2148

Прыгоды TUT.by на выбарчых участках (Відэа)

12.10.2015 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журналістка партала TUT.by Алёна Шарамет размясціла на Youtube некалькі відэазапісаў, якія дэманструюць, наколькі слаба ведаюць выбарчае заканадаўства некаторыя сябры ўчастковых камісій.

У дзень выбараў у здымачнай групы на ўчастку для галасавання №58 у Мінску старшыня камісіі Васіль Ананька запатрабаваў у журналістаў «акрэдытацыю», прывёўшы ў прыклад Радыё «Свабода».

Алёне Шарамет давялося тлымачыць, што беларускім журналістам, у адрозненне ад замежных, ніякая акрэдытацыя не патрэбная.

На іншым участку журналістам давялося праходзіць праз шматлікія “кардоны” падазрона настроеных службовых асобаў, якія цікавіліся “дазволам”, казалі пра неабходнасць “спытаць у начальніка комплекса” і выказвалі пажаданне, каб група асвятляла выбары, нічога не здымаючы.

Алёна Шарамет паведаміла прэс-службе ГА “БАЖ”, што ёй спрабавалі перашкодзіць працаваць шмат на якіх участках, але дзякуючы настойлівасці, абяцанням паскардзіцца ў ЦВК і ўпэўненым спасылкам на выбарчае заканадаўства журналісты змаглі працаваць там, дзе хацелі.