2015

Праз 8 гадоў недзяржаўную газету вярнулі ў падпісныя каталогі. Ці надоўга?

25.06.2013 Крыніца: Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Сюжэт: Распаўсюд СМІ

З 1 чэрвеня 2013 года на рэгіянальную газету «Борисовские новости» зноў можна падпісацца ў аддзяленнях «Белпошты» Мінскай вобласці. Разам з тым, мясцовыя ідэолагі робяць усё магчымае, каб людзі пра гэта не даведаліся.   

Галоўны рэдактар выдання Анатоль Букас не выключае, што газета трапіла ў  падпіску дзякуючы намаганням Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб'яднаныя масмедыі», якая неаднаразова звярталася да «паштовага» кіраўніцтва з адпаведнай просьбай. Намаганні рэдакцыі не давалі плёну з мая 2005 года, калі выданне выключылі з падпіскі.

У чэрвені рэдактар распаўсюдзіў па паштовых аддзяленнях свае рэкламныя абвесткі пра аднаўленне падпіскі. Паводле першых водгукаў, яна ішла някепска.

У хуткім часе абвесткі пачалі здымаць. Па інфармацыі Анатоля Букаса, адпаведнае ўказанне зыходзіла ад начальніцы аддзела ідэалогіі Барысаўскага райвыканкама Людмілы Гарнак. Афіцыйная прычына – перавышэнне фармату А4. Рэдактар згодны дадаткова плаціць кожнаму аддзяленню належныя дадатковыя 37 500 у месяц, але рахунак ні абласная, ні раённая пошта не выстаўляюць.

«Я лічу, што ўсё гэта адгаворкі, бо ніякіх дакументаў мне ніхто не дае, – лічыць Анатоль Букас. – Вось так, адной рукой даюць, другой – забіраюць».

З раздробным продажам газеты ўсе ранейшыя праблемы застаюцца. Апошнюю марную спробу дамовіцца з «Мінаблсаюздрукам» рэдакцыя рабіла ў 2011 годзе. У асноўным выданне распаўсюджвалася праз рэдакцыйную падпіску, прыватную гандлёвую сетку (у крамах, на рынках) і пры дапамозе грамадскіх распаўсюднікаў. Камерцыйныя крамы знаходзяцца пад ціскам мясцовых уладаў.

«Я заключыў дамову з мінскай фірмай “Вікінг-сервіс”, якая займаецца распаўсюдам, – кажа сп. Букас. – Мы дамовіліся на распаўсюд “БН” у 11 крамах Жодзіна і 4 — Барысава. Дык толькі ў адной краме ў Барысаве ўзялі газету ў продаж. Праз 3 тыдні спынілі, і дырэктар скасаваў дамову – кажа, блакада ідзе па ўсіх крамах». Паводле сп-ра Букаса, ціск ідзе з ідэалагічных аддзелаў. Яны ж сочаць, каб прадпрыемствы не давалі ў газету рэкламу.

«Борисовские новости» – грамадска-палітычны штотыднёвік, які зараз выходзіць накладам у 6 тысяч асобнікаў. У 1998-1999 г.г. газета мела наклад 19 тысяч. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст “Белпошта” выключыла з падпіснога каталога на 2006 года 16 незалежных выданняў. 19 газет страцілі магчымасць прадавацца ў кіёсках “Саюздруку”. Зыскі рэдакцый і чытачоў газет, што былі выкінутыя з падпісных каталогаў, суды адмовіліся разглядаць. Да сёння праблема з распаўсюдам праз сеткі “Белпошты” і (альбо) “Саюздруку” застаецца актуальнай для больш як 10-і грамадска-палітычных недзяржаўных выданняў.