785

«Праекты не пасьпявалі траціць грошы». «Имена» сабралі мільён даляраў і рыхтуюць маштабныя зьмены

07.06.2019 Крыніца: Аляксандра Дынько, Уладзь Грыдзін, "Радыё Свабода"

Як натхніць беларусаў аддаваць грошы на добрыя справы, расказваюць прадстаўніцы плятформы «Имена» Кацярына Сінюк і Кацярына Сяргеева.

Што такое «Имена» і што яны могуць?

  • «Имена» — гэта некамэрцыйная плятформа. Там артыкулы пра сацыяльныя праблемы і людзей, якім трэба дапамога. Там жа зьбіраюць грошы для праектаў, якія гэтыя праблемы вырашаюць.

  • Больш за 2 млн рублёў — столькі сабралі «Имена» на праекты і сваю працу за 3 гады. Калі ў далярах уразіць больш, то ўражвайцеся — беларусы (пераважна) сабралі на дабрачыннасьць 1 мільён даляраў.

  • Цяпер на «Имена» аформлена 3097 падпісак. Гэта 43 501 рубель, якія ідуць і на падтрымку праектаў, і на працу плятформы. Падпісвацца важна, бо так праекты і плятформа могуць працаваць стабільна.

  • На базе «Имён» створаць фонд-аксэлератар. Сярод заплянаваных праектаў — дапамога дзецям-сіротам, прафіляктыка раку шыйкі маціцы, дапамога дзецям — ахвярам пэдафілаў, забесьпячэньне доступу да мэдычных паслуг для ўразьлівых груп хворых.

З кім размаўляем:

  • Кацярына Сінюк, заснавальніца плятформы «Имена»

  • Кацярына Сяргеева, намесьніца дырэктара плятформы «Имена»

Кацярына Сяргеева (зьлева) і Кацярына Сінюк

Кацярына Сяргеева (зьлева) і Кацярына Сінюк

«Вы што, ня хочаце зрабіць жыцьцё людзей у Беларусі лепшым?»

— Як перажылі першы мільён даляраў?

Сінюк: Гэта добрая лічба, якая матывуе ісьці далей. Але самае галоўнае дасягненьне — мы атрымалі 80 тысяч пераводаў.

Вынікі відаць на канкрэтных праектах. Вось у нас ёсьць праект «Няня замест мамы». Калі мы пачыналі, у іх была адна няня, і мы хваляваліся, каб сабраць на працу дзьвюх. А цяпер няні працуюць ужо амаль ва ўсіх бальніцах Беларусі, куды трапляюць дзеці. Гэта каля 20 бальніц. І ўсё гэта за грошы, якія зьбіраюць «Имена». Гэтак і з камандай дактароў, якія працуюць з пацыентамі з бакавым аміятрафічным склерозам. Увогуле за гэты час мы працавалі з 30 праектамі.

— Ці дзяржава і чыноўнікі гэтак жа ахвотна супрацоўнічаюць з вамі, як проста донары і буйны бізнэс?

Сінюк: У сьвеце ёсьць дзьве мадэлі, якія працуюць у сацыяльнай сфэры. У ЗША дзяржава перадала частку паўнамоцтваў грамадзкаму сэктару — вы вырашайце праблемы хворых на анкалёгію, фінансуйце больніцы. Дзеля гэтага ёсьць ільготы, ёсьць урадавыя гранты. А ёсьць іншая мадэль — нідэрляндзкая. Там дзяржава дае магчымасьці фондам знайсьці найлепшыя вырашэньні, давесьці, што гэта працуе, і найлепшыя праекты ўключаюцца ў дзяржпраграмы і атрымліваюць фінансаваньне зь дзяржбюджэту.​

У Беларусі ані тая, ані другая сыстэмы не працуюць

Кацярына Сяргеева (зьлева) і Кацярына Сінюк

Кацярына Сяргеева (зьлева) і Кацярына Сінюк

Сяргеева: Вось у нас ёсьць праект «Настаўніцтва для падлеткаў-сірот» (арганізацыя «Ніці сяброўства». — РС). У нас краіна актыўна пазбаўляецца ад інтэрнатных установаў, бо там дзеці псыхалягічна нявечацца, выходзяць не сацыялізаваныя. Ад 80% інтэрнатаў пазбавіліся. Але 20% засталіся. Гэта дзеці ў зоне рызыкі. Толькі 16% зь іх атрымліваюць вышэйшую адукацыю. У іх псыхалягічныя праблемы. Шмат хто зь іх робіцца бяздомным, мае праблемы з працаўладкаваньнем.

