НЕ - ВАЙНЕ!
1219

Расійская прапаганда ў Германіі: “У сферы ідэй уплыў відавочны. Што да фінансавання – шукаем факты”

24.05.2016 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Атручаныя прапагандай людзі больш не хочуць слухаць факты – яны хочуць эмоцый. Што рабіць, калі прапаганда гучыць “з кожнага праса”? Калі жывеш у медыяасяродку, дзе прапагандысцкія медыя маюць значна большы ўплыў у параўнанні з астатнімі?

Гэтыя пытанні ўзнялі журналісты постсавецкіх краін у часе дыскусіі з удзелам прадстаўнікоў вяшчальнай карпарацыі Deutche Welle і German Press Agency (DPA).

“Мы не можам сабе дазволіць супрацьпастаўляць прапагандзе контрпрапаганду, – перакананы Крысціян Трып (Christian Trippe), вядоўца палітычнага ток-шоу “Quadriga” на Deutche Welle. – Ніхто не адмяняў журналісцкіх стандартаў, якіх мы мусім прытрымлівацца. Яшчэ нядаўна на ўзроўні ЕС абмяркоўвалася ідэя стварэння рускамоўнага навінавага тэлеканала як супрацьвагі расійскай прапагандзе. Але мне падаецца правільным тое, што гэтая прапанова не прайшла”.

Журналіст кажа гэта нягледзячы на тое, што сам вельмі заклапочаны сітуацыяй вакол нямецкіх СМІ цягам апошняга года і схільны бачыць у гэтым і “руку Расіі”. Ад пачатку еўрапейскага міграцыйнага крызісу (вясна 2015 года) узровень даверу да СМІ ў Германіі імкліва падае. «Lügenpresse» (“ілжывая прэса”) – адзін з папулярных лозунгаў у часе вулічных акцый, арганізаваных нямецкім палітычным рухам Пегіда (PEGIDA, Patriotische Europäer gegen die Islamisierung des Abendlandes, Патрыятычныя еўрапейцы супраць ісламізацыі Захаду). Журналістаў усё часцей атакуюць, не разбіраючы, якую менавіта прэсу яны прадстаўляюць.

Карэспандэнт нашага інфармацыйнага агенцтва быў так запалоханы пасля шэрагу нападаў, што шчыра прызнаўся – маўляў, не ўпэўнены, што ўсё яшчэ можа пісаць аб’ектыўна”, – кажа Марка Мірке (Marco Mierke), кіраўнік англамоўнай службы German Press Agency (DPA).

“На мой погляд, частка гэтай кампаніі (асабліва  што тычыцца прэсы) стымулюецца расійскімі прапагандысцкімі медыямі, – лічыць Крысціян Трып. – Многія з гэтых СМІ вельмі ўплывовыя і за межамі Расіі, бо маюць мноства рэдакцый – кшталту “Russia Today” ці “Sputnik””.

У той жа час, доказаў наўпроставага фінансавага ўплыву Расіі на пратэстныя настроі ў Германіі – напрыклад, стымулявання дзейнасці Пегіды – няма. “У сферы ідэй уплыў відавочны. Але што да фінансавання – калі б я меў факты, то, мабыць, не сядзеў бы тут і не гутарыў з вамі, а пісаў сваё расследаванне. Многія мае калегі працуюць над гэтай гісторыяй, спрабуючы знайсці доказы”, – кажа сп. Трып.

“Безумоўна, у кожнай дзяржавы ёсць свой палітычны інтарэс. І кожная дзяржава імкнецца распаўсюджваць гэты інтарэс. Але калі пэўныя масмедыя прэзентуюць толькі гледзішча ўраду, калі ў іх няма месца для дыскусіі – гэта махровая прапаганда”, – перакананы нямецкі журналіст.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!