НЕ - ВАЙНЕ!
493

Правілы аказання першай дапамогі людзям, якія сутыкнуліся з гвалтам і катаваннямі

23.06.2022 Крыніца: ПЦ «Вясна» 

За гады рэпрэсій шматлікія беларусы сутыкнуліся з псіхалагічным і фізічным гвалтам, катаваннямі і жорсткім, бесчалавечым абыходжаннем. У такіх умовах важна, каб кожны чалавек разумеў, якую дапамогу сабе і блізкаму можна аказаць у першыя часы пасля траўматычнай падзеі. Гэта можа дапамагчы мінімізаваць наступствы траўмы ў будучыні і не даць развіцца посттраўматычнаму разладу. Веданне механізмаў першай дапамогі таксама дапаможа лепш разумець, як можна падтрымаць чалавека ў такі складаны для яго перыяд.

 

Якой можа быць першая дапамога?

Валанцёры, якія сустракалі людзей, што першымі выходзілі з Акрэсціна ў жніўні 2020 года, расказвалі, што спачатку людзі былі ў ступары:

«Слухаць саміх валанцёраў хочуць мала. Таму нам трэба было яшчэ зрабіць так, каб інфармацыю ад нас успрымалі. Рэзка супакоіць чалавека нельга. Са свайго боку ты можаш толькі дазволіць чалавеку «аддаць» табе свае эмоцыі — даць зразумець, што яны нармальныя і правільныя, што іх можна адчуваць і што табе вельмі шкада».

Медыцынскі дырэктар грузінскага Цэнтра псіхасацыяльнай і медыцынскай рэабілітацыі ахвяр катаванняў Зураб Беберашвілі пацвярджае, што ў першую чаргу чалавеку, які сутыкнуўся з катаваннямі, трэба стварыць атмасферу бяспекі і даверных адносінаў. Для кагосьці гэта суадносіцца з медыцынскай дапамогай, для кагосьці — з асяроддзем, сям'ёй, а для кагосьці — з юрыдычнай падтрымкай.

«Неабходна паступовая ўзаемна ўсвядомленая праца ў кірунку стварэння прыязных адносін, — кажа ён. — І першы крок, які неабходна зрабіць насустрач траўмаванаму чалавеку, — гэта прыняць яго і далучыцца да яго, дапусціць (не больш за тое!), што ён мае рацыю ў сваёй пазіцыі ў дачыненні да людзей, што яго атачаюць, якой бы яна ні была. Размаўляючы з людзьмі, якія перажылі катаванні і гвалт, мы абавязкова павінны верыць ім. Пра тое, што адбылося насамрэч, ведаюць толькі ён і ягоны кат».

Важна таксама не распытваць чалавека пра ўсе падрабязнасці таго, што здарылася, а даць яму расказваць роўна столькі, колькі ён гатовы расказваць у гэты момант.

«Не трэба ладзіць яму допыт, — кажа Зураб. — Але важна паспрабаваць стварыць бяспечную атмасферу, у якой траўмаваны чалавек можа выгаварыцца, не баючыся таго, што яго асудзяць ці няправільна зразумеюць. Прыгадванне траўматычных сітуацый не толькі дапаможа разрадзіць пачуцці, але і можа псіхалагічна загартаваць чалавека — узмацніць ягоную неўспрымальнасць да наступстваў траўмы. У той жа час трэба быць асцярожнымі і не пытацца пра падрабязнасці, якія чалавек не хоча расказваць, таму што так у яго можа здарыцца флэшбэк і рэтраўматызацыя. Калі падчас гутаркі вы заўважыце хваляванне ў мове, інтанацыі, дрыготку ў целе ці напружанне ў мышцах, лепш прапанаваць абмеркаваць гэтую тэму наступным разам».

Трэба памятаць, што кожны чалавек мае свой спосаб пераадолення траўмы, і часцяком проста не трэба замінаць яму гэта рабіць, а варта даць яму тое, што ён захоча: адасабленне, выказванне эмоцый; не трэба спрабаваць яго штучна развесяліць.

