524 1

"А праўда, што Андрэй наш у Мінску папулярны?" Рэпартаж з Прудка

03.02.2017 Крыніца: "Еўрарадыё", Алесь Пілецкі

Журналіст "Еўрарадыё" Алесь Пілецкі з'ездзіў у вёску Прудок на Гомельшчыне, дзе жыве знакаміты на ўвесь беларускі Facebook пісьменнік Андрусь Горват.

Прудок вядомы з 1722 года, калі жонка мазырскага падстарасты, пані Пшыбожына аддала частку вёскі езуітам, пра што сведчыць архіўны запіс. Сёння ад езуітаў тут не засталося ніводнага следу, а мясцовыя шчыра здзівяцца, калі вы пра іх запытаецеся. Затое не здзівяцца, калі спытаеце пра Андруся Горвата. З дзясятка жыхароў Прудка, якіх я сустрэў, пра яго не ведаў толькі стары дзед, які рубіў дровы ля будынка пошты. Дакладней ведаў, але не таго.

***

― Добры дзень!

― Здраствуйця.

― Скажыце, а дзе тут Горват жыве? Андрусь.

― А, гэта вам нада назад прайці, там возля магазіна павярніце направа і будзе яго другі дом. Да свіданія.

― А вы яго добра ведаеце?

― Ведаю. Да свіданія.

― Ведаеце, што ён кнігу напісаў пра Прудок?

― Ведаю. Да свіданія.

― Чыталі?

― Не чытала. Да свіданія.

― Дзякуй вам.

― Усяго добрага.

***

― Добры дзень, а вы Горвата ведаеце?

― Добры. Пятра?

― Андруся.

― Пятра ведаю. Ён у калхозе работая. На трактары.

― Мне Андрусь патрэбны. Пісьменнік.

― Хто?

― Пісацель.

― Не, ён на трактары. Пётр.

― Мне Андрусь патрэбны. Андрусь Горват.

― Ідзіця ў магазін спрасіця. Яны там знаюць. Іх там дзве цяпер далжно быць. Яны скажуць.

***

― Добры дзень.

― Здраствуйця.

― Скажыце калі ласка, пошта сёння будзе працаваць?

― Сёння не будзе. Толька заўтра.

― Ясна.

― А вам срочна нада? Я сейчас пазваню ёй, ана прыдзёт.

― Не, не. Не трэба. Я хацеў пра Андруся Горвата там спытаць.

― Так у мяне спрасіця, я вам усё раскажу.

***

― А што эта вы у нас тут фатаграфіруеця?

― Прудок фатаграфую. Я журналіст.

― Так і нас тагда сфатаграфіруйця!

― Канешне, з задавальненнем.

― Ой, не нада, я некрасіва выгляжу.

***

― А вы ведаеце, што Андрусь Горват пра ваш Прудок кнігу напісаў?

― Канешна знаю.

― Чыталі ўжо?

― Не чытала. Нада пачытаць.

― Вельмі добрая кніга.

― Знаеце, всё врэмені нету. Так забегаешся за дзень. Харошая кніга, гаварыця?

― Так.

― Нада пачытаць.

***

― А вы мне пад запіс раскажаце пра Андруся?

― Канешна. Андрэй у нас інцерэсны...

― Хвілінку, я зараз уключу дыктафон.

― Падаждзіця! Я с мыслямі саберусь.

***

― Я у кнізе Андруся шмат пра вашу краму чытаў.

― Ой!

― Там напісана, што вы вельмі любіце беларускую мову.

― Так! Вот к яму прыязжае сябар. З Польшы. Так ужо гаворыць красіва. Як жа яго завуць...

― Ягор.

― Ягор! Так красіва гаворыць. Мяне вельмі заінтрыгавала яго этая мова. Не так, як мы гаворыць. Як ён заходзіць у магазін, то я яму адразу ― так, Ягор, ну ка давай, размаўляй па-беларуску. Я ў кнізе гэтай таксама пра гэта чытала. Мы хоць і самі беларусы, але мы так не размаўляем.

― Кожны па-свойму размаўляе ў сваёй мясцовасці.

― Ну, але ж вы вот тожа так па-беларуску размаўляеце як Ягор. Адкуль вы?

― З Мінска цяпер ужо.

― А ну то ясна. З Мінска то канешна.

***

― А як вам кніга? Чыталі?

― Так. Андрэй мне падарыў. Чытала.

― Што вам там найбольш спадабалася?

― Ну я так усю не чытала. Што я сама ведаю, тое чытала. Пра магазін, пра пошту пра нашу. Што вам яшчэ сказаць?

― У кнізе Прудок сапраўдны? Як ёсць?

― Ну як сказаць... Я тут не так даўно жыву. Я сама з Аўцюкоў. Ведаеце пра Аўцюкі? Усе ведаюць. Вось Насця мая скажа вам, яна тут даўно ў Прудку. Скажы, Насця, пра кніжку.

― Мне не было калі, у мяне вялізнае хазяйства.

***

― Я ў кніжцы прачытаў, што з Аўцюкоў добрыя жонкі. Ці праўда?

― З Аўцюкоў? З аўцюкоўскіх дзяўчат добрыя жонкі.

― Так, так, З аўцюкоўскіх дзяўчат.

― Эта нада у мужыкоў папытацца, мы адкуль ведаем. Але ў мяне муж з Аўцюкоў, то я па моладасці вельмі сцеснялася. Усім гаварыла, што ён з Боруска. А потым стала ганарыцца, што я аўцючка. Аўцюкі вельмі таленавітыя людзі.

***

― Ой, мой муж ідзе.

― Мне уцякаць?

― Не. Толькі дзіктафон выключыце. А то зараз матаў наверне.

***

― Раскажыце крыху пра самога Андруся. Ён праўда не п'е?

― Праўда. Не п'е.

― І пра казу праўда?

― І пра казу. Дзержыць казу, агарод абрабатывае. Лічна я яму параіла, дзе купіць. У Фабіянаўцы.

― І куры ёсць?

― Куры дзержыць. І кабачкоў насадзіў. Вельмі многа. І мне прывозіў. У багажнік налажыў у веласіпед. Я і не знала, хто гэта мне палажыў. А гэта, аказываецца, ён.

***

― Як думаеце, добра, што Андрусь тут жыве?

― Я думаю, што, можа, і добра. Еслі чалавек, панімаеце, у горадзе сам сябе не можа найці. У вёсцы... Я думаю, што добра, што ён прыехаў.

***

― Андрусь у кнізе шмат пра дзяўчат піша...

― Ой, ну не ведаю я, як тут з жонкамі. Але дзевачка прыязджае да яго.

― Так?

― Так. Прыходзілі з ёй да нас у магазін. На канікулах. Такая вясковая дзевачка вельмі. Платочак завязаны. Харошая дзевачка.

***

― А праўда, што Андрэй наш у Мінску вельмі папулярны?

― Праўда. У Мінску, у Фэйсбуку, у інтэрнэце. Сапраўдная зорка.

― Ой-ё-ёй.

***

А пазнаёміцца асабіста з таямнічым літаратарам на гэты раз не атрымалася. Хата, якую завочна ведаюць тысячы беларусаў, сустрэла цёмнымі вокнамі і маўчаннем. Не дапамог ні грукат у дзверы, ні тупат на ганку. Магчыма, гэта і добра. У космасе чалавеку лепш быць аднаму.

Каментары

ОК, мы таксама ў той жа дзень перадрукавалі, ды яшчэ паказалі саму знакамітую кніжку... belisrael.info/?p=9407