Сінюк: «Ніці сяброўства» — адзіны праект, які так працуе зь сіротамі. Мы паўтара года зьбіралі грошы, каб аплачваць каардынатараў і працу праекту. І раптам ім закрываюць доступ у інтэрнаты. Прычыны былі незразумелыя. А там проста «перапільнавалі»: праваахоўнікі паведамілі пра гвалт у 7-м інтэрнаце, а доступ закрылі ўсім.

Можна было б абрубіць праект, сказаць, што чыноўнікі такія-сякія. Але трэба працаваць з гэтай устаноўкай «перапільнаваньня». Мы дапамагалі праекту размаўляць з чыноўнікамі, пераконваць.

Сяргеева: У выніку яны зацьвердзілі праграму навучаньня настаўнікаў у нацыянальным цэнтры адукацыі. Цяпер гэта афіцыйная праграма, па якой можна працаваць зь дзецьмі ва ўсіх інтэрнатах.

Сінюк: Чыноўнікаў заўжды можна пераканаць, калі ня проста размахваць рукамі. Такіх, якія зусім ня хочуць ісьці насустрач, я не сустракала. Заўжды ёсьць жалезны аргумэнт: «Вы што, ня хочаце зрабіць жыцьцё людзей у Беларусі лепшым? А мы ведаем як, давайце абмяркуем».

Кацярына Сінюк за працай

Кацярына Сінюк за працай

«Харчаваньне дзяцей у інтэрнатах — праблема ўсіх, а не адной Каці і не адных „Имён“»

— У «Имён» быў шакуючы рэпартаж пра тое, як дзеці галадуюць без парэнтэральнага харчаваньня ў інтэрнатах. І я ня раз чула ад прадстаўнікоў НДА, што ён быў «безадказны» і пасьля яны страцілі доступ у такія ўстановы. Як вы самі вынікі гэтай гісторыі ацэньваеце?

Сінюк: Гэта якраз пачатак працы «Имён», калі нашыя рэсурсы былі ў асноўным мэдыйныя. Я пыталася ў сябе, што зрабіць для вырашэньня гэтай праблемы, ня маючы рэсурсаў. Канечне, зьвярнуць увагу грамадзтва, чыноўнікаў, дзяржавы, бо харчаваньне — гэта асноўнае. Яно павінна быць, і кропка.

У матэрыяле была канкрэтная фраза пра тое, што харчаваньне трэба цяпер і можна зрабіць грашовы перавод, але — СМІ, грамадзтва, чыноўнікі, давайце думаць, як вырашаць праблему сыстэмна. Я разьлічвала, што НДА падключацца, будуць камунікаваць з чыноўнікамі, зьявіцца праект. Ніхто да нас так і не прыйшоў.

У выніку мэта дамагчыся харчаваньня была дасягнутая. Як мэдыя мы зрабілі нават больш — дадалі магчымасьць збору рэсурсаў. Далей тры міністэрствы прынялі міжведамасны плян, тры міністры адказныя за яго. Я калі пісала працяг артыкула, у канцы адмыслова напісала: «Вось, прынялі плян, пішыце, даведвайцеся, як справы ў інтэрнаце». Бо сутнасьць гэтага пляну была — забясьпечыць харчаваньне дзяцей. Гісторыя стала ўжо вядомая — і гэта ўжо праблема ўсіх, а не адной Каці і не адных «Имён».

І я дагэтуль зьдзіўляюся, калі ў мяне пытаюцца: «А што там далей?» Але я ня мушу штодня сама замест кіраўніцтва інтэрнату, трох міністраў і НДА адсочваць і адладжваць працу ў інтэрнатах. Я ведаю, што да нас ніхто не прыйшоў і няма аніякага праекту, які б дамагаўся грамадзкага назіраньня і маніторынгу таго, што там адбываецца.

— ОК, у вас працоўная мадэль: напісалі круты артыкул, сабралі грошы, дапамаглі праектам. Але вы зьбіраецеся нешта мяняць?«Сабраць грошы — увогуле не праблема»

Сінюк: Грошай у праекты пачало ісьці больш, чым праект пасьпяваў іх рэалізоўваць, — так мы зразумелі, што трэба мяняцца.

Год таму я думала: усё нармальна працуе. Але стала зразумела, што праекты, якія хочацца падтрымліваць, хутка скончацца. Усе сродкі ўжо вылучылі, поле дасьледавалі. Можна бясконца іх падтрымліваць, але новых праектаў ня зьявіцца.

І зрабіла такую выснову: проста зьбіраць грошы — недастаткова.

Сяргеева: Бізнэс цяпер шукае, куды можна ўкласьці грошы, але ня проста ў дабрачыннасьць, а з мэтай паўплываць. Ёсьць такі панятак — імпакт-інвэставаньне, які цяпер пачынае прыходзіць у Беларусь.

Ужо цяпер у Беларусі шмат бізнэсаў, якія маюць міжнародны капітал. Для іх важная ня толькі фінансавая адказнасьць, але і сацыяльная справаздачнасьць, нефінансавая, як гэта называецца.

Кацярына Сяргеева

Кацярына Сяргеева

Сінюк: І людзі, і кампаніі ў Беларусі вельмі хочуць дапамагаць добрым праектам і ўплываць на зьмены. Але часта ня ведаюць як. І каб такую магчымасьць ім даць, трэба інфраструктура, якая будзе ня толькі запускаць, але і гадаваць праекты. Сёньня ёсьць конкурс сацыяльнага прадпрымальніцтва Social Weekend, які дапамагае праектам на стадыі запуску. Ёсьць Ulej і «Талака», дзе зьбіраюць грошы на лякальныя праекты. Ёсьць «Имена», якія пасьпяхова запускалі і падтрымлівалі праекты.

Але вынік працы ўсіх гэтых пляцовак пакуль адзін: 90% адзінкавых пэрспэктыўных праектаў усё адно застываюць на месцы ці апынаюцца на мяжы разьвіцьця. І гэта адбываецца з адных і тых жа прычынаў: альбо сканчаюцца грошы, альбо няма прафэсійнай каманды. Альбо ёсьць невялікая каманда энтузіястаў, але ёй не хапае ведаў, як кіраваць праектам, які расьце.

Мы зразумелі: каб праекты пасьля 1–3 пасьпяховых збораў на краўдфандынгу не затухалі, толькі запускаць — недастаткова. Лідэраў і мэнэджэраў у сацыяльнай сфэры трэба гадаваць. І трэба ўсім аб’яднаць намаганьні, каб рабіць праекты поўнага цыклю, як гэта адбываецца ў бізнэсе. Таму вырашылі рабіць фонд-аксэлератар.

Ён запускае праект, гадуе яго, дапамагае яму разьвівацца і адпускае ў пэўны момант. І мы так хочам — гадаваць і вучыць, як рабіць сацыяльныя праекты.

Сяргеева: І адпускаць у момант дасягненьня пэўнай устойлівасьці, канечне. Мы плянуем, што па-добраму гэта 5 гадоў.

Сінюк: У нашую каманду прыходзяць людзі зь міжнародным досьведам, і гэта сьведчыць, што такі фонд трэба рабіць. Увосень да нас далучылася ў якасьці будучага сузаснавальніка фонду Паліна Кавальчук. Раней яна была дырэктарам пасьпяховых ІТ-праектаў MAPS.ME и AIMATTER. Узімку прыйшла Каця Сяргеева (будучая дырэктара фонду-аксэлератара) і Каця Шарай — яны абедзьве працавалі ў ААН і рабілі вялікія краінавыя сацыяльныя праекты. Як мэнтары нам дапамагаюць Мікалай Шэстак, намесьнік дырэктара фонду прамых інвэстыцый «Зубар капітал», і Віталь Валянюк, дырэктар парталу «Про бизнес». Мы адкрытыя цяпер да новых людзей з новым досьведам, новых ідэй, якія дазволяць зрабіць фонд-аксэлератар эфэктыўным.

«У пэўны момант я перастала чытаць «Имена»

— Што будзе з журналісцкай часткай «Имён»? Мы будзем далей мець рэсурс з кранальнымі гісторыямі, ці вы ад гэтага адмовіцеся?

Сінюк: Я ў нейкі момант стала займацца фондам і перастала чытаць «Имена». У пэўны момант пачалі выходзіць гісторыі проста пра тое, што камусьці кепска.

Калі шчыра, ва ўзроўні нашых журналістаў я расчараваная. Усё ж ім трэба быць больш адкрытымі, каб вучыцца новаму. Бо проста распавесьці асобную гісторыю — гэта не журналістыка.

Я зразумела, што так мы як мэдыя ня вырасьцем, і было жаданьне ўсё гэта прыпыніць ці ўвогуле зачыніць.

Але пасьля стала зразумела, што бяз мэдыя мы ня зможам рабіць тое, што ў «Имён» лепш за ўсё атрымліваецца. Без журналістаў людзі ня будуць даведвацца пра праблемы, ня будуць уключацца ў іх вырашэньне.

Журналістыка плюс краўдфандынг — гэта працоўная мадэль, яна клясная. Яе трэба разьвіваць, і мы хочам гэта рабіць.

Мы паклікалі ў каманду Юлію Ваўчок, мэдыямэнэджэра, якая будзе набіраць і навучаць каманду, прыцягваць мэнтараў. Бо журналістыку я вельмі люблю, а ў кантэксьце «Имён», калі можна дапамагаць праектам, люблю яшчэ больш. Але журналістаў таксама трэба гадаваць, бо журфак гэтага ня робіць. Трэба аб’ядноўвацца дасьведчаным журналістам і рэдактарам і вучыць маладых рабіць мэдыйны прадукт.

— Зь якімі праектамі Фонд найперш пачне працаваць?

Сяргеева: Галоўнае — гэта доступ да якасных мэдычных паслугаў для самых уразьлівых груп. Гэта тыя людзі, для якіх аб’ектыўна няма грошай у дзяржбюджэтах любых краін — у каго рэдкія захворваньні, хто на паліятыўным доглядзе (як і ў тым інтэрнаце, для якога «Имена» зьбіралі на харчаваньне), у тэрмінальных стадыях сваіх захворваньняў. На іх зьбіраюць грошы праз дабрачыннасьць.

Сінюк: Мы ўжо казалі пра сіроцтва. Цяпер дзяржава выдаткоўвае 85 мільёнаў на ўтрыманьне дзяцей у інтэрнатах, і яшчэ столькі ж на капітальныя выдаткі — жытло, адукацыю, мэдыцыну. Вялізныя грошы выдаткоўваюцца на падарункі гэтым дзецям. А ў выніку многія зь іх робяцца злачынцамі і бяздомнымі. Дык давайце выдаткоўваць гэтыя грошы эфэктыўна — разьвіваць сямейныя формы ўладкаваньня і падтрымліваць тых, хто ўжо выйшаў, каб яны ня трапілі ў турму і ня страцілі жытло.

Другая праблема — пэдафілы. Праваахоўнікі робяць сваю працу — выяўляюць злачынства. Але дзеці атрымліваюць траўму — спачатку ад злачынцы, пасьля іх цягаюць па допытах, робяць вочныя стаўкі. Гэта кашмар! Да суду гэтыя траўмаваныя дзеці проста не даходзяць. І злачынцы застаюцца на волі. Атрымліваецца, што мы і далей будзем чытаць гэтыя навіны.

Сяргеева: Мы ўжо сустракаліся з МУС, зь міжнароднай арганізацыяй па міграцыі, з UNICEF. Будзем сумесна рабіць праект па супрацьдзеяньні гэтаму. Усіх дэталяў пакуль ня будзем раскрываць.

Сінюк: Трэцяя праблема нікога не абмінула. Гэта анкалёгія. І ёсьць такія віды анкалёгіі, на якія можна паўплываць. Напрыклад, рак шыйкі маціцы ў сьвеце навучыліся цалкам папярэджваць. Бо ён выклікаецца вірусам папілёмы чалавека.

«Имена» за працай

«Имена» за працай

«Каб не падтрымка звычайных людзей, нас бы не было»

— За час працы ў «Именах» што вы новага даведаліся пра людзей?

Сяргеева: Людзі хочуць дапамагаць, ім трэба даць мэту. Каб яны ведалі, наколькі важны іхны ўнёсак.

Сінюк: Мы нядаўна згадвалі, што на старце «Имён» многія людзі ня верылі, што гэтая мадэль будзе працаваць. Менавіта людзі натхнілі мяне на тое, каб зразумець, якія добрыя людзі ў нас жывуць. Іх трэба аб’яднаць вакол зразумелай вялікай мары.

Каб зрабіць Фонд-аксэлератар, нам патрэбная падтрымка людзей. Мы зьбіраем грошы на працу ў 2019 годзе. І на першыя паўгода ўжо маем.

Цяпер мы рыхтуемся да новага этапу збору. Калі раней мы назапашвалі рэсурсы на 3 месяцы наперад, то цяпер, каб Фонд пачаў працаваць, мы хочам сабраць грошай на год наперад. Аформіць падпіску на «Имена» можна па гэтай спасылцы.