Але здараецца так, што ў перыяд вострай траўмы чалавек можа наогул не паказваць свае эмоцыі і не рэагаваць на таго, хто знаходзіцца побач з ім. Валанцёрка на Акрэсціна расказвала:

«Яшчэ мне запомніўся мужчына, які выйшаў зусім без эмоцый. Проста камень. Я яго падхапіла, хадзем, кажу, пап'ём. «Не хачу». Тады прапанавала ежы. «Не трэба». Тады прапанавала патэлефанаваць сваякам — на гэта ён пагадзіўся».

Зураб Беберашвілі тлумачыць, што нярэдка чалавек, які перажыў гвалт, як быццам «замарожвае сябе»: ягонае цела дранцвее, ён нічога не адчувае, у яго не выходзіць выказваць эмоцыі. Ён можа заявіць, што ўсё нармальна.

«Такі іх спосаб перажыць боль, гора, страх і сорам — адчужэнне ад сябе і сваіх пачуццяў, дысацыяцыя, — кажа спецыяліст. — У такі момант чалавек глядзіць на тое, што адбываецца з ім, нібы з боку».

Калі ж чалавек знаходзіцца ў шоку, найлепшым спосабам дапамагчы будзе фізічны кантакт, дотыкі — словамі тут не дапаможаш. Яго трэба «ўшчыпнуць» — прыабняць за плечы, напрыклад. Калі вы хочаце дакрануцца да «табуяваных» участкаў цела — напрыклад, рук — можна запытацца ў чалавека. На гэты конт вам лепш за ўсё падкажа сэрца непасрэдна падчас кантакту.

Калі трэба звяртацца па дапамогу да спецыялістаў?

Седзячы на Акрэсціна, Леанід казаў, што яму не было страшна:

«Мне было страшна, толькі калі мяне дзядзька душыў і я не разумеў, за што. А потым на пазітыве: усміхаліся, жартавалі — усе імкнуліся падтрымаць адзін аднаго. Ніхто там слёзы не ліў, за галаву не хапаўся. На эмоцыях не хацелася спаць. Хто больш сталы, гутарылі, рухаліся, вось моладзь больш паспаць хацела». 

Максім згадваў, што ў СІЗА некаторыя людзі не маглі апамятацца і на шостыя суткі, уздрыгвалі, калі адчыняліся дзверы ў камеры:

«Адразу ў вачах страх. Баяліся не збіцця, а неразумення сітуацыі, што будзе далей. Там псіхалагічная апрацоўка ў першыя дні проста каласальная. Усе былі настолькі запалоханыя, што былі такія размовы: “Каб я яшчэ ўвечары кудысьці ў горад выйшаў”».

Зураб Беберашвілі адзначае, што востры перыяд траўмы ў сярэднім доўжыцца ад месяца да трох.

«У гэты час у чалавека ўключаецца натуральнае аднаўленне пасля траўмы, — тлумачыць спецыяліст. — І, калі вы бачыце, што ён дае рады сам, яму проста не трэба замінаць. Посттраўматычны разлад развіваецца, толькі калі на працягу ад аднаго да трох месяцаў пасля траўмы вы не назіраеце пазітыўнай дынамікі, таму за чалавекам трэба проста назіраць — гэта можа рабіць і не спецыяліст. Калі вы заўважылі, што ў чалавека пасля траўмы зменшылася сацыяльная функцыянальнасць, ён не можа працаваць, спаць, думаць, тады яго трэба адправіць да спецыяліста. Можна ўдакладніць у чалавека, які ягоны стан».

Якія яшчэ сімптомы могуць быць прычынамі для звароту па псіхалагічную дапамогу?

  • няздольнасць даваць рады інтэнсіўным пачуццям ці цялесным адчуванням, хранічнае напружанне, замяшанне, спустошанасць;

  • адчуванне анямення і пустэчы, працяг актыўнасці толькі дзеля таго, каб не адчуваць і не ўспамінаць пра падзеі;

  • начныя кашмары і бессань;

  • адчуванне патрэбы падзяліцца пачуццямі ў адсутнасць неабходнага чалавека ці групы для гэтых мэт;

  • адчуванне, што ўзаемаадносіны ў сям'і пагоршыліся, развіццё сэксуальных праблем;

  • аварыі ці няшчасныя выпадкі, што здараюцца з чалавекам;

  • працяглая цяга да выпіўкі, курэння ці ўжывання лекаў.

