536

Празрыстая аплата, салідарнасць, адкрытыя ўлады — чаго дамагаюцца журналісты-фрылансеры. ШМАТ ФОТА

13.03.2020 Крыніца: Таццяна Смоткіна для BAJ.BY. Фота: Вольга Хвоін Сюжэт: Фрыланс-журналістыка

 У Мінску 12 сакавіка адбылася міжнародная канферэнцыя беларускіх і шведскіх журналістаў-фрылансераў. Тэма сустрэчы: “Выклікі і перспектывы для фрыланс-журналістаў”. Канферэнцыя ладзілася пры падтрымцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Аб’яднання журналістаў-фрылансераў поўдня Швецыі Frilans Syd.

На пачатку з вітальным словам выступілі намеснік кіраўніка ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў” Алег Агееў і сябра Рады ГА "БАЖ" Андрусь Клікуноў. Яны сцісла акрэслілі стан спраў з журналістамі-фрылансерамі ў Беларусі і зазначылі, што гэтая тэма адна з самых вострых у журналісцкай супольнасці.

Са зваротным вітальным словам ад шведскіх журналістаў-фрылансераў выступіла Оса Ульсан, журналістка-фрылансерка і медыяэкспертка з горада Мальмё. Яна працуе з беларускімі журналістамі другі год і мае добрае ўяўленне пра сітуацыю ў Беларусі, пільна сочыць за ёй. Оса не забываецца пры нагодзе згадваць пра гэта на розных еўрапейскіх канферэнцыях і пасяджэннях, у якіх часам прымаюць удзел і прадстаўнікі беларускай улады.

Оса працуе ў дэмакратычным грамадстве: паводле Індэкса свабоды прэсы, Швецыя займае трэцюю пазіцыю, а Беларусь —  153-ю, але, як зазначыла журналістка падчас сваёй прамовы, і ў Швецыі ёсць шмат праблем. Адна з галоўных — гэта праблема з уцекачамі, хоць, як заўважыла Оса, яна і яе калегі лічаць, што гэтыя людзі ўзбагачаюць іх культуру.

Оса Ульсан распавяла, што з беларускімі калегамі яны неаднойчы абмяркоўвалі пытанні, якія датычацца свабоды прэсы і дэмакратычных правоў. Дэмакратыя ўключае ў сябе талерантнасць і прыняцце іншых пунктаў погляду, людзей іншых культур. І, як кажа Оса, часам, гэта з’яўляецца самым цяжкім. Дэмакратыя — гэта не толькі збор правілаў, але і ўнутраная павага да іншых людзей.

Як адзначыла Оса Ульсан, у шведскай Канстытуцыі ёсць некалькі прынцыпаў, якімі журналісты актыўна карыстаюцца. Адзін з іх — прынцып грамадскасці. Ідэя палягае ў тым, каб як мага больш дакументаў і інфармацыі былі публічнымі, гэта спыняе найперш карупцыю.

Наступны прынцып шведскія журналісты лічаць таксама важным — гэта свабода паведамлення. Любы чыноўнік можа парушыць палажэнне аб канфідэнцыйнасці, каб паведаміць журналісту нейкую навіну. І, што цікава, калі выходзіць артыкул, вышэйшы начальнік не можа пайсці і высвятляць са сваімі падначаленымі, хто менавіта даў інфармацыю журналісту. Як кажа Оса, за гэта яму нават могуць прызначыць штраф.

Яшчэ адзін прынцып — правілы прэс-этыкі, якія складаюцца з 18 пунктаў і маюць 5 галоўных тэм. Гэта добраахвотная сістэма самарэгуляцыі, якую прыдумалі шведскія журналісты ды імкнуцца прытрымлівацца ў сваёй працы.

Юрыстка, сябра ГА “БАЖ” Вольга Сяховіч у сваёй прэзентацыі распавяла пра сітуацыю з фрыланс-журналістыкай у Беларусі. У  беларускім заканадаўстве, на жаль, закладзена азначэнне, якое разглядае акрэдытацыю журналіста як дазвол на працу. Нягледзячы на канстытуцыйнае права грамадзяніна атрымліваць інфармацыю, дзяржаўныя органы лічаць, што яны маюць права камусьці дазволіць, а камусьці не дазволіць працаваць журналістам. Гэта супярэчыць міжнародным стандартам свабоды слова, у прыватнасці, артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога з’яўляецца і Беларусь. Згодна з каментаром Камітэта па правах чалавека да гэтага артыкула, абмежаванне на акрэдытацыю дапускаецца ў тых выпадках, калі  журналістам трэба прадаставіць прывілеяваны доступ у некаторыя месцы ці падзеі. Такія абмежаванні не павінны быць дыскрымінацыйнымі і павінны прымяняцца з улікам таго, што журналісцкія функцыі цяпер выконвае шырокае кола асобаў: фрылансеры, блогеры, грамадзянскія журналісты.

Паводле Вольгі Сяховіч, у Беларусі менавіта такі дыскрымінацыйны падыход практыкуецца пастаянна. Журналістаў падзяляюць на дзяржаўных і недзяржаўных, фрылансераў і нефрылансераў. Адсюль узнікаюць разнастайныя праблемы і пераслед журналістаў, асабліва тых, хто супрацоўнічае з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі. Прычым, спачатку не даюць акрэдытацыю, а пасля за гэта судзяць. Атрымліваецца замкнёнае кола. Напрыклад, супрацоўнік “Беларускага Радыё Рацыя” Віктар Парфёненка 11 год запар падае дакументы на акрэдытацыю, а яму штораз адмаўляюць, часам нават не тлумачаць прычыну.

Як зазначыла юрыстка, на падставе маніторынгу сітуацыі, можна дакладна сказаць, што беларускія журналісты-фрылансеры церпяць палітычна матываваны пераслед за свабоду выказвання думкі.

Наступным выступоўцам была Шэшцін Уэман Тарнэль, журналістка-фрылансерка з 20-гадовым стажам з горада Мальмё. У сваёй прамове яна закранула шляхі аб’яднання дзеля адвакатавання правоў журналістаў-фрылансераў Швецыі. Таксама выступоўца распавяла пра фрыланс-суполкі ў Шведскім саюзе журналістаў і незалежныя каворкінгі медыяфрылансераў у Швецыі.

Як зазначыла Шэшцін, журналістам-фрылансерам важна мець офісы, бо туды ідзеш на працу. І калі прыходзіш дадому, то пакідаеш ужо працу за спінай. Важна камунікаваць з іншымі фрылансерамі, адчуваць іх падтрымку. Адзінства і салідарнасць дапамагаюць змагацца за свае правы. Напрыклад, шведскія журналісты-фрылансеры стварылі сайт-гід па ганарарах, дзе кожны журналіст можа паглядзець колькі заплаціў за артыкул, рэпартаж, перадачу і г. д. той ці іншы замоўца. 

Сваім вопытам працы падзялілася шведская журналістка Муа Скімуціс, сябра Праўлення Frilans Syd. У асноўным яна піша пра культуру, ладзіць кулінарныя вандроўкі і ўдзельнічае ў кулінарных рэаліці-шоу. Але нядаўна Муа Скімуціс атрымала стыпендыю на вандроўку ў Ізраіль, Палестыну, Ліван. Яна напісала артыкулы пра тое, як культура ежы можа прадухіліць канфлікты, пра праект “Разарваць маўчанне” з удзелам ізраільскіх вайскоўцаў.

Напрыканцы свайго выступу Муа сказала, што Бліжні Усход — гэта нашмат больш, чым канфлікт. Ёй вельмі спадабаўся адзін слоган, які яна ўбачыла ў Ліване: займайцеся хумусам, а не вайной!

Заключнай часткай быў выступ беларускіх журналістаў-фрылансераў Міланы Харытонавай і Алеся Леўчука з Брэста. Яны распавядалі пра пераслед і ціск на іх з боку ўладаў за прафесійную дзейнасць. У мінулым годзе яны атрымалі найбольш штрафаў па артыкуле 22.9 КаАП.

Асноўная хваля ціску прыпала на час, калі брэсцкія журналісты рабілі матэрыялы пра мітынгі жыхароў горада супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Пратаколы на журналістаў супрацоўнікі міліцыі складалі нават падчас рэпарцёрскай працы, каб перашкодзіць ім працаваць. А позвы звычайна міліцыянты выпісвалі якраз на той час, калі ў горадзе адбываліся мітынгі.

На жаль, улады ціснуць не толькі на саміх журналістаў, але і спрабуюць уздзейнічаць на іх і праз дзяцей, знаёмых, суседзяў. Таксама журналісты распавялі яшчэ і пра тое, што ўлады даюць указанні ў арганізацыях і прадпрыемствах не размаўляць з незалежнымі журналістамі, журналістамі-фрылансерамі, бо  будуць праблемы. То бок запалохваюць людзей, каб тыя баяліся кантактаваць з журналістамі.

Выступ брэсцкіх журналістаў-фрылансераў ажывіў аўдыторыю.

Напрыканцы канферэнцыі шведскія калегі паабяцалі, што і надалей будуць падтрымліваць беларускіх журналістаў-фрылансераў, дапамагаць у іх барацьбе за права на свабоду слова. А беларускія журналісты выказалі свае пажаданні наконт таго, як яны б хацелі палепшыць сваю працу ў сферы фрыланса.

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!