538

Прасоўваць кантэнт праз Tinder і білборды. Журналісты Беластока абмеркавалі, як дагрукацца да аўдыторыі ў Беларусі

19.05.2023 Крыніца: АК для Беларускай асацыяцыі журналістаў

Звычайныя спосабы ўзаемадзеяння СМІ з аўдыторыяй у Беларусі ўжо не працуюць. Перашкоды ўзнікаюць і з боку аўдыторыі, і з боку саміх выданняў: ад звычайнай ляноты журналіста да верагоднасці пераследу за супрацу з выданнем. Рэпарцёры беларускіх рэгіянальных выданняў, якія цяпер жывуць у Беластоку, абмеркавалі, якія шляхі да беларускай аўдыторыі магчымыя. Дыскусія «Як дагрукацца да аўдыторыі ў Беларусі журналістам у эміграцыі» ладзілася пры падтрымцы БАЖ.  

Бар’еры паміж журналістам і аўдыторыяй

«Чаму мы наогул размаўляем пра тое, што трэба дагрукацца да аўдыторыі? Раней жа было вельмі проста — яшчэ да вайны, рэвалюцыі, пандэміі: посціш спасылкі ў Facebook — і людзі ходзяць. Зараз гэта не працуе, — зазначыў Аляксей Шота, мадэратар дыскусіі і рэдактар інтэрнэт-рэсурсу Hrodna.life.

Для пачатку прысутныя журналісты паспрабавалі вызначыць, якія перашкоды існуюць, каб інфармацыя трапляла да аўдыторыі, а аўдыторыя — да выданняў. 

«Паміж намі існуе фізічны бар’ер — гэта першае. Праз яго мы не можам перайсці і паглядзець, якія слодычы прадаюцца ў краме, што адбываецца ў рэальнасці, што збудавалі, а што знеслі. Не можам пайсці і праверыць», — кажуць  відэаператар Ігар Круты і журналістка Надзея Вішнеўская.

З боку аўдыторыі прысутнічае:

•    стомленасць людзей ад навінаў, 
•    страх выказацца,
•    верагоднасць пераследу за супрацоўніцтва,
•    факусіроўка на ўласных праблемах і жыцці,
•    блакіроўка выданняў, 
•    няведанне новых медыя,
•    раздражненне і злосць на тых, хто з’ехаў і можа дазволіць сабе выказвацца,
•    выцясненне недзяржаўных медыя з інфапрасторы прапагандай, інфармацыйная вайна.

З імі цяжка працаваць, бо журналісты не ўплываюць на гэтыя фактары.

Але ёсць і перашкоды з боку журналіста:

•    лянота журналіста,
•    стомленасць ад немагчымасці паўплываць на сітуацыю ў Беларусі сваімі дзеяннямі,
•    адарванасць ад Беларусі і немагчымасць адчуць тое, што адчуваюць людзі ў краіне,
•    адсутнасць зваротнай сувязі ад беларусаў,
•    цяжкасць з пошукам героя — яны больш ахвотна пойдуць да «бяспечнага» СМІ, 
•    немагчымасць зарабляць на рэкламе,
•    самацэнзура і адказнаць за аўдыторыю,  
•    недаступнасць крыніц і немагчымасць праз гэта рабіць больш унікальнага кантэнту,
•    страх за сябе і за сваякоў у Беларусі,
•    арганізацыя ўласнага побыту, на якую сыходзіць шмат сіл. 

«Спалучыўшы аўдыторыю з прадуктамі і каналамі, можна прыйсці да класных цікавых ідэй»

«Калі мяне просяць расказаць пра працу з аўдыторыяй ў складаных умовах, я прапаную падумаць, што можам зрабіць у трох сферах. Гэта прадукт, сама аўдыторыя і каналы», — расказвае Аляксей.

Ён прапанаваў прысутным журналістам паразважаць, якія аўдыторыі яшчэ недастаткова ахопленыя айчыннымі незалежнымі медыя. У выніку спіс атрымаўся досыць вялікім. Адны называлі самотных пенсіянераў, якім цяжэй фільтраваць той вал інфармацыі, што сёння ідзе на іх як з незалежных, так і дзяржаўных СМІ. Другія прапаноўвалі звярнуць увагу на настаўнікаў і выкладчыкаў, бо менавіта яны зараз знаходзяцца паміж уладай і вучнямі ды іх бацькамі, некаторыя з іх самі ператвараюцца ў інструмент прапаганды. Трэція нагадвалі, што сярод супрацоўнікаў сілавых структур таксама засталіся ўдумлівыя людзі, якія могуць быць «прафесійнымі» спажыўцамі, то бок яны аналізуюць, пра што пішуць выданні.  

На каго яшчэ, на думку ўдзельнікаў сустрэчы, могуць арыентавацца рэпарцёры:

  • малы, сярэдні і вялікі бізнес

  • вернікі, 

  • зумеры,

  • рабочыя,

  • маладыя бацькі,

  • актывісты — ад прыродааховы да палітычных,

  • спорт — ад аматарскага да прафесійнага,

  • кіроўцы,

  • дзеці, 

  • уладальнікі хатніх жывёл,

  • ЛГБТК+,

  • людзі мастацтва і культуры — стваральнікі і спажыўцы,

  • прыхільнікі ЗЛЖ,

  • людзі з інваліднасцю і іх блізкія,

  • жыхары сельскай мясцовасці і даўншыфцеры. 

Для гэтых аўдыторый супрацоўнікі медыя прыдумвалі прадукты. Напрыклад, блог хатняй гаспадыні з рэцэптамі, канал «Як не з’ехаць з глузду — сам сабе псіхолаг», падкаст «Па слядах Багушэвіча: крымінальныя падкасты», «Модныя рэгіёны» на картках, TikTok-канал «Як быць дарослым», канал пра фэйлы ў бізнесе, серыя кароткіх адукацыйных курсаў пра Беларусь ці падкаст «Як ашчадзіць на пенсію».

А пасля ўдзельнікі дыскусіі шукалі ўмоўныя каналы, можна прасоўваць. Прапаноў гучала шмат, з нетыповых — сацсетка для аматараў піва Untapped, Tinder, чат-рулетка. Хтосьці ўзгадаў пра магчымасці QR code, білбордаў, паштовак і лістоў. Былі прапановы вярнуцца да падзабытах падчас пандэміі афлайн-івентаў, актыўней ствараць уласны мэрч, а таксама электронныя дадаткі — мабільны і дэсктопны. Нехта зусім не абмяжоўваў сваю фантазію: у ход пайшлі віражы ў небе з каляровым дымам і рэклама на клумбах.

Падчас мазгавога штурму могуць узнікаць самыя неверагодныя ідэі — але сярод шматлікіх і з першага погляду досыць нерэалістычных можа нарадзіцца арыгінальнае рашэнне, якое прыцягне да медыя новых чытачоў.

«Калі скласці аўдыторыю з прадуктамі і каналамі, то можна стварыць новую класную штуку. Спалучыўшы ўсе тры блокі, вы прыйдзеце да цікавых  ідэй», — лічыць Аляксей.

Хто будзе рабіць? І галоўнае, за колькі? 

Да фарматаў тры пытанні: колькі гэта каштуе, хто гэта будзе рабіць і з кім?  

«Канешне, трэба шукаць прафесіяналаў, спецыялістаў, якія працавалі на рынку, а не сядзелі на заробку. Фрылансераў, якія змагаюцца за тое, каб застацца ў справе. Калі ім прыходзіць прапанова аб доўгатэрміновай цікавай працы, яны будуць выкладацца больш, чым тыя, хто быў на бюджэце. Таму калі іх павыцягваць адтуль — неабавязкова з менавіта медыярынку — можна сабраць эфектыўную каманду», — упэўнены Ігар Круты

А вось яго калегі мяркуюць, што чалавек усё ж павінен быць блізкі да журналістыкі. Напрыклад, дыстрыбьютар кантэнту з рынку можа зрабіць добры пост, але можа не зразумець яго тэрміновасць. Ігар пераконвае, што такія людзі хутка навучаюцца, а ставіць канкрэтныя задачы павінен кіраўнік выдання. 

Ёсць супрацьлеглы варыянт — выхоўваць сваіх «нулявічкоў». Ён таннейшы, таму, прынамсі, у рэгіянальных выданнях часцей карыстаюцца менавіта ім. Чалавеку з рынку трэба даць доўгатэрміновую працу і добры заробак. А пры праектнай дзейнасці часта або няма праекта пад чалавека, або чалавека пад праект. Ці можна стварыць нейкі пул мантажораў, графікаў, якім будуць кіраваць журналісцкія арганізацыя, а выданні па «заяўцы» будуць іх далучаць да працы? Ігар лічыць, што гэта рэалістычна — асабліва ў час аддаленай працы.  

Пазбавіцца перадузятасці

Удзельнікі дыскусіі ўбачылі перашкоды і магчымасці. Але як пры гэтым дагрукацца да аўдыторыі? Чаго няма зараз у беларускага медыясектара?

«Мяркую, што варта пазбавіцца перадузятасці, што ўсе людзі ў Беларусі баяцца і не гатовыя размаўляць з журналістамі. Усё роўна трэба спрабаваць», — выказала сваю думку журналістка Алена.

У якасці прыкладу яна прывяла навіну пра чарговы прысуд у Беларусі, пра які раней не было вядома грамадскасці. Дзеля гэтага варта было сачыць за раскладам судоў. Пасля  мець пэўную звесткі пра сваякоў і знайсці іх у сацсетках. Адзін сваяк не быў гатовы падзяліцца інфармацыяй, а другі расказаў журналістам, што адбывалася. Калі інфармацыю такога кшталту нельга здабыць ад сваякоў, можна звярнуцца да зняволеных, якія перасякаліся з неабходнай рэпарцёрам асобай у СІЗА і выйшлі на волю. 

«Многія журналісты працуюць з думкай, што з Беларуссю працаваць немагчыма: «занадта доўга», «занадта складана», «занадта ляніва», «не вартае гэтых грошай». Ёсць шмат прычын не рабіць. Але з большага многія рэчы можна знайсці», — пагаджаецца Аляксей.  

У пацверджанне гэтай думкі рэдактар выдання MOST Руслан Кулевіч прывёў цікавую лічбу: 80% YouTube-аўдыторыі яго праекта «Мы вернемся» глядзяць відэа менавіта з Беларусі, хаця гэта і палітычны кантэнт.

«Здымаць так, каб Азаронак заўважыў»

«[Кантэнт павінен быць] такі, каб пра яго напісалі ў прапагандысцкім СМІ. Каб Азаронак сказаў: «Вот эти беглые, смотрите, что сняли», — жартуе журналіст Максім.      

Аўтары зазначылі, што адным з варыянтаў працы можа быць вірусны кантэнт і матэрыялы на заўжды папулярныя тэмы, напрыклад, сэкс. Але яны прызналі, што стаўка на іх не заўсёды спрацоўвае. 

Таксама варта «дзяліцца» аўдыторыяй з калегамі.

«Да 2020 года важна было захаваць аўдыторыю, прыцягнуць на сайт. Медыя з вялікімі цяжкасцямі ішлі на тое, каб рэкламаваць кантэнт калег. Мне падаецца, гэта няправільны падыход у сённяшніх умовах, таму што ўсе мы заадно, і такі падыход адварочвае аўдыторыю. Ад таго, што аўдыторыя даведацца пра нейкі рэсурс на іншым, яна не сыдзе, а застанецца і там, і там. Класна было б, каб медыя больш актыўна паказвалі, што можна пачытаць», — лічыць журналістка Зоя Хруцкая.  

Напрыклад, калі Hrodna.life спатрэбілася пэўная інфармацыя ад афіцыйнай крыніцы, выданне, разумеючы, што ім не адкажуць, папрасіла зрабіць запыт калег, якія легальна працуюць у Беларусі. Такім чынам інфармацыя была б і ў калег, і ў Hrodna.life, і ў чытачоў абодвух выданняў. Праўда, інстанцыя не адказала нават «легальнаму» медыя.

Таксама ў Hrodna.life быў вопыт супрацы з іншым незалежным медыя. У таго быў больш развіты «ВКонтакте», у Hrodna.life — Telegram. За кошт калабарацыі выданні змаглі ахапіць аўдыторыю ў тых сетках, якія былі менш даступныя для кожнага з іх.  

Што яшчэ варта рабіць?

Удзельнікі дыскусіі прыйшлі да такіх высноў:

  1. Пашыраць базу крыніц. Асабліва карыснымі былі б кантакты сярод чыноўнікаў і сілавікоў. «Як у лепшыя гады «Хартыі» — у іх была куча інсайдаў, бо дробныя чыноўнікі раённага ўзроўню часта ім скідвалі інфармацыю», — нагадвае Аляксей. 

  2. Апраўдваць давер чалавека і трымаць сувязь з актыўнымі крыніцамі, якія гатовыя дзяліцца інфармацыяй. 

  3. Актыўней выкарыстоўваць таргетынг — і закладваць на гэта грошы ў праекце.  

  4. «Ачалавечваць» кантэнт — больш пісаць пра людзей у Беларусі і пра тых, хто з’язджае. 

  5. Даваць больш лёгкую інфармацыю для тых, хто стаміўся ад палітыкі і рэпрэсій.

  6. Паважаць калег і не красці іх унікальны кантэнт, бо ён даецца цяжкай працай.

Чытайце яшчэ:

Заблакаваныя рахункі ва Украіне, пытанні легалізацыі — праблемы журналістаў у выгнанні ўвайшлі ў даклад ПАРЕ

Личный опыт: как оформить «гуманитарный ВНЖ» в Белостоке

Экспрэс-фактчэкінг. Як заўважыць фэйк і спыніць маніпуляцыю?

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!