перастала выходзіць на сувязь. “Мне вельмі шкада” — рэзюмавала журналістка.

Шмат пытанняў выклікаў тэкст Ганны Златкоўскай “Аборт — гэта не віна мужчын ці абставінаў. Гэта безадказнасць жанчыны”. Пасля халівару ў каментарах рэдакцыя і сама Ганна вырашылі, што артыкул патрабуе дадатковых тлумачэнняў, якія і апублікавалі на пачатку тэкста. Сайт Kyky прынцыпова не “чысціць”, нічога не прыбірае, якая б рэакцыя на тэкст ні была.

Статыстыка для тых, хто любіць лічбы:

У будні на kyky.org бывае 15-25 тысяч прагледжаных старонак. Каля 30 % прыйшло з сацсетак. Гэта, як кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, сярэднестатыстычны ўзровень для еўрапейскага СМІ, а ў Беларусі далёка не ўсе яго дасягаюць. 57 % аўдыторыі Kyky – мужчыны. Большая частка наведвальнікаў – ва ўзросце ад 25 да 44 год, 5 % – пенсіянеры. Амаль увесь трафік арганічны – артыкулы не рэкламуюцца за грошы, толькі зрэдку рэдакцыя робіць платную прамоцыю матэрыялаў у Facebook.

Каментары