230 0

Прэмію Гедройця атрымаў журналіст і літаратар Зміцер Бартосік за зборнік рэпартажаў

31.10.2017 Крыніца: Паводле nn.by

У Мінску ўручылі беларускую літаратурную ўзнагароду з найбольшым грашовым фондам. Гедройця-2017 атрымаў Зміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы». Яна сатканая з рэпартажаў, якія ён рабіў для радыё «Свабода».

Ён атрымае 5000 еўра ад фундатараў прэміі — Фонду «Вяртанне» і Польскага інстытута ў Мінску. Пасля цырымоніі ён паведаміў, што палову прэміі падорыць свайму сябры і рэдактару кнігі, былому кіраўніку «Нашай Нівы» Сяргею Дубаўцу, а другую палову — аддасць жонцы, «якая лепш ёю распарадзіцца».

2 месца — Людміла Рублеўская, аўтарка кнігі «Дагератып».

3 месца — Адам Глобус, аўтар кнігі «Зваротная перспектыва».

48-гадовы Зміцер Бартосік нарадзіўся ў Рыбінску (Расея). Бацькі Змітра былі тэатраламі: бацька — рэжысёр, маці — акцёрка.

У школу ён пайшоў у Усць-Каменагорску (Казахстан). У 1978 годзе сям’я пераехала ў Гомель.

Вучыўся ў Ніжагародскай тэатральнай вучэльні, быў выключаны «за бяздарнасць». Пасля працаваў шліфоўшчыкам на Гомельскім заводзе станочных вузлоў, грузчыкам у краме, служыў у арміі.

Пасля дэмабілізацыі натрапіў на газету «Наша Ніва» і… зачараваўся беларушчынай. Прыехаў у Вільню, у рэдакцыю газеты і з таго часу перайшоў на беларускую мову.

Ён стаў бардам, у 2002 годзе выдаў кнігу апавяданняў з уласнага жыцця «Чорны пісталет». «Быў у пана верабейка гаварушчы» — найбольшы поспех Бартосіка.

Зміцер жыве ў Мінску. Разам з жонкай яны гадуюць чацвярых дзяцей: дачок Яню ды Юсцю ды сыноў Даната і Геру.

Каментары