Таксама некарыснымі спосабамі пераадолець наступствы траўмы могуць быць:

  • жаданне абстрагавацца і думаць пра іншае. Праз некаторы час пра траўму могуць нагадваць нават тыя сітуацыі і асацыяцыі, якія на першы погляд не злучаныя з траўматычнымі падзеямі;

  • імкненне выкарыстоўваць цела як сродак самарэгуляцыі. Гэта можа быць мускульнае напружанне ўсяго цела ці ягоных частак, сцісканне павекаў, вуснаў, зубоў, прычынены сабе боль (напрыклад, заломліванне пальцаў, кусанне вуснаў, рукі). Гэты спосаб таксама на кароткі час дазваляе пазбавіцца ад непрыемных уражанняў, але неўзабаве яны ўзнікаюць ізноў;

  • спробы дасягнуць абыякавага стану — прыняцце алкаголю, наркотыкаў, псіхатропных прэпаратаў. Калі вы заўважылі, што блізкі выкарыстоўвае гэты метад, можна растлумачыць яму, што гэта дапамагае толькі часова, але калі разаўецца алкагалізм, потым яго будзе складаней лячыць.

Зураб Беберашвілі ўпэўнены: першая дапамога людзям, якія сутыкнуліся з гвалтам і катаваннямі, заўсёды ідзе ад сэрца — а яно вас не падмане. Блізкім людзям важна зразумець, што спецыяліст ці валанцёр не заўсёды будуць поплеч з пацярпелым, таму трэба навучыцца быць побач з ім, датыкацца да чалавека, абдымаць яго, проста сядзець і казаць: «Я побач». Калі чалавек пераадольвае фазы аднаўлення паспяхова, гэтага можа аказацца досыць.

«Самае галоўнае — не трэба шкадаваць і суцяшаць чалавека, — нагадвае спецыяліст. — Лепш успрымаць іх не ахвярамі, а выжылымі — і ставіцца да іх адпаведна. Таму што ахвяра — гэта слабасць, а выжылы — гэта сіла, і чалавеку трэба заўсёды паказваць, што ён выжыў, значыць, ён валодае сілай выжыць у экстрэмальных сітуацыях. І мы сапраўды можам навучыцца гэтаму ў іх».

Парады ад Зураба Беберашвілі

Што НЕ ТРЭБА рабіць:

  • хаваць свае пачуцці. Выяўляйце вашы эмоцыі і давайце магчымасць вашым сябрам абмяркоўваць іх разам з вамі;

  • пазбягаць казаць пра тое, што здарылася. Выкарыстоўвайце кожную магчымасць перагледзець свой досвед сам-насам з сабой ці разам з іншымі. Дазвольце сабе быць часткай групы людзей, якая клапоціцца пра вас;

  • саромецца казаць, калі іншыя даюць вам гэту магчымасць;

  • чакаць, што ўспаміны сыдуць самі па сабе. Пачуцці застануцца з вамі і будуць наведваць вас на працягу доўгага часу.

Што ТРЭБА рабіць:

  • вылучыць час для сну, адпачынку, умераных фізічных нагрузак, разважанняў разам са сваёй сям'ёй і блізкімі сябрамі;

  • выказваць свае жаданні адкрыта, ясна і шчыра кажыце пра іх сям'і, сябрам і на працы;

  • паспрабуйце захоўваць звычайны распарадак вашага жыцця, наколькі гэта магчыма;

  • дазваляйце вашым дзецям казаць вам і іншым пра іх эмоцыі і выяўляць сябе ў гульнях і малюнках;

  • захоўвайце ў вашых дзяцей распарадак жыцця, вучобы і дазваляйце ім дзейнічаць паводле іх уласных уяўленняў;

  • кіруйце машынай больш асцярожна. Перасцярога: ДТЗ робяцца больш імавернымі пасля некалькіх стрэсаў.

Звярнуцца па бясплатную псіхалагічную дапамогу можна анлайн.

Чытайце яшчэ:

Как справляться с чувством вины, если ты уехал или остался, но все равно его испытываешь

Как защититься от государства в интернете?

Як правільна пачысціць свой акаўнт у Instagram, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Падрабязны гайд